«Равем на Мінскім моры». Айцішнікі пра тое, што дапамагала вывозіць 2022
Спыталіся ў чытачоў, што дапамагло ім перажыць год, які мінае. Камусьці — шпацыры і спорт, камусьці — тэрапія, а камусьці трэба было раз на месяц праравецца на беразе Мінскага мора.
Бярыце парады на ўзбраенне і дадавайце свае ў каментарах.
Красфіт, самаразвіццё, падтрымка сям'і і эмоцыі
Падзялюся тым, што мне дапамагло «вывезці» 2022:
- Красфіт 2 разы на тыдзень. Я займаюся як аматар і лічу, што гэта выдатны від спорту, які напаўняе адрэналінам, эндарфінамі — і за гадзіну так ветрыць галаву, што пры канцы трэніроўкі адчуваю сябе «свежапавымываным».
- Самаразвіццё. Я паспеў папрацаваць у Wargaming і Playrix, і ў першай палове года на хвалі закрыцця кампаній і звальненняў зразумеў, што прывязвацца да працы можа быць фатальна. Лепей укладаць у сябе і быць гатовым да трансфармацыі, ніж упірацца ў адную і тую ж пасаду, а таксама ў адное і тое ж месца.
- Падтрымка сям'і. Свая сям’я плюс круг родных — вось сапраўдная канстанта ў гэтым дзікім і зменлівым свеце.
- Дазволіць сабе адчуваць розны круг эмоцый — ад радасці да жаху. Заставацца жывым, іншымі словамі.
Шпацыры/прабежкі і праграма для пошуку івэнтаў
— Пасля пераезду ў Варшаву я змагаўся са стрэсам шпацырамі і прабежкамі. Я пачынаў бегаць яшчэ ў Мінску, таму тут проста вярнуўся да трэніровак. 7-10 км два-тры разы на тыдзень. А вось шпацыры — гэта проста нешта новае. Калі ў горадзе амаль нікога не знаў, а спраў асабліва ніякіх не было, шпацыраваў 2-3 гадзіны ўвечары, слухаючы розныя падкасты або лекцыі.
Я вельмі выразна адчуваў, як мне гэта дапамагае (улічваючы навінны фон) і як стан пагаршаецца, калі я прыпыняю шпацыры.
Але галоўная знаходка восені — гэта праграма Locals. Там можна знаходзіць усякія цікавыя івэнты, а на іх, бонусам, яшчэ і з людзьмі знаёміцца (а для рэлаканта гэта праблема — кола знаёмых абмяжоўваецца калегамі ў офісе).
Locals толькі нядаўна запусціліся. Аўдыторыя ў Польшчы ўсяго некалькі тысяч чалавек і 95% з іх — каляайці. Прычым мінімум 2/3 яшчэ і рускамоўныя.
Я ўжо наведаў нямала дзей: паўдзельнічаў у хакатоне, знайшоў клуб гульні ў мафію, пару разоў хадзіў гуляць у іншыя настолкі, выбіраўся з кампаніяй на скаладром і на коўзанку, наведаў пару майстар-класаў у акцёрскім майстэрстве, знайшоў кампанію на Новы год.
На івэнтах я знаёмлюся з вялікай колькасцю людзей. Паколькі кам’юніці пакуль невялікае, на розных івэнтах часам бачыш адных і тых жа людзей. А потым праз нейкі час ужо і без івэнтаў з імі ў бар на піва ідзеш.
Чытанне, лічбавы дэтокс, спорт і фокус на мэтах
Вось што дапамагло мне перажыць гэты год:
- Чытанне. Ад гэтага расслабляецца мозг — быццам кэш пачысціў. Ранкам — 2 гадзіны тэхлітаратура (цяпер SQL, раней — проста англійская), а вечарам — мастацкая або самаразвіццё, калі ёсць сілы. Ад 30 хвілін да гадзіны. Нядаўна я скончыў «Тонкае мастацтва пафігізму» Марка Мэнсана.
Я юзаю хак для чытання — вельмі карысны: калі чытаю любую кнігу, акрамя мастацкай, заводжу ноты і важны кантэнт дадаю туды. Затым пасля чытання рэдагую ноты і захоўваю ў PDF, перачытваю асноўныя тэзісы — і запампоўваю ў воблака. Час ад часу я перачытваю кнігу па тэзісах. Пачаў так рабіць ад восені 2020 года — і цяпер у мяне каля 30 кніг.
- Спорт. У мяне штодня кардыя-сілавая нагрузка па гадзіне, ранішняя зарадка і халодны душ.
- Фокус на мэтах — самае банальнае, але адное з найважнейшых: ставіш мэты, разбіваеш на чэкпойнты, па чэкпойнце прапрацоўваеш план. Я так да асэсмента на сеньёра дайшоў і рэлакейтнуўся з Беларусі — усё за адзін год.
Чытаць і запісваць на відэа беларускія вершы і казкі
— Так атрымалася, што некалькі месяцаў у 2022 годзе я жыў не са сваёй сям’ёй — і, вядома, надта сумаваў за імі, а яны за мной. Вяртацца ў Беларусь было небяспечна. Я запісаўся на тэрапію. Разам з псіхолагам мы прыдумалі практыку: калі сумна — чытаць беларускія вершы.
