Заробак у ІТ працягвае падаць. У доларах ніжэйшы за $2300
Сярэдні заробак айцішнікаў працягвае абнаўляць антырэкорды. У жніўні ўпершыню сёлета ён аказаўся ніжэйшым за 6 тысяч рублёў (упаў да 5 911,4). Сярэдні заробак у доларах (паводле курса Нацбанка) таксама ўпаў, стаўшы самым нізкім ад пачатку года.
У параўнанні з леташнім жніўнем сярэдні заробак у ІТ у рублях вырас на 4,6%, у параўнанні з сёлетнім ліпенем знізіўся на 2,6%.
Апошнім разам сярэдні заробак ніжэйшы за 6 тысяч рублёў айцішнікі атрымалі ў леташнім лістападзе.
Сярэдні заробак у ІТ-сектары ў валюце склаў у жніўні 2 291,1 долара (зыходзячы з сярэдняга курса за месяц 2,58 рубля). Адносна леташняга жніўня ён вырас на 1,7%, але адносна сёлетняга ліпеня ўпаў на 2%.
Апошні раз сярэдні заробак у ІТ у доларах ніжэйшы за 2,3 тысячы быў зафіксаваны ў леташнім лістападзе.
Верагодна, падзенне сярэдняга заробку звязана з ад’ездам высока кваліфікаваных спецыялістаў. Акрамя таго, праз санкцыі і крызіс праблемы з выплатай заробку паўсталі ў геймдэве.
У жніўні мы спыталіся ў ІТ-спецыялістаў, ці задаволеныя яны сваімі заробкамі. Толькі 50% айцішнікаў, якія працуюць у Беларусі, адказалі на гэтае пытанне станоўча.
У цэлым за восем месяцаў сярэдні заробак у ІТ склаў 6 675,2 рубля, або 2 494,8 долара. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года заробак у рублях вырас на 8,8%, у доларах — на 4,1%.
Читать на dev.by