Нашто EPAM у крызіс выдаткаваў $630 млн на куплю новай кампаніі? Вось што кажуць эксперты
EPAM дамовіўся пра куплю глабальнай кансалтынгавай кампаніі Neoris. Угоду коштам $630 млн называюць найбуйнейшай у гісторыі EPAM. Нашто такія выдаткі ў крызіс?
Мінулага тыдня EPAM паведаміў пра ўкладанне пагаднення аб куплі глабальнай кансалтынгавай кампаніі Neoris. Прадаўцы — фонды, кіраваныя Advent International (адзін з найбуйнейшых сусветных інвестараў у прыватны капітал) і Cemex (глабальная кампанія па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў), кошт угоды — 630 мільёнаў долараў. Выданне Cnews сцвярджае, што гэта найбуйнейшая ўгода ў гісторыі EPAM.
У офісах Neoris у Лацінскай Амерыцы, Іспаніі і ЗША працуюць 4,7 тыс. чалавек. Паводле слоў Аркадзя Добкіна, угода мае пашырыць прысутнасць EPAM на рынках Паўночнай Амерыкі і Еўропы, а таксама стварыць новыя магчымасці для кліентаў у Лацінскай Амерыцы і на іспанамоўных і партугаламоўных рынках.
«Рост патрэбны нават больш за звычайнае»
Купля Neoris упісваецца ў адную са стратэгічны мэт кампаніі (яе агучыў Добкін у часе сазвону з супрацоўнікамі вясной) — перанос праектаў у таннейшыя рэгіёны, а менавіта Індыю і Лацінскую Амерыку.
Пры гэтым, мяркуючы з апошніх справаздач, часы ў EPAM не самыя простыя: даходы зніжаюцца, глабальны штат скарачаецца. Ці апраўданыя такія выдаткі ва ўмовах крызісу?
Эксперт па інвестыцыях у ІТ, з якім пагутарыў dev.by, лічыць, што ўсё вельмі проста: карпарацыі патрэбны рост, і купля гатовай кампаніі — гэта (у адрозненне ад наймання) самы просты спосаб вырасці.
— EPAM заўсёды купляў невялікія кампаніі з мэтай росту, гэта іх стратэгія, — кажа ён. — Ад таго, што цяпер абставіны змяніліся, стратэгія не памянялася: рост патрэбны, і калі яго няма, ён патрэбны нават больш за звычайнае.
Пры гэтым найманне — гэта расходы, павелічэнне выдаткаў цяпер, адразу і надоўга. А вось купля кампаніі, наадварот, азначае набыццё будучай выручкі і прыбытку (і рынкаў, і кліентаў) у абмен на аднаразовыя грошы.
Таму купля паляпшае фінансы карпарацыі, а найманне новых людзей — пагаршае.
«Пазбягаць сітуацый, калі вялікі адсотак супрацоўнікаў знаходзіцца ў дзвюх-трох краінах»
Супрацоўнік глабальнай кансалтынгавай кампаніі ў сферы ІТ для M&A (Mergers&Acquisitions) Сяргей Насонаў нагадвае, што EPAM паказваў выдатны рост у 2021 і 2022 гадах, дзякуючы чаму акцыі даражэлі. Магчыма, каб падняць акцыі, якія ўпалі, трэба зноў прадэманстраваць рост.
— Купля Neoris дазволіць EPAM паменшыць аперацыйныя рызыкі і пашырыць геаграфію прысутнасці супрацоўнікаў, — лічыць Насонаў. — Тым самым карпарацыя зможа пазбягаць сітуацыі, калі вельмі вялікі адсотак супрацоўнікаў знаходзіцца ў дзвюх-трох краінах, якія раптам даводзіцца пакінуць. Гэта адпужвае інвестараў, стварае нявызначанасць. У выніку акцыі таннеюць, і даводзіцца запускаць праграмы па іх выкупе. Напрыклад, толькі ў 2024 годзе EPAM планаваў вылучыць $500 млн на такія праграмы. Таму для карпарацыі мае сэнс разглядаць іншыя варыянты.
Мяркую таксама, што EPAM рыхтуецца да павелічэння колькасці праектаў, а значыць, ім трэба больш спецыялістаў, асабліва ў рэгіёнах з высокай эканамічнай эфектыўнасцю.
Гэта звязана з тым, што ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў плануецца зніжэнне ставак цэнтрабанкаў, а значыць, заказчыкі змогуць зноў больш інвеставаць у новыя праекты, у тым ліку ІТ.
Читать на dev.by