YouTube прэзентаваў новыя спосабы манетызацыі для аўтараў
На штогадовым мерапрыемстве Made on YouTube кампанія прэзентавала маштабнае абнаўленне сваёй платформы. Сярод галоўных навінак — інструменты штучнага інтэлекту для аўтараў, новыя функцыі для Shorts і Live, а таксама дадатковыя магчымасці манетызацыі.
Адным з ключавых запускаў стала сістэма Ask Studio — чат-бот, які аналізуе дадзеныя канала і дапамагае аўтарам прымаць рашэнні на аснове статыстыкі. Інструмент здольны выяўляць самыя ўдалыя моманты ролікаў, збіраць глядацкія каментары, прапаноўваць ідэі для новых відэа і нават даваць парады па аптымізацыі кантэнту.
Youtube таксама абнавіў функцыю A/B-тэставання, якая цяпер дазваляе адначасова параўноўваць загалоўкі і вокладкі відэа. Гэта павінна дапамагчы аўтарам дакладней разумець, якія фарматы прыцягваюць гледачоў і ўтрымліваюць іх увагу.
Для абароны аўтараў кампанія пашырыла доступ да інструмента Likeness Detection, які дазваляе выяўляць і выдаляць відэа з несанкцыянаваным выкарыстаннем іх твару ці вобраза. Гэтая функцыя цяпер даступная ўсім удзельнікам партнёрскай праграмы Youtube.
Істотныя абнаўленні закранулі і функцыю аўтаматычнага дублявання. Цяпер перакладзеныя відэа сінхранізуюцца з рухам вуснаў аўтара, што робіць ролікі больш натуральнымі. Кантэнт, створаны з дапамогай аўта-дублявання, будзе пазначаны спецыяльным цэтлікам.
Кароткія відэа Shorts атрымалі інтэграцыю з генератыўнай мадэллю Veo 3 Fast, якая дазваляе ствараць кліпы з музыкай, ажыўляць статычныя выявы і ўжываць стылізаваныя эфекты. Таксама з’явіўся новы сродак для рэміксаў, які ператварае фразы з іншых ролікаў у саўндтрэкі.
Для стрымаў Youtube запусціў, па ўласных словах, «самае буйное абнаўленне Live за ўсю гісторыю платформы». Цяпер аўтары змогуць весці трансляцыі адначасова ў гарызантальным і вертыкальным фарматах, гуляць ва ўбудаваныя міні-гульні, выкарыстоўваць аўтаматычныя ШІ-хайлайты і пераключацца на трансляцыі толькі для падпісчыкаў без перапынення эфіру.
Не засталася без увагі і манетызацыя. Youtube укараніў новыя гнуткія фарматы для брэндавых інтэграцый: цяпер аўтары змогуць устаўляць рэкламныя блокі ў слоты, якія ў далейшым можна замяніць іншымі партнёрамі. Акрамя таго, пашыраецца праграма Youtube Shopping, дзе ўжо ўдзельнічаюць больш за паўмільёна стваральнікаў.
Фармат відэа не падтрымліваецца
Фармат відэа не падтрымліваецца
Читать на dev.by