«Я адзіны продакт у кампаніі»: галоўнае з інтэрв'ю Дурава Такеру Карлсану
Заснавальнік Telegram Павел Дураў даў інтэрв’ю амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану. Бізнэсмен расказаў пра свой досвед зносін са спецслужбамі, станаўленне Telegram і ўмовы для бізнэсу ў розных краінах.
Пра сталенне
На пытанне, адкуль ён, Дураў адказаў, што «гэта будзе доўгая гісторыя». Паводле слоў бізнэсмена, ён нарадзіўся ў СССР, затым, калі яму было чатыры гады, сям’я пераехала ў Італію, дзе ён пайшоў у школу і «ў выніку стаў свайго роду еўрапейцам». Пасля распаду СССР сям’я пераехала ў Расію, дзе Дураў атрымаў адукацыю і заснаваў «УКантакце». У 2013 годзе ён прадаў кампанію і пакінуў краіну.
Эпоха «УКантакце»
«УКантакце» пачалі выкарыстоўваць апазіцыянеры розных краін для арганізацыі пратэстаў. Кампанія стала атрымліваць ад уладаў просьбы заблакаваць падобныя групы. Дураў сцвярджае, што першыя такія запыты ў Расіі прыйшлі ў 2011–2012 гадах, аднак кампанія іх ігнаравала.
«Я быў вялікім прыхільнікам такіх каштоўнасцяў, як свабодны рынак, свабода слова, свабода сходаў», — дадаў ён. Расійскія ўлады патрабавалі даць ім персанальныя звесткі арганізатараў пратэстаў ва Украіне, Дураў адмовіўся. Рашэнне прадаць «УКантакце» было хваравітым, для бізнэсмена кампанія была як «дзіця», «але я зразумеў, што лічу за лепшае быць свабодным».
Як з’явіўся Telegram
Ідэя Telegram з’явілася, калі Дураў яшчэ працаваў у Расіі. Праз патрабаванні ўладаў выдаляць асобныя групы або даваць даныя карыстальнікаў ён задумаўся пра спосаб бяспечнай сувязі з братам Мікалаем Дуравым. Той жа прыдумаў стандарт шыфравання новага месенджара. Для пераезду каманда месенджара разглядала некалькі гарадоў: Берлін, Лондан, Сінгапур, Сан-Францыска, аднак сутыкнулася з бюракратычнымі складанасцямі.
Напрыклад, у Германіі няможна было наймаць праграмістаў з іншых краін, не прапанаваўшы спачатку працы грамадзянам ЕС. У Сан-Францыска на Дурава напалі рабаўнікі на вуліцы пасля наведвання офіса Twitter і ледзь не скралі тэлефон. Бізнэсовец сцвярджае, што ў ЗША ягоная кампанія прыцягвала «празмерную ўвагу» ФБР і іншых спецслужбаў.
Таксама амерыканскія спецслужбы нібыта спрабавалі наняць інжынера Telegram, каб той інтэграваў у код месенджара пэўныя інструменты, якія б пакінулі бэкдор, праз якую можна было б атрымаць доступ да прылад карыстальнікаў для несанкцыянаваных дзеянняў.
Telegram пад ціскам
У выніку кампанія пераехала ў Дубай, дзе працуе ўжо сем гадоў. Сярод пераваг краіны Дураў назваў лёгкасць вядзення бізнэсу, эфектыўнае падаткаабкладанне, выдатную інфраструктуру. «Больш важна, што гэта нейтральная краіна, якая хоча сябраваць з усімі. Геапалітычна яна не звязаная з ніводнай з буйных звышдзяржаў», — адзначыў ён.
Тым не менш на месенджар працягваюць ціснуць урады розных краін. Часам патрабаванні вытлумачальныя, напрыклад, калі гаворка ідзе аб дзейнасці тэрарыстаў або аб публікацыях, якія дэманструюць гвалт. Аднак улады часта «пераходзяць рысу» і замахваюцца на свабоду слова і таямніцу перапіскі.
У 2021 годзе пасля штурму Капітолія кампанія атрымала ліст ад кангрэсмена-дэмакрата, які прасіў падзяліцца данымі тых, хто ўдзельнічаў у штурме, інакш сэрвіс прызнаюць парушальнікаў амерыканскай канстытуцыі. Праз два тыдні Telegram атрымаў ліст ад кангрэсмена-рэспубліканца, які папярэджваў, што кампанія парушыць канстытуцыю ў выпадку выдачы даных. Дураў не выдаў інфармацыі.
Дураў заўважыў, што асноўны ціск зыходзіць не ад урадаў, а ад Apple і Google, якія могуць разам выдаліць праграмы Telegram са сваіх крамаў, калі палічаць яго парушальнікам унутраных правілаў. Самі правілы даволі агульныя, пытанне ў тым, як яны іх інтэрпрэтуюць і ўжываюць.
Унутры месенджара
Бізнэсмен падкрэсліў, што Telegram хоча заставацца нейтральнай платформай, даступнай людзям з рознымі поглядамі. Цяпер у месенджара 900 мільёнаў карыстальнікаў. Кампанія пры гэтым не выдаткоўвае нічога на маркетынг, прасоўванне платформы і рэкламу. У камандзе ёсць 30 інжынераў, няма HR-дэпартамента і іншых традыцыйных для тэхналагічных кампаній падраздзяленняў.
«Я па-ранейшаму распрацоўваю большасць функцый, працую напрамую з кожны інжынерам, дызайнерам, якія ўкараняюць гэтыя функцыі. Я адзіны продакт-менеджар, бо лічу, што менавіта так магу спрыяць развіццю», — расказаў ён.
Жадаючы захаваць незалежнасць, праект не прыцягвае венчурных інвестараў. «Акрамя таго, для мяне [гэты праект] ніколі не быў пра грошы <…> У мяне няма нерухомасці, ані самалётаў, ані яхт. Гэта не мой лад жыцця», — расказаў ён. Паводле слоў Дурава, для яго прыярытэт — гэта свабода.
Як жыве Дураў
«Як толькі вы пачняце купляць рэчы, гэта прывяжа вас да фізічнага месца знаходжання <…> Другая прычына — я хачу заставацца засяроджаным на Telegram, але я ведаю, што, калі куплю дом, самалёт ці нешта ў гэтым родзе, буду марнаваць час, спрабуючы зрабіць іх прыгожымі», — заявіў бізнэсовец.
Таксама Дураў лічаць усе прылады, якімі карыстаецца, па змаўчанні скампраметаванымі. «Вы ўсё роўна будзеце карыстацца смартфонамі iPhone або Android. І цяпер, пасля таго, што я перажыў у ЗША, у мяне вельмі абмежаваны з пункта гледжання бяспекі давер да платформаў, распрацаваных у ЗША», — сказаў ён.
Акрамя таго, заснавальнік Telegram не падарожнічае ў «дзіўныя месцы», калі ён не ўпэўнены, што яны адпавядаюць яго каштоўнасцям. Напрыклад, не наведвае ніводнай буйной уплывовай краіны, такой як Кітай, Расія або ЗША.
Аднойчы больш як 10 гадоў таму ён сустрэўся з Маркам Цукербергам і спытаў яго, ці ёсць у Facebook планы нарошчваць долю ў Расіі. Той задаў пытанне пра міжнародную экспансію Дураву. Абодва адказалі адмоўна, але ў выніку рэалізавалі гэтыя планы.
Читать на dev.by