Ім прапаноўвалі рэлакейт, але яны вырашылі застацца ў Беларусі. 9 гісторый
Папрасілі айцішнікаў расказаць, чаму яны палічылі за лепшае застацца ў Беларусі, нягледзячы на прапановы рэлакейту (часам настойлівыя) ад кампаній. Дзевяць гісторый — і дзевяць прычын, чаму людзі не з’язджаюць.
«У выпадку вайны лепш застануся з сям’ёй»
Працую на пазіцыі Deep Learning Engineer.
У першыя дні вайны кампанія прапанавала рэлакейт: Грузія або Польшча на выбар, фінансавая дапамога пры пераездзе.
У тыя дні была паніка. Было незразумела, што стане з бізнэсам і наколькі ў Беларусі будзе бяспечна.
Я думаў пару гадзін і адмовіўся ад рэлакейту. Я бачыў, якое пекла і паніка былі падчас эвакуацыі людзей з Украіны, і зразумеў, што ў выпадку вайны і эвакуацыі лепш застануся са сваёй сям’ёй — я буду больш карысны для родных, застаючыся ў Беларусі.
«Можа, ажыятаж на візы спадзе і сітуацыя зменіцца?»
Працую на пазіцыі Junior Data Scientist.
Мне прапаноўвалі рэлакейт, але я не пагадзілася.
Прычыны:
- Размеркаванне. Каб ад яго «адкупіцца», было трэба каля 20 тыс. рублёў.
- Малады чалавек — салдат тэрміновай службы ў войску, і я не магла дазволіць сабе з’ехаць, а яго пакінуць у Беларусі.
- Вельмі люблю гэтую краіну і не хачу ўцякаць з яе. Спадзяюся, усё наладзіцца і будзе магчымасць тут працаваць і надалей.
- Кампанія прапаноўвала рэлакейт ва Узбекістан, Грузію, Арменію. Мне не вельмі хочацца жыць у гэтых краінах праз узровень жыцця (лічу, што ў Беларусі ён вышэйшы). А для пераезду ў ЕС патрэбная віза.
Я завагалася, калі заказчык (не сама кампанія) быў гатовы дапамагчы грашыма з выплатай доўгу ўніверсітэту замест размеркавання. У кампаніі палохалі, што працы не будзе: праекты не жадаюць працаваць з Беларуссю. Я падумала, што пажыць у іншай краіне — добрая магчымасць, пагатоў з кампенсацыяй некаторых выдаткаў.
Ужо схілялася да пераезду, але знайшліся праблемы са здароўем. Пытанне рэлакейту адкладзенае на паўгода. А там, можа, ажыятаж на візы спадзе або сітуацыя ў краіне зменіцца да лепшага.
«Жыццё ў іншай краіне не пацягну з заробкам джуна»
Працую на пазіцыі Junior SAP Developer у буйной аўтсорс-кампаніі.
Рэлакейт прапаноўвалі ўсім без выключэння, нават джунам. Кампанія абяцае аднаразовую выплату з аплатай білетаў і першага месяца арэнды жытла за мяжой, дапамогу з візамі ў Польшчу і Літву.
Я вырашыў адкрыць візу на ўсялякі выпадак і застацца ў Беларусі. У мяне яшчэ працягваецца размеркаванне. Акрамя таго, я проста не пацягну жыццё ў іншай краіне з заробкам джуна — нават з кампенсацыяй выдаткаў ад кампаніі.
«Не магу пакінуць маму без падтрымкі»
Працую на пазіцыі QA Team Lead у прадуктовай кампаніі.
Кампанія прапаноўвала рэлакейт у Літву з кампенсацыяй выдаткаў на афармленне дакументаў і білеты. Але я засталася ў Беларусі.
Я скончваю БДУІР на завочным, а абараніць дыплом аддалена немагчыма. У мяне мама-пенсіянерка. На пераезд яна не згодная, а пакінуць яе тут (улічваючы пэўную пагрозу вайны) — не варыянт. Дамовіліся з ёй, што з’едзем разам, толькі калі ў Беларусі стане зусім горача. Калі б не гэтыя фактары, то я з’ехала б на год-паўтара. У цэлым пакідаць Беларусь не хачу — вырашыла так яшчэ ў 2020 годзе.
