Ужо праз некалькі гадоў асноўную масу карыстальнікаў праграм будуць складаць АІ-агенты
У вельмі недалёкай будучыні партрэт карыстальнікаў праграм можа кардынальна зменіцца. І гаворка не пра змену пакаленняў, а пра аўтаномных агентаў на базе штучнага інтэлекту, піша ZDNet.
Кансалтынгавая фірма Accenture нядаўна выпусціла даклад з прагнозамі на бягучае дзесяцігоддзе. Яго аўтары разважаюць у тым ліку пра тое, што на фармаванне нашай будучыні моцна ўплывае АІ.
На іх думку, ужо ў 2030 годзе ўнутранымі лічбавымі сістэмамі большасці прадпрыемстваў будуць у асноўным карыстацца менавіта АІ-агенты, а не людзі. А ў 2032 годзе карыстальнікі смарт-прылад будуць узаемадзейнічаць з АІ-агентамі даўжэй, чым з праграмамі.
У Accenture называюць «бінарным Вялікім выбухам» (Binary Big Bang) той пераломны момант, калі фундаментальныя АІ-мадэлі навучыліся разумець натуральную мову. Гэта азнаменавала зрух у тэхналагічных сістэмах — у тым, як людзі распрацоўваюць і выкарыстоўваюць іх, як яны функцыянуюць. Гэтыя з’явы выводзяць на новы ўзровень софт і праграмаванне, павялічваюць лічбавы патэнцыял кампаній, закладваюць аснову лічбавых кагнітыўных сістэм на базе АІ, сцвярджаюць аўтары даклада.
На іх думку, развіццё тэхналогіі будзе адбывацца ў трох ключавых кірунках: агентныя сістэмы, лічбавае ядро і генератыўны UI. Агентны АІ здольны самастойна вырашаць пастаўленыя задачы, прымаць рашэнні і дапамагаць чалавеку. Пад лічбавым ядром разумеецца ІТ-архітэктура і інфраструктура прадпрыемстваў, якая забяспечыць функцыянаванне АІ-агентаў. Генератыўны UI мае на ўвазе прымяненне АІ для стварэння карыстальніцкіх інтэрфейсаў.
Читать на dev.by