Потым я стаў запісваць на відэа яшчэ і казкі, усё адсылаў дзецям — ім было даспадобы. Таксама паказваў некаторым сябрам, гэта дапамагло ім лягчэй прайсці такi ж няпросты этап у жыцці — пачатак вайны, ад’езд, згубленыя сувязі i прагу вярнуцца дадому.
Цяпер сям’я са мной. Мы разам чытаем казкі, а дзеці (7 і 4 гады) запісваюць вершы для сваiх бабуль і адначасова вывучаюць родную мову.
Тэрапія, спорт, графікі для ўсяго на свеце і блізкія
Перажыць 2022 мне дапамагла тэрапія з псіхолагам, шмат спорту і складанне руцінных графікаў для ўсяго на свеце — працы, трэніровак і іншага, — бо гэта ўносіла элемент пэўнасці ў маё жыццё. І, вядома, вельмі дапамагалі блізкія.
- У тэрапіі я ад восені мінулага года, таму ўжо ведала, што мне гэта дапаможа. Мой графік заняткаў — 1 раз на 7-10 дзён, без пропускаў, бо яны дрэнна адбіваюцца на маім стане.
- Са спорту я аддаю перавагу трэнажорнай зале, ёзе і тайскаму боксу. Адзінаборствы дапамагаюць больш за ўсё, бо гэта каласальны скід негатыўнай энергіі. Але наогул любая рухальная актыўнасць у плюс.
- Графікі я малявала на дошцы дома, у папяровых планерах, у праграме Microsoft to Do, а яшчэ рабіла сабе борды ў Whimsical.
- Я жыву разам з маладым чалавекам, і мы былі адно для аднаго падтрымкай. Плюс сябры — з імі зносіны анлайн, бо амаль усе ўжо ў розных краінах. Сям’я — бацькі і родныя — на жаль, падзяліліся праз свае палітычныя погляды, таму ў зносінах з імі мы не падымаем гэтай тэмы.
Снаўборд, антыдэпрэсанты і новыя адносіны
Перажыць 2022-ы мне дапамаглі антыдэпрэсанты, снаўборд і новыя адносіны. На нармальны схіл я ўпершыню выйшаў сёлета ў студзені, дагэтуль пару разоў быў на навучальным. Ездзіў у «Сілічы» два разы на тыдзень на 3-4 гадзіны, затым у лютым з сябрамі сарваўся на тыдзень у Грузію — у Гудауры. Цяпер езджу радзей, але сезон ужо адкрыў.
У чым перавага перад заняткамі ў зале: снаўборд прымушае цябе ў думках канцэнтравацца на працэсе, трымаць раўнавагу і нешта адпрацоўваць — і так цалкам пазбаўляе ад дакучлівых дэпрэсіўных думак.
А ў трэнажорцы ты механічна робіш адное і тое ж, але ў думках застаешся ўсё там жа.
На антыдэпрэсантах я быў ад снежня мінулага года да сакавіка. Дзякуючы снаўборду трох месяцаў прымання хапіла — я параўнальна хутка выйшаў з дэпрэсіі. Але ў красавіку–маі Upwork спыніў супрацоўніцтва з Беларуссю, — і я не раз задумваўся пра тое, каб зноў вярнуцца да прымання медыкаментаў, нягледзячы на пабочныя эфекты. На шчасце, выйсце знайшлося: у красавіку я зноў з’ездзіў у Грузію і даслаў Upwork паперы пра рэлакацыю. Затым вярнуўся ў Мінск, цяпер карыстаюся сэрвісам праз VPN — ужо амаль 20 гадоў там, прызвычаіўся, кідаць не хочацца, дый профіль прапампаваны.
Псіхолаг, вандроўкі, паходы па гарах і праравецца на Мінскім моры
— Вось схема, што дапамагала мне даваць рады 2022:
- Псіхолаг раз на тыдзень. Калі асаблівых запытаў не было, мы дамаўляліся рабіць перапынкі — як камфортна, карацей.
- Паездкі за мяжу, але без «турызму», ты проста чыліг у ложку з цік-токам або серыялам, ясі, што хочаш, ані з кім не размаўляеш і не думаеш ні пра што. Пасля такой «разрадкі» ты ў спакойным рытме даследуеш славутасці або сыходзіш у горы.
- Пешыя паходы па горах.
- Два-тры разы на тыдзень зарадка на 30-40 хвілін з упорам на спіну.
- Абрад вызвалення, які склаўся ў нас з сяброўкай: раз на месяц мы выязджаем увечары за горад да Мінскага мора — туды, дзе ціха і бязлюдна — і расказваем адно аднаму пра свае перажыванні і страхі, выплюхваем негатыў. А яшчэ выходзім на вуліцу і равем на ўсё горла. Вельмі дапамагае.
Рэдакцыі патрэбная вашая дапамога проста цяпер.
Нам можна дапамагчы праз Patreon. Выберыце штомесячны ўзровень падтрымкі: 10, 20, 30, 100 ці 500 долараў — або ўнясіце любую суму.
А яшчэ мы прымаем крыптавалюту.
Bitcoin bc1qae22u3sg8es6j22pg4mmyrdvvym0vxjyesxhhw
Etherium 0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Tether USD (USDT) on ETH Network 0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Zcash t1R5UM9VMR1hJvJqTJ9w5bAmHxrDLJ9Nxmh
Дзякуй, што вы з намi.
Читать на dev.by