«Рэлакейт — гэта вельмі нявыгадна»
Працую на пазіцыі DevOps Engineer у буйной аўтсорс-кампаніі.
У кампаніі паставілі ўльтыматум: альбо рэлакейт, альбо ў адпачынак за свой кошт. Абраў другое.
Па-першае, няма жадання пачынаць новае жыццё аднаму ў іншай краіне, удалечыні ад родных і блізкіх. Па-другое, вельмі нявыгадна. Кампанія не павышае заробак прапарцыйна кошту жыцця ў іншай краіне, але звязвае рукі новым кантрактам — памяняць працу не атрымаецца.
Пакуль не звольніўся. Сяджу на бэнчы на фінпадушцы ў рэжыме назірання.
«Еўропа сябе зжыла»
Працую на пазіцыі SysOps.
Я рускі паводле нацыянальнасці, маю ўкраінскае грамадзянства, пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі. Пераехаў у Беларусь з Украіны ў 2014 годзе пасля Майдана. У Кіеве пражыў 40 гадоў. Жонка мінчанка.
Ад пачатку «спецаперацыі» кампанія дапамагае з пераездам у 15 краін свету: афармленне ІП, візы, працаўладкаванне, пераезд, адпачынак. Толькі арэнду жытла не аплочвае. Рэлакуюць з Расіі, Беларусі і Украіны.
З Беларусі не збіраюся нікуды пераязджаць. Тут у мяне сям’я і дом. Тут стабільна і ціха.
У ЕЗ ехаць сэнсу няма. Еўропа сябе зжыла, ЕС хутка разваліцца. Там вельмі складана жыць, і многія мае знаёмыя жадаюць пакінуць еўрапейскія краіны. Да рускіх там дрэннае стаўленне. Лепш ехаць на ўсход: Тайланд, Шры-Ланка. Але трэба ведаць мовы.
«Ехаць няма сэнсу, нязручнасці дробязныя»
Працую на пазіцыі R&D Engineer у прадуктовай кампаніі.
Кампанія прапаноўвае $1000 у якасці кампенсацыі за рэлакейт. Напрамак любы, папулярныя Польшча і Грузія. З’ехалі многія, частка з іх — яшчэ да лютага 2022 года.
Я застаўся ў Беларусі. Не бачу сэнсу з’язджаць. На гэты момант нязручнасці дробязныя: для аплаты падпісак у сторы прывязаў карту банка, які працуе, зрэдку ўключаю VPN. Стала цяжэй знайсці корм для сабакі — гэта турбуе больш за ўсё.
«Няма ні магчымасці, ні жадання здымаць жытло за касмічныя неадэкватныя цэны»
PM, рэсурс-менеджар у кампаніі сярэдняга памеру, змешаная бізнэс-мадэль.
— У маёй кампаніі ёсць рэлакейт у Польшчу ў частцы дапамогі з візамі (ніякіх фінансавых бонусаў за пераезд няма). Беларускі офіс не закрываюць, застацца можна, і я пакуль застануся на пару месяцаў дакладна, пакуль сітуацыя дазваляе застацца.
Чаму? Бо няма ні магчымасці, ні жадання здымаць у Польшчы жытло за касмічныя неадэкватныя цэны, $1100-1200 у буйных гарадах, $700 у нудлівых гарадах на 100К насельніцтва. (Чытачка не канкрэтызуе колькасць пакояў і лакацыю кватэр такога кошту, высновы могуць не адлюстроўваць рэальнай сітуацыі на рынку жытла. — Заўв. dev.by). А я адна з дзіцем. У Мінску здымаю за $500 супераднапакаёўку ў новым раёне ля метро і магу адкладаць грошы.
У Польшчы давядзецца жыць у мінус і без дапамогі бацькоў, на якіх у выпадку чаго заўсёды можна пакінуць дзіця. Месцы для дзяцей ёсць толькі ў прыватных платных садах (у дзяржаўных садах бяруць толькі ўкраінцаў або месцаў ужо няма).
