У адпачынак ці дзеля інвестараў? Чаму Добкін сыходзіць
На мінулым тыдні EPAM абвясціў, што Аркадзь Добкін з 1 верасня пакідае пасаду прэзідэнта і гендырэктара і пераходзіць на пазіцыю выканаўчага старшыні рады дырэктараў (Executive Chairman). Яго месца зойме Балаж Фейеш.
Што значыць гэтая ракіроўка? Паступовы адыход заснавальніка і нязменнага кіраўніка EPAM ад справаў? У наступным месяцы Аркадзю Добкіну спаўняецца 65 гадоў. Ці, як мяркуюць некаторыя медыя, гэта фармальная перастаноўка дзеля задавальнення мажарытарных акцыянераў, занепакоеных падзеннем акцый EPAM? А можа, нешта зусім іншае? Мы спыталі СЕО буйных і не вельмі буйных ІТ-кампаній.
Некалькі чалавек адмовіліся каментаваць, спасылаючыся на адсутнасць разумення. Маўляў, прычыны могуць быць настолькі рознымі, што растлумачыць іх можа толькі чалавек, добра знаёмы з Добкіным.
Версія першая. Звычайны сцэнар: няхай руляць маладыя
Сузаснавальнікі Playsence і Placy, экс-кіраўнік The Agency of Wargaming Сяргей Восіпаў лічыць, што змена кіраўніцтва ў EPAM — гэта звычайны сцэнар і ў жыцці шараговых супрацоўнікаў кампаніі нічога не зменіцца.
— Кар’ера фаўндара звычайна і ідзе па такім сцэнары: CEO — старшыня рады дырэктараў — продаж бізнесу ці «выхад на пенсію», — кажа ён. — У нейкі момант фаўндар разумее, што час пераключыцца на стратэгічнае кіраванне, бо з аперацыйкай малады кіраўнік справіцца лепш.
Аркадзь Добкін не выглядае на «пенсіянера». Магчыма, ён проста захацеў вызваліць час для нейкага новага пачынання. Усё ж CEO працуе пяць дзён на тыдзень, а старшыня — раз на квартал падчас пасяджэння рады дырэктараў. Ну, фармальна.
Што робіць старшыня? Як і астатнія члены рады дырэктараў, ён звычайна галасуе па пытаннях кшталту прызначэння CEO, зацвярджэння гадавога бюджэту, узгаднення бонусаў і апцыёнаў менеджменту і г. д. Але рашэнні ён не прымае аднаасобна, а менавіта галасуе разам з іншымі членамі рады дырэктараў.
Версію пра вымушаную адстаўку Добкіна пад ціскам мажарытарных акцыянераў Восіпаў назваў не больш як фантазіяй.
— Гэта проста кадравая ракіроўка. Не варта шукаць нейкія схаваныя сэнсы, — мяркуе ён. — Калі б Аркадзя «змясцілі», то дакладна не на пасаду старшыні рады дырэктараў.
Ён таксама мяркуе, што Добкін «напэўна выбраў пераемніка, які яму падыходзіць», а значыць, ніякіх радыкальных зменаў у кампаніі з-за гэтай перастаноўкі не будзе.
Падобную думку выказаў і СЕО буйной сэрвіснай кампаніі. Ён заклікаў не шукаць у гэтай падзеі сенсацый.
— У вялікіх кампаніях пераход кіраўніка з CEO на пасаду Chairman — звычайная справа. Натуральны працэс, можна знайсці шмат прыкладаў. Проста ўзрост, усе там будзем, і лепей, калі руляць маладыя.
Пенсія? Можна і так інтэрпрэтаваць, але на пенсію можна пайсці ў любы момант з любой пасады, для гэтага не трэба нічога ператасоўваць. Пакуль Аркадзь нікуды не сыходзіць і, падобна, не збіраецца. Проста EPAM пераразмяркоўвае абавязкі.
Версія другая. Допінг для акцый
Тым часам існуе меркаванне, што ўзрост заснавальніка тут ні пры чым. Змена генеральнага дырэктара — гэта сігнал інвестарам, што кампанія мадэрнізуецца, укараняе эфектыўнае, маладое кіраўніцтва і падзяляе паўнамоцтвы.
Такі крок нібыта быў неабходны на фоне зацяжнога падзення кошту акцый EPAM.
— Звярніце ўвагу: у дзень выхаду прэс-рэлізу і задоўга да фактычнай змены роляў акцыі падскочылі больш чым на 10% — інвестары купляюць «будучыню», — выказаўся адзін са спікераў.
На самай справе, за апошнія пяць дзён акцыі падаражэлі амаль на 20%.
Што значыць Executive
Што да функцый Аркадзя Добкіна на новай пазіцыі — Executive Chairman, меркаванні спікераў разышліся. Хтосьці лічыць, што дадатковае слова executive не надае старшыні рады дырэктараў паўнамоцтваў CEO і не нясе асаблівага сэнсу. Гэта проста сінонім слоў «старэйшы», «топ». Хтосьці наўпрост прызнаецца, што не ведае розніцы паміж Chairman і Executive Chairman. Іншыя кажуць, што для разумення розніцы трэба быць знаёмым са статутнымі дакументамі EPAM.
Кіраўнік яшчэ адной буйной сэрвіснай кампаніі сумняецца, што можна сумяшчаць ролі Chairman of the Board/President і CEO.
— Відавочна, што роля CEO прадугледжвае, апроч камунікацыі з радай дырэктараў, штодзённае аператыўнае кіраванне кампаніяй, камунікацыю з менеджарамі і кліентамі, — кажа ён. — Роля Chairman of the Board (і блізкая да яе роля President of the Company) прадугледжвае вызначэнне стратэгіі развіцця кампаніі на падставе бачання інвестараў і давядзенне гэтай стратэгіі да CEO з наступным кантролем.
Сумяшчэнне роляў CEO і Chairman of the Board/President даволі складанае: у некаторых сітуацыях гэта можа прывесці да канфлікту інтарэсаў такога менеджара. Частая практыка, калі для рэалізацыі бачання інвестараў Chairman of the Board вымушаны выпрацоўваць стратэгію, цяжкую для выканання на ўзроўні CEO. Менеджару, які сумяшчае абедзве ролі, часам даводзіцца ахвяраваць або стратэгіяй, або яе выкананнем.
Сумяшчэнне такіх пасадаў мае пэўную аналогію ў дзяржаўным апараце: гэта падобна да сумяшчэння пазіцыі ў Парламенце і Савеце міністраў адным чалавекам. Нягледзячы на тое, што ў некаторых дзяржавах гэта дапускаецца, мне здаецца, што гэта супярэчыць прынцыпу падзелу ўладаў і перашкаджае развіццю дзяржавы. EPAM — амерыканская кампанія, таму цалкам лагічна, што яна вырашыла прытрымлівацца амерыканскіх падыходаў, дзе міністр не можа быць кангрэсменам.
Калі меркаваць, што запланаваная пасада Аркадзя з восені 2025 года (Executive Chairman of the Board) ўсё ж такі блізкая да ролі Chairman of the Board, я лічу, што такая змена будзе карыснай для кампаніі: кожны Executive засяродзіцца на сваёй ролі з поўным выключэннем канфлікту інтарэсаў пры сумяшчэнні пасад.
Читать на dev.by