Таму што ў іншых стала горш: Беларусь на радок паднялася ў сусветным рэйтынгу свабоды прэсы
Беларусь паднялася са 166 на 165 месца ў Індэксе свабоды прэсы, які штогод публікуюць «Рэпарцёры без межаў». У мінулым годзе таксама было +1, а ў 2024-м — мінус 10 пазіцый.
Беларусь паднялася са 166 на 165 месца ў Індэксе свабоды прэсы, які штогод публікуюць «Рэпарцёры без межаў». У мінулым годзе таксама было +1, а ў 2024-м — мінус 10 пазіцый.
У свежым рэйтынгу Беларусь палепшыла вынік з 25,73 да 27,72 бала са 100 і засталася ў горшай групе краін, дзе ўмовы для працы журналістаў ацэньваюцца як «надзвычай цяжкія». 4 з 5 індыкатараў: эканамічны, прававы, сацыякультурны і бяспека — паказалі невялікі рост. Акрамя палітычнага, ён ніжэйшы. Цяпер Беларусь ідзе паміж Еменам і М’янмай. А паднялася яна ў параўнанні з мінулым годам за кошт падзення Бахрэйна і Саудаўскай Аравіі, а таксама пагаршэння паказчыкаў у краінаў, якія ішлі ніжэй у рэйтынгу.
Лідаруе ў індэксе ўжо 10 гадоў запар Нарвегія. Апошняе месца зноў за Эрытрэяй. У цэлым пагаршэнне сітуацыі зафіксавана у 100 са 180 краінаў, якія ахапіў рэйтынг. Сярод краінаў-суседак да Беларусі бліжэй за ўсё Расія — на 172 месцы. Літва на 15 месцы, Латвія — на 17-м, Польшча паднялася на 27 радок, Украіна перамясцілася з 62-й на 55-ю.
Аўтары рэйтынгу пішуць, што за 25 гадоў збору дадзеных сярэдні рэйтынг краін яшчэ ніколі не быў такім нізкім. Больш чым у палове стан характарызуецца як «цяжкі» ці «надзвычай цяжкі». Наконт Беларусі аўтары адзначаюць, што тут «меры абароны нацыянальнай бяспекі выкарыстоўваюцца як інструмент абмежавання свабоды прэсы». Паводле «Рэпарцёраў», цяпер у Беларусі знаходзіцца ў няволі 21 журналіст і супрацоўнік медыйнай сферы. Колькасць прадстаўнікоў прафесіі, якія былі вымушаны пакінуць краіну, за год не змянілася — 500-600 чалавек, а тым, хто застаўся, прыходзіцца працаваць патаемна.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.