YouTube пачаў патрабаваць пацвердзіць ўзрост пашпартам — беларусаў таксама
YouTube пачаў масава патрабаваць ад карыстальнікаў пацвердзіць узрост па пашпарце і сэлфі, піша «Код Дурова». Гэта датычыцца і акаўнтаў з краін СНД, уключаючы беларускія.
«Каб паглядзець гэта відэа, калі ласка, дадайце дадатковую інфармацыю, каб мы маглі пераканацца, што вы з’яўляецеся паўналетнім», — гаворыцца ў апавяшчэнні пры адкрыцці відэа з узроставымі абмежаваннямі.
Атрыманне такога патрабавання на еўрапейскіх і беларускіх акаўнтах пацвярджаюць чытачы выдання. Карыстальнікі з заходніх краін упершыню пачалі паведамляць пра гэта ў канцы верасня.
Для пацверджання ўзросту YouTube прапануе падзяліцца сканам пасведчання асобы, напрыклад пашпарта або вадзіцельскіх правоў, а таксама зрабіць сэлфі. Для ацэнкі ўзросту па фота кампанія выкарыстоўвае падрадчыка.
Таксама YouTube прапануе ўвесці дадзеныя сваёй банкаўскай карты і адрас электроннай пошты: «Google перадасць ваш адрас электроннай пошты нашаму старонняму партнёру VerifyMy. Ён перадасць яго сваім староннім партнёрам для праверкі сайтаў і аплікацый, на якіх вы раней выкарыстоўвалі гэты адрас электроннай пошты».
«Код Дурова» мяркуе, што такія патрабаванні могуць быць звязаны з заканадаўчымі ініцыятывамі ў Вялікабрытаніі і ЕС, якія патрабуюць праверкі ўзросту ад карыстальнікаў інтэрнэту. У Вялікабрытаніі ў сувязі з гэтым усяго за некалькі дзён у 15 разоў вырас попыт на VPN-сэрвісы, а нармальна карыстацца інтэрнэтам стала немагчыма.
Читать на dev.by