«Я трываў». Айцішнік пражыў 5 гадоў без сексу. Чаму людзі займаюцца гэтым усё радзей?

Секс ужо не прыцягвае людзей як раней, а зумеры займаюцца ім радзей, чым міленіялы? Разбіраемся, што адбываецца.
16 каментарыяў

Амерыканцы зараз рэкордна мала займаюцца сексам. Да такой высновы прыйшлі прафесар сацыялогіі Універсітэта Вірджыніі Брэд Уілкокс і навуковы супрацоўнік Інстытута сямейных даследаванняў Грант Бэйлі, якія прааналізавалі дадзеныя штогадовых агульнанацыянальных сацыялагічных апытанняў GSS (The General Social Survey) за апошнюю траціну стагоддзя. Іх артыкул у канцы жніўня 2025 года апублікаваў сайт амерыканскага Інстытута сямейных даследаванняў (IFS).

Калі ў 1990 годзе пра інтымную блізкасць хаця б раз на тыдзень паведамляла 55% апытаных ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў, то ў 2024 штотыднёвы або больш часты секс быў толькі ў 37% жыхароў ЗША.

Яшчэ драматычней выглядаюць змяненні ў колькасці людзей, якія доўгі час абыходзяцца ўвогуле без сексу. З 1990 па 2010 год доля маладых амерыканцаў паміж 18 і 29 гадамі, у якіх не было сексу ўжо даўжэй за год, вагалася ў раёне 10-15%. Але з 2010 па 2024 год іх колькасць падвоілася — з 12% да 24%.

На тое, што маладыя пакаленні займаюцца сексам прыкметна радзей, амерыканскія даследчыкі звярнулі ўвагу яшчэ ў 2010-х. Тады прафесар псіхалогіі з Універсітэта Сан-Дыега Джын Твендж звязала гэта са скарачэннем колькасці пастаянных пар. Як адзначаюць Уілкокс і Бэйлі, гэтая тэндэнцыя захоўваецца да гэтага часу: з 2014 па 2024 год доля маладых людзей 18-29 гадоў, якія пражываюць з партнёрам (як у афіцыйным шлюбе, так і без яго) паменшылася з 42 да 32%.

Сярод іншых прычын, якія зніжаюць палавую актыўнасць людзей, даследчыкі называюць шырокае распаўсюджванне смартфонаў з канца 2000-х гадоў, дзякуючы чаму дзяцінства новага пакалення станавілася ўсё больш лічбавым і ўсё менш сацыялізаваным. Уілкокс і Бэйлі лічаць, што з пачатку 2010-х гадоў пачало фарміравацца «пакаленне пустэльнікаў»: паміж 2010 і 2019 гадамі сярэдні час, які маладыя людзі праводзілі са сваімі сябрамі, скараціўся амаль у два разы, з 12,8 да 6,5 гадзіны на тыдзень. А яшчэ больш, да 4,2 гадзіны ў 2020 годзе знізіла гэты паказчык пандэмія. І хаця пазней назіраўся невялікі рост, у 2024 годзе маладыя амерыканцы праводзілі з сябрамі ў сярэднім усяго па 5,1 гадзіны на тыдзень.

У інтымнай сферы ўсё гэта суправаджалася ростам сексуальнай апатыі. Павелічэнне часу, які людзі трацяць на смартфоны з іх сацсеткамі, гульнямі і даступнай парнаграфіяй адбываецца за кошт памяншэння часу на розныя формы сацыялізацыі накшталт вечарынак, якія раней садзейнічалі ўзнікненню рамантычных стасункаў. Зрэшты, адно з амерыканскіх даследаванняў 2020 года звязвае зніжэнне сексуальнай актыўнасці моладзі не толькі са змяншэннем колькасці рамантычных сувязяў, але і са зніжэннем спажывання алкаголю, памяншэннем даходаў і ростам цікаўнасці да камп’ютарных гульняў.