Цэны ў Польшчы даражэйшыя абсалютна на ўсё, акрамя адзення. Увогуле, трэба было альбо ехаць у 2020 годзе, альбо ўжо чакаць, пакуль трэш скончыцца.
Але віза для форс-мажору і трывожны чамадан, вядома, павінны быць заўсёды гатовыя.
«Проста не хачу з’язджаць са сваёй краіны»
Працую цімлідам у вялікай амерыканскай кампаніі E.
Матэрыяльнае становішча выдатнае, маю сваё жытло. Першасныя патрэбнасці піраміды Маслаў задаволеныя. За гады працы ў ІТ назапасіў дастаткова фінансавых рэзерваў, якіх хопіць надоўга (гады) нават у выпадку страты працы.
Кампанія прапаноўвае рэлакейт у офісы ў іншых краінах усім ахвотным. Прымусу няма, але прынцып просты — калі заказчыкі не будуць згаджацца размяшчаць заказы ў РБ, то працы не стане, прыйдзецца расстацца. Краіны для рэлакейту: Польшча, Грузія, Узбекістан. Па грошах умовы такія: заробак брута (чысты + падаткі) РБ = заробак брута ў іншай краіне, падаткі з гэтага заробку будуць за кошт супрацоўніка паводле мясцовых законаў.
З гэтага вынікае, што пераезд у Еўропу — гэта не толькі выдаткі на арэнду жытла (цана нармальна так вырасла), але і еўрапейскія падаткі. У Польшчы гэта значыць 32% падатку ў маім выпадку, калі быць найманым супрацоўнікам. Можна зарэгістравацца ў якасці ІП, але бальнічныя, адпачынак і астатні сацпакет за свой кошт.
Можна зарэгістраваць ІП у Грузіі (там мінімальны падатак) і працаваць аддалена з іншай краіны, але тады трэба паклапаціцца пра легалізацыю і падатковае рэзідэнцтва (і выплату мясцовых падаткаў).
Прычын шмат, чаму застаўся.
Асноўнае — проста не хачу з’язджаць са СВАЁЙ краіны, у якую ўклаў шмат сіл і сродкаў, дзе да гэтага часу жывуць бацькі і сябры. У 2020 годзе мы даведаліся, што быць беларусамі — гэта крута, даведаліся, што такое салідарнасць і ўзаемадапамога. Я бачу, што мы такімі і засталіся, нягледзячы на тое, што адбываецца. Я веру ў лепшае, пакуль ёсць такія людзі.
Не ўпэўнены, што мой пераезд дапаможа нешта змяніць да лепшага. Відавочна, што рэлакацыя змяншае рызыкі для бізнэсу і ніхто нікога не асуджае. Але дзеля чаго гэта неабходна асабіста мне? Проста для таго, каб працягнуць працаваць?
У маім выпадку страта працы ў РБ не будзе праблемай з прычыны наяўнасці рэзерваў. Але гэта ўсяго толькі мая сітуацыя, кожны прымае сваё рашэнне, зыходзячы са сваіх абставін (не толькі фінансавых).
Засмучае іншае. З незразумелых прычын у кам’юніці dev.by пачаліся спробы прынізіць і ўкалоць адно аднаго, выставіць айцішнікаў, якія засталіся ў Беларусі, недалёкімі тушканамі, якія думаюць толькі пра ёгурты і смузі. У 2020 годзе шмат хто з нас пацярпеў. Можа быць, варта паважліва ставіцца да сваіх аднадумцаў, якіх у ІТ усе 99, 99%?
Напэўна зноў пачнецца старое ныццё: «Чаму не з’ехаў, чаму працягваеш плаціць падаткі дзяржаве?» Мне хочацца спытаць: няўжо нешта зменіцца ТУТ ад таго, што разумныя і ініцыятыўныя людзі з’едуць і будуць плаціць падаткі ў іншай краіне? Я яшчэ не чуў, каб уцёкі ад вырашэння праблемы прывялі да нечага пазітыўнага.
Читать на dev.by