Wargaming запусціў новы праект у падтрымку Украіны
Wargaming анансаваў новы дабрачынны праект у дапамогу Украіне і заклікаў гульцоў далучацца.
«Байцы, гэтая навіна вельмі важная для нас як для кампаніі і каманды аднадумцаў. Мы ў Wargaming любім гульні пра ваенную тэхніку, але ненавідзім саму вайну. Гэтая тэма для нас асабліва адчувальная, паколькі ў Кіеве ў нас ёсць цэлая студыя, і яе супрацоўнікі працягваюць працаваць над навінамі і падзеямі для World Of Tanks, нягледзячы на ўвесь жах, які штодня перажывае іх краіна», — напісала геймдэў-кампанія з беларускімі каранямі.
Апошнія паўтара года Wargaming робіць ахвяраванні ў падтрымку ўкраінцаў. Кампанія накіравала $1 млн на медыцынскую дапамогу і абсталяванне ў першы тыдзень вайны, а таксама перадала $100 тысяч на дапамогу пацярпелым ад разбурэння Кахоўскай ГЭС. Сотні супрацоўнікаў Wargaming робяць ахвяраванні з уласнай ініцыятывы: унутры кампаніі ўдалося сабраць €200 тысяч на закупку машын хуткай дапамогі для ўкраінскіх медыкаў.
«А цяпер вы можаце падтрымаць тых, каго закранула вайна, разам з намі. Для гэтага мы запускаем WargamingUnited — наш найбуйнейшы дабрачынны праект», — абвясціла кампанія.
Гэта глабальная ініцыятыва, у якой могуць паўдзельнічаць гульцы World Of Tanks на ПК, World of Tanks Blitz, World Of Tanks: Modern Armor, World of Warships, World of Warships: Legends і World of Warplanes. У кожнай з гэтых гульняў будуць даступныя для куплі спецыяльныя наборы, прысвечаныя Украіне. Яны будуць утрымліваць элементы вонкавага выгляду, створаныя мастакамі з кіеўскай студыі Wargaming. Наборы будуць у продажы ад 18 кастрычніка да 1 лістапада 2023 года. Геймеры змогуць не толькі выказаць сваю падтрымку Украіне, але і атрымаць каштоўную гульнявую маёмасць.
Атрыманыя ад продажу набораў WargamingUnited грошы Wargaming ахвяруе фонду United24 на мэты медыцынскай дапамогі.
Читать на dev.by