Дадзеныя, сабраныя амерыканскімі сацыёлагамі, паказваюць, што людзі ва ўзросце 18-64 гадоў, якія знаходзяцца ў шлюбе, прыкметна часцей займаюцца сексам, чым нежанатыя і незамужнія: як мінімум штотыднёва секс зараз бывае ў 46% першых і толькі ў 34% другіх. Але спад сексуальнай актыўнасці закранае і сужэнскія пары: яшчэ ў 1996–2008 гадах хаця б раз на тыдзень займаліся 59% людзей, што знаходзяцца ў шлюбе. Даследаванне IFS 2023 года паказвае, што людзі ў шлюбе заўважаюць зніжэнне частаты палавых актаў пасля таго, калі іх мужы/жонкі пачынаюць замяняць сумеснае баўленне часу «пасядзелкамі» са смартфонам або камп’ютарам.

Unsplash

Уілкокс і Бэйлі занепакоены сітуацыяй, якая склалася. На іх думку, падмацаваную вынікамі некалькіх навуковых даследаванняў, рэгулярны секс станоўча ўплывае на стан здароўя, робіць шлюбы больш трывалымі, а людзей — больш шчаслівымі.

Ці справядлівыя высновы амерыканскіх навукоўцаў аб зніжэнні сексуальнай актыўнасці людзей і для беларусаў? Як адчуваюць сябе людзі, якія гадамі абыходзяцца без сексу? І чаму сексуальная актыўнасць можа павялічвацца ў перыяды эканамічных крызісаў і пандэмій? Спыталі пра гэта ў сексолагаў і айцішнікаў, якія не займаліся сексам даўжэй за год.

Год+ без сексу: «І хочацца, і не хочацца зніжаць планку толькі для фізіялогіі»

Анастасіі* нядаўна споўнілася 30. Яна працуе ў ІТ-індустрыі каля пяці гадоў. Без сексу яна жыве ўжо больш за год, пасля таго, як выйшла з апошніх стасункаў.

— Чаму так выйшла? Праблема, якая да гэтага прывяла — завяршэнне мінулых стасункаў. Кідацца з галавой у вір у выглядзе аднадзённых стасункаў не хочацца, а штосьці сур’ёзнае не знаходзіцца. Альбо мужчыны не гатовыя, альбо знікаюць пасля спатканняў, хоць на іх кажуць, што хацелі б зноў убачыцца. Альбо іх паводзіны не падыходзяць пад мае запыты ў плане стасункаў. Кожнаму сваё, але маё пакуль не знайшлося. Думаю, што ў апошнія месяцы прычына такога стану рэчаў — гэта знешнія абставіны. А вось да таго я была моцна закрытай з-за сваіх апошніх стасункаў.

Дзяўчына не думае, што праблемы ў асабістым жыцці звязаныя з вялікай загрузкай на працы:

— Мне ўдаецца выконваць прымальны work-life balance з дапамогай уласнага ўмення ставіць межы. Энергіі, праўда, крыху застаецца пасля працоўнага дня. Час для знаёмстваў у мяне ёсць, але магчымасці абмежаваныя. Праца поўнасцю аддаленая, а для мяне важная «хімія» пры асабістай сустрэчы з чалавекам. Дэйтынгавыя аплікацыі былі, спатканні былі, але нічога не складвалася, бо я не шукаю стасункаў на адну ноч. Мой дэйтынг-пул складаецца, хутчэй, са знаёмых/сяброў, з кола зносін.

Па адчуваннях, апошнія некалькі месяцаў шукаю стасункі даволі актыўна. Хадзіла на спатканні, размаўляю, адкрытая да мужчынскай увагі. Я не ўспрымаю гэта як найвышэйшы прыярытэт у жыцці, але адчуваю, што гэтая сфера не зачыненая. І зараз гатовая гэта выправіць.

Што я адчуваю? Дыскамфорт з-за высокага лібіда адчула толькі ў апошнія некалькі месяцаў. І хочацца сексу, і не хочацца зніжаць планку толькі для фізіялогіі. З самаацэнкай у мяне праблем дакладна няма, у апошні год яна значна вырасла і ўмацавалася.

Unsplash

Хацелася б знайсці надзейнага, паважлівага мужчыну, партнёра па жыцці і па мэтах у ім. Пакуль, хутчэй, канстатую факт, што хочацца змен. Але і бегаць за кімсьці дакладна не збіраюся. Бо не сексам адзіным і стасункамі жывы чалавек. Аддаю перавагу настройваць сябе на тое, што «маё мяне знойдзе». Пакуль што размаўляю з мужчынамі, прыглядаюся, але не спяшаюся.

