«Яндэкс» хочуць прыцягнуць да лічбавізаціі беларускіх банкаў
Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Ягораў учора наведаў Маскву з працоўным візітам, падчас якога вёў перамовы з кіраўніцтвам расійскай платформы Yandex Cloud. Абмяркоўвалі сумесныя пілотныя праекты ў галіне ШІ і аналізу дадзеных і ў цэлым перспектывы супрацоўніцтва.
Ягораў адзначыў, што напярэдадні на нарадзе з прадстаўнікамі банкаўскай сферы загадаў пашыраць лічбавізацыю банкаўскіх тэхналогій і павышаць кібербяспеку. «Кампаніяй „Яндэкс“ назапашаны значныя кампетэнцыі ў дадзенай сферы, і іх досвед будзе надзвычай карысны і запатрабаваны для беларускіх банкаў,» — цытуе чыноўніка прэс-служба Нацбанка.
Яшчэ адна сустрэча ў Ягорава была ў штаб-кватэры Wildberries, дзе ён абмяркоўваў з топ-менеджарамі кампаніі фінтэх-праекты. У бліжэйшай будучыні плануецца сумесная праца па развіцці нацыянальнай плацежнай экасістэмы, уключаючы сэрвісы хуткіх плацяжоў.
«Дынамічнае развіццё найбуйнейшых лічбавых платформаў, такіх як Wildberries, з’яўляецца драйверам росту для нацыянальнай эканомікі. <…> Мы бачым велізарны патэнцыял у стварэнні і ўкараненні сучасных плацежных інструментаў, якія будуць адпавядаць самым строгім патрабаванням рэгулятара і патрэбам рынку, а таксама будуць спрыяць павышэнню эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці на міжнароднай арэне», — сказаў Ягораў.
Паводле дадзеных Wildberries, беларуская прадукцыя ў 2024 годзе актыўна карысталася попытам ва ўсіх краінах прысутнасці маркетплэйса. Аб’ём яе продажаў у Кыргызстане вырас на 124%, у Казахстане — на 62%, у Расіі — на 41%, у Беларусі — на 44%.
Читать на dev.by