WSJ: Маск рэгулярна размаўляе з Пуціным, і той нават перадае яму просьбы
Мільярдэр падтрымлівае рэгулярныя кантакты з Уладзімірам Пуціным, піша The Wall Street Journal са спасылкай на некалькіх дзейных і былых чыноўнікаў у ЗША, Еўропе і Расіі.
Паводле звестак выдання, у 2022 годзе Маск рэгулярна размаўляў з «высокапастаўленымі расійцамі». Паводле слоў адной крыніцы, у той час Крэмль ціснуў на мільярдэра і «няяўна пагражаў» яму. Тады ж Маск напісаў у твітары, што SpaceX цярпіць страты ад фінансавых тэрміналаў Starlink ва Украіне.
Затым кантакты працягнуліся. Маск выступіў у твітары з мірнай прапановай. Яго ініцыятыва ўключала працяг акупацыі Крыма і нейтралітэт Украіны. Ад тых часоў кантакты Маска і Пуціна сталі рэгулярнымі, расказалі газеце былая і дзейная крыніцы ў выведцы.
Аднаго разу Пуцін перадаў Маску просьбу Сі Цзіньпіна не ўключаць спадарожнікавы інтэрнэт Starlink над Тайванем. Гэтую просьбу ён перадаў пры канцы 2023 года, паведаміў былы расійскі выведнік. Starlink дагэтуль не аказвае паслуг у Тайвані. На сайце кампаніі сказана, што абслугоўванне пачнецца «неўзабаве».
Таксама Маск размаўляў і з чыноўнікамі Крамля. Сярод іх быў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Кірыенка. У кастрычніку 2022 года палітолаг Ян Брэмер заявіў, што Маск расказаў яму пра размову з Пуціным пра ўмовы, на якіх той пойдзе на перамовы з Украінай. Сам мільярдэр заяўляў, што размаўляў з Пуціным адзін раз: у 2021 годзе яны гутарылі пра космас.
Кантакты бізнэсоўца з Пуціным выклікаюць занепакоенасць у адміністрацыі Байдэна, паколькі ў мільярдэра ёсць доступ да сакрэтных звестак. Верагодна, амерыканскі ўрад старанна хавае інфармацыю пра сувязі Маска з Пуціным: напрыклад, некалькі чыноўнікаў Белага дома заявілі, што не ведалі пра гэта.
Читать на dev.by