5+ гадоў без сексу: «Я ў эміграцыйным беларускім разводзе»

Інжынер па тэставанні Ігар* працуе ў ІТ пяць гадоў. Яму 40. Пры гэтым сексу ў яго жыцці не было каля пяці гадоў, а магчыма, і больш: як кажа сам Ігар, «я не лічыў». Праўда, вырашыць гэтую праблему яму ўжо ўдалося.

Вымушаная асексуальнасць Ігара была звязана з узаемаадносінамі мужчыны і яго жонкі:

— Цяпер я ў эміграцыйным беларускім разводзе з «былой» жонкай. Мы «разведзены», але неафіцыйна. Жывём асобна пасля таго, як пераехалі з Беларусі ў Польшчу з дзіцём. Паўза ў інтымным жыцці, а дакладней, яго адсутнасць і недахоп працягвалася больш за пяць гадоў перад пераездам, калі мы былі жанатыя.

Я лічу, што гэта адбывалася з-за невысокага лібіда і нежадання «былой». Я трываў, не здраджваў ніколі. І ўвесь гэты час спадзяваўся на змяненне сітуацыі. Але станавілася толькі горш. А ў апошнія некалькі гадоў цяжка было каго-небудзь блізка падпускаць з-за флэшбэкаў, што засталіся ад няўдалага досведу сямейнага інтымнага жыцця.

Ігар мяркуе, што выйсці з сексуальнага тупіка яму дапамагла як раз рэлакацыя:

— Я актыўна шукаў блізкія стасункі. Прыярытэтам гэта не было, але наладзіць сваё жыццё хацелася, гэта было не на апошнім месцы. Пераезд змяніў шмат што. Тут з’явіліся ўнутраны і маральны спакой, хоць узніклі і новыя праблемы, звязаныя з эміграцыяй.

Асобнае пражыванне дало больш свабоды, з’явіўся час на свае інтарэсы і магчымасць для пошуку стасункаў. Апошні год я знаходжуся ў новых стасунках. Пасля таго, як у маё жыццё вярнулася інтымная блізкасць з партнёрам, з якім можна праводзіць свой час, дзяліць хобі, інтарэсы і абменьвацца меркаваннямі, мая самаацэнка і агульны стан палепшыліся. Шкада, што на гэта пайшло так шмат часу.

«Калі ў нас ёсць выбар паміж сексам, скролінгам сацсетак, відэагульнёй, серыялам ці працай дапазна, лібіда часта прайграе»

Аб прычынах сексуальнай рэцэсіі, яе распаўсюджанасці ў свеце і ў Беларусі і аб тым, што магло б вярнуць людзям цікавасць да інтымнага жыцця мы спыталі ў мінскіх псіхолагаў і сексолагаў Мілы Ілагінай і Наталлі Музычанка.

Наталля Музычанка:

— Для таго, каб абмяркоўваць гэтую тэму, важна вызначыцца з парай паняццяў, якія часта змешваюць. Гаворка ідзе пра палавую канстытуцыю і лібіда.

Палавую канстытуцыю можна ўявіць як прыроджаны памер бака для паліва. Гэта ваш індывідуальны, біялагічна зададзены патэнцыял сексуальнасці. Яго «умяшчальнасць» не змяняецца на працягу жыцця.

Лібіда (або сексуальнае прыцягненне) — гэта паліва, якое знаходзіцца ў гэтым баку. Узровень гэтага паліва — велічыня вельмі непастаянная. На яго наўпрост уплывае мноства фактараў: стрэс, стомленасць, фізічнае здароўе, гарманальны фон і эмацыйны стан.

Менавіта з «узроўнем паліва» мы і працуем, калі бачым такія статыстычныя дадзеныя. Сучасны свет прапануе нам мноства альтэрнатыўных крыніц дафаміна і спосабаў патраціць энергію. Калі ў нас ёсць выбар паміж сексам, скролінгам сацсетак, відэагульнёй, серыялам ці працай дапазна, лібіда часта прайграе ў канкурэнцыі за нашу ўвагу. І не становіцца прыярытэтам.

Unsplash

Цікава, што гэтую думку, хоць і ў жартаўлівай (спадзяюся) форме, нясе ў сабе прапанова па павышэнню нараджальнасці аднаго не беларускага палітыка: стварыць нейкую прастору, дзе мужчын і жанчын нішто не будзе адцягваць ад «працягу роду». Па сутнасці, гэта была б спроба штучна стварыць сітуацыю, у якой фокус змяшчаецца на базавыя формы ўзаемадзеяння. Я б назвала гэтую ідэю «вяртаннем да блізкасці праз знікненне альтэрнатыў». Калі вакол больш няма чым заняцца, секс зноў робіцца адной з галоўных крыніц задавальнення і сувязі.

Такім чынам, чаму людзі ўсё радзей і радзей займаюцца сексам?

Міла Ілагіна:

— Я чула пра гэта даследаванне. Мне ў ім асабліва цікавым падалося тое, што менавіта маладыя людзі сталі радзей займацца сексам (у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі)!

Адна з самых важкіх прычын — даступнасць лічбавага свету. У людзей стала нашмат менш нагодаў сустракацца асабіста і быць побач адзін з адным. Яшчэ адна прычына — празмерны стрэс, які адмоўна ўплывае на лібіда.

Акрамя таго, у людзей зараз дастаткова варыянтаў правядзення вольнага часу, секс ужо не здаецца такім прывабным. Таксама сярод прычын называюць змяншэнне колькасці шлюбаў: лічыцца, што людзі ў шлюбе часцей займаюцца сексам, бо ў іх ёсць пастаянны палавы партнёр і не трэба марнаваць час і рэсурсы на пошукі. Праўда, я так не думаю.

Ну і ёсць яшчэ ў маладых людзей момант расчаравання: секс у жыцці не надта падобны да сексу ў кіно ці порна. І на фоне больш зразумелых і гарантавана прыносячых задавальненне заняткаў рэальны секс прайграе.

Наталля Музычанка:

— Так, мы бачым агульнае зніжэнне частаты сексуальных кантактаў. Але для значнай часткі людзей гэта вынік не толькі вымушаных абставін (стрэс, стомленасць), але і дарослага, усвядомленага перагляду ролі сексу ў жыцці. Гэта рух у бок большай асэнсаванасці, эмацыйнай сталасці і збалансаванасці жыцця, дзе секс — гэта прыемны, але далёка не адзіны бонус у стасунках і жыцці ў цэлым.

Я тут бачу такія трэнды:

1. Зрух ад колькасці да якасці: «Секс павінен быць асэнсаваным». Усё часцей, асабліва пасля 25-30 гадоў, людзі, асабліва жанчыны, адмаўляюцца ад мадэлі «секс дзеля сексу». Яны адкрыта заяўляюць аб «перанасычэнні пустымі» сувязямі і імкнуцца да інтымнасці, якая з’яўляецца часткай глыбокіх, давяральных адносін. Гэта не адмова ад сексу, а павышэнне планкі для яго. Ён павінен быць не проста фізіялагічным актам, а актам эмацыйнай блізкасці.

2. Пераразмеркаванне жыццёвых прыярытэтаў. Кар’ера, самарэалізацыя, хобі і асабісты рост сталі магутнымі самастойнымі каштоўнасцямі. Людзі, асабліва ў дынамічных сферах накшталт ІТ, свядома накіроўваюць сваю энергію на дасягненне гэтых мэт. А пошук партнёра і падтрыманне актыўнага сексуальнага жыцця патрабуюць значных часавых і эмацыйных інвестыцый. Гэта не заўсёды «недахоп часу» з-за перапрацовак. Часам гэта свядомы выбар на карысць іншых значных сфер жыцця.

3. Рацыянальны падыход і «энергаэфектыўнасць». Гэта прамы вынік з папярэдняга пункта. Ва ўмовах цэйтноту людзі падлічваюць не толькі грошы, але і свае ментальныя рэсурсы. Працэс знаёмстваў, спатканняў, няпэўнасць і магчымыя расчараванні могуць здавацца надта энергазатратнымі. І тут на дапамогу прыходзіць пашырэнне кола даступных забаў. Бо атрымаць дозу дафаміна і расслабіцца можна з дапамогай серыяла, відэагульні, цікавай кнігі ці спорта — спосабаў, якія часцей за ўсё прасцей і прадказальней.

Unsplash

4.Развіццё эмацыйнага інтэлекту і камунікатыўных навыкаў. Гэта, бадай, трэнд, які найбольш абнадзейвае. Людзі, асабліва ў стабільных парах, сапраўды ўсё лепш вучацца не сыходзіць ад цяжкіх эмоцый, а пражываць іх праз дыялог. Яны працуюць з псіхолагамі, чытаюць літаратуру пра стасункі. Калі партнёры могуць спакойна абмеркаваць свае праблемы, у тым ліку і ў сексуальнай сферы (напрыклад, часовае зніжэнне лібіда з-за стрэсу), гэта здымае гіганцкі пласт напружання.

Секс перастае быць абавязкам або спосабам загладзіць правіну, а застаецца прасторай для радасці і сувязі. І калі гэтай сувязі ў дадзены момант няма, таму што абодва стаміліся або перажываюць крызіс, пара можа дазволіць сабе паўзу без пачуцця віны, умацоўваючы адносіны іншымі спосабамі.

Як на агульным фоне выглядаюць айцішнікі?

Міла Ілагіна:

— Не ўтрымаюся ад жарту, звязанага з айцішнікамі. На праекце іх сексуальнае жыццё можа быць вельмі розным, і нават арыентацыя можа змяняцца: то ты, то цябе.

А калі сур’ёзна — то няма нейкіх дадзеных, якія б вылучалі айцішнікаў у плане сексуальнай актыўнасці. Але пра тое, што праца ў ІТ-асяроддзі стрэсавая, я і сама ведаю, і назіраю гэта праз кліентаў. Да ліку асноўных фактараў, якія зніжаюць сексуальную актыўнасць айцішнікаў, я б аднесла кагнітыўную перагрузку і павышаную трывожнасць.

Наталля Музычанка:

— На падставе майго досведу магу сказаць, што ІТ-спецыялісты па зніжэнню сексуальнай актыўнасці знаходзяцца, хутчэй, у групе ўмеранай рызыкі. Прычым гэтая рызыка звязана не з прафесіяй як такой, а з наборам фактараў, якія ў іх асяроддзі сустракаюцца часцей. Напрыклад, з рызыкай прафесійнага выгарання, гіперстымуляцыяй лічбавай сферы і (часта) сядзячым ладам жыцця.

Беларусы таксама сталі менш займацца сексам? Ці толькі амерыканцы?

Міла Ілагіна:

— Даследаванне ж ёсць не толькі амерыканскае. Французы праводзілі падобнае ў 2024 годзе, і ў іх падобныя вынікі: людзі радзей займаюцца сексам. Там называліся наступныя прычыны: адсутнасць адпаведных партнёраў, негатовасць да блізкасці, даступнасць іншых забаў, занятасць, стан здароўя.

Нешта падобнага кшталту праводзілася і ў Расіі. Не памятаю дакладна ў якім годзе, ці то ў 2023, ці то ў 2024. І з плюс-мінус тымі ж высновамі. Так што Беларусь наўрад ці моцна адрозніваецца.

Што тычыцца маіх асабістых назіранняў… Факт: у маладых парах, дзе людзям да 30 гадоў, часта сексу няма або ён рэдкі, раз на месяц-паўгода. І людзей гэта цалкам задавальняе. Сваю задаволенасць стасункамі яны ацэньваюць па іншых крытэрыях. А вось для людзей больш старэйшага пакалення (40+) адсутнасць сексу больш балючая.

Так што я веру гэтым дадзеным. Зрэшты, было б цікава даведацца, як справы ідуць у іншых рэгіёнах: Індыі, Кітаі, у краінах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Тады ўжо можна было б рабіць нейкія глабальныя высновы.

Наталля Музычанка:

— Да мяне ўсё часцей прыходзяць не з праблемамі «не магу», а са скаргай «не хачу». Гэта галоўны сігнал.

Уявіце сабе пару. Яны цэлы дзень працуюць, вырашаюць бытавыя пытанні, водзяць дзяцей па гуртках, а ўвечары іх мозг проста перагружаны. Яму патрэбна не складаная задача, якая патрабуе эмоцый і прысутнасці, а просты і хуткі адпачынак, які дасць адчуць сябе лепш як мага хутчэй. Серыялы, сацсеткі, тэлефон вельмі тут дапамагаюць «разгрузіцца».

У нас гэтая праблема праяўляецца не так ярка і рэзка, як у мегаполісах Амерыкі, але яна ёсць. А яшчэ ёсць свая беларуская асаблівасць: мы цярплівыя і не любім выносіць смецце з хаты.

Пары часта цягнуць гадамі, перш чым звярнуцца па дапамогу. Яны думаюць: «Само пройдзе», «Усе так жывуць», «Саромеюся пра гэта казаць». У выніку на прыём прыходзяць, калі непаразуменне і крыўда ўжо назапасіліся, а «агонь» амаль пагас. Гэта значыць, мы бачым не раптоўны крызіс, а ціхае, паступовае згасанне жадання на фоне агульнай стомленасці ад жыцця.

Unsplash

Так што так, трэнд агульнасусветны. Жыццё проста стала вельмі хуткім і шумным, і на ціхую, павольную блізкасць у нас часта не застаецца ні маральных сіл, ні вольнай увагі. І гэта тая праблема, з якой сёння сутыкаюцца пары па ўсім свеце, незалежна ад краіны пражывання.

Чаму людзі пачыналі часцей займацца сексам падчас вострых крызісаў?

— На графіку ў амерыканскім артыкуле добра бачна, што ў 2008 і ў 2021 гадах тэндэнцыя на скарачэнне сексуальных кантактаў часова ламалася. Колькасць людзей, якія займаліся сексам хаця б раз на тыдзень, у гэты час павялічвалася. 2008 год — гэта год цяжкага эканамічнага крызісу, які ў ЗША суправаджаўся ростам беспрацоўя. А 2021 — гэта пік пандэміі. Ці маглі такія негатыўныя з’явы сапраўды неяк падштурхнуць сексуальную актыўнасць людзей?

Доля амерыканцаў ва ўзросце ад 18 да 64 гадоў, якія займаюцца сексам раз на тыдзень або часцей. Выява: ifstudies.org

Міла Ілагіна:

— Вядома! У 2008 у людзей стала мала грошай і шмат вольнага часу дома. ШІ яшчэ не было, Netflix толькі-толькі пачаў развівацца як стрымінгавая платформа — якія забавы даступныя ў такой сітуацыі?

Падчас пандэміі людзі былі замкнутыя адзін з адным. І таксама міжволі сталі бліжэй. Магчыма нават, на нейкія эксперыменты рашыліся. Не здзіўлюся, калі і колькасць праглядаў порна ў гэты час стала большай.

На жаль, тады ж і колькасць хатняга гвалту вырасла, у тым ліку з-за пастаяннага знаходжання побач адзін з адным. Так што, магчыма, секс тады быў яшчэ і спосабам бяспечна спусціць пар.

Наталля Музычанка:

— Гэтыя падзеі ўплывалі на сексуальнае жыццё па-рознаму. І нельга быць упэўненым, што такі прырост сексуальнай актыўнасці ў той час — гэта з’ява пазітыўная.

У 2008 годзе многія людзі сталі шукаць спосабы правесці час, якія не патрабуюць фінансавых выдаткаў, і разглядалі секс як антыкрызіснае баўленне часу. Апытанні таго часу паказвалі, што секс стаў адным з самых папулярных відаў «бюджэтнага» вольнага часу. Гэта быў выбар (для кагосьці свядомы, для кагосьці неўсвядомлены) на карысць даступнага і прыемнага спосабу зняць напружанне, выкліканае эканамічнай нестабільнасцю.

Падчас пандэміі ўсё было складаней. У гэты перыяд спрацаваў двайны эфект ізаляцыі. З аднаго боку, самаізаляцыя і аддаленая праца звялі партнёраў на нязвыкла доўгі час, ліквідаваўшы такі фактар, як недахоп часу для зносін. Для некаторых пар гэта стала магчымасцю пераасэнсаваць стасункі і інтымнае жыццё. З іншага боку, пандэмія стала крыніцай хранічнага стрэсу, страху і трывогі, што ў многіх прывяло да процілеглага эфекту: прыкметнага зніжэння лібіда, сварак у парах (што не спрыяе жаданню займацца сексам) і нават да развіцця сексуальных дысфункцый.


*— імя апавядальніцы і апавядальніка зменена па іх просьбе


Читать на dev.by