«Я не ШІ, я люблю бульбу фры»: саіскальнікі пачалі пісаць дзіўныя рэзюмэ з памылкамі і цытатамі Тэйлар Сўіфт — і рэкрутэрам гэта падабаецца
Рынак працы завалілі аднатыпнымі ШІ-рэзюмэ, і каб даказаць сваю «чалавечнасць», здабывальнікі пачалі дадаваць у водгукі дзіўныя хобі, наўмысныя апечаткі і адсылкі да поп-культуры, піша Business Insider.
Рынак працы завалілі аднатыпнымі ШІ-рэзюмэ, і каб даказаць сваю «чалавечнасць», здабывальнікі пачалі дадаваць у водгукі дзіўныя хобі, наўмысныя апечаткі і адсылкі да поп-культуры, піша Business Insider.
Паводле дадзеных сервісу Ladders, больш за 84% кандыдатаў выкарыстоўваюць нейрасеткі для напісання або рэдактуры рэзюмэ, а 76% з 237 апытаных прызналіся, што ўжо хоць нешта наўмысна робяць, каб іх водгук гучаў менш «па-машыннаму».
Між тым рэкрутары літаральна тонуць у аднастайных ідэальных тэкстах, слова ў слова паўтараючых апісанне вакансіі. Паводле дадзеных Greenhouse за 2026 год, на адну вакансію прыходзіцца ў сярэднім 194 водгукі, і толькі 3,2% з іх даходзяць да суразмовы.
У такіх умовах галоўнай задачай стала вылучыцца. «Калі праглядаеш рэзюмэ цэлую гадзіну, пачынаеш вельмі прыдзірацца. Думаеш: чым гэты чалавек адрозніваецца ад папярэдняга? Чаму я павінна выбраць яго, а не іншага?» — тлумачыць Крыстын Рэйфард, якая раней кіравала падборам топ-менеджараў у Amazon.
Каб прабіць гэтую сцяну і даказаць, што па той бок экрана — жывы чалавек, кандыдаты ідуць на самыя нечаканыя эксперыменты.
Некаторыя спецыяльна дапускаюць пунктуацыйныя або арфаграфічныя памылкі і выкарыстоўваюць сленг. Сузаснавальніца агенцтва Notably Карлі Марцінэці расказала, што адна з кандыдатак напісала ёй у LinkedIn, што ўсю кар’еру была «in-house girly» — гэта размоўны выраз, які азначае працу ў штаце, а не на падрадзе або фрылансе. Паводле Марцінэці, ШІ ніколі б так не выказаўся, і паведамленне адразу падалося ёй жывым і прыземленым.
Экс-супрацоўнік Google, Facebook і Белага дома назваў чатыры звычкі нэтворкінгу, якія дапамагаюць знайсці працу
Хтось згадвае дзіўныя захапленні або нечаканыя слабасці — ад «любові да бульбы фры», «ролаў з курыцай буфала» і «асэнсаваных сноў» да «клаўнады», «плавання ў хвасце русалкі» і «фільмаў пра вампіраў з Робертам Патынсанам». Адна з рэкрутараў праз доўгі час памятае рэзюмэ кандыдата, які напісаў, што ведае першыя 100 знакаў ліку Пі.
На мяжы роспачы пасля месяцаў аўтаадмоваў у здабывальнікаў уключаецца прынцып «няма чаго губляць». Напрыклад, адна з суразмоўніц выдання Аманда Макдорманд пасля звальнення з Comcast спачатку спрабавала проста пісаць «Я не ШІ». Але ў выніку атрымала новую працу дзякуючы лісту, пабудаванаму на цытатах з песень Тэйлар Сўіфт — Макдорманд называе сябе фанаткай. Пазней, апынуўшыся па іншы бок найму і атрымаўшы 220 адгукаў на вакансію, яна пераканалася, што запамінаюцца толькі тыя, хто хоць нечым зачэпіць рэкрутара.
«Раней я рэдка бачыў, каб людзі дадавалі ў рэзюмэ асабістыя гісторыі. Гэта лічылася амаль нядобрым тонам. Цяпер здабывальнікі задумваюцца, як пераканаць людзей, што яны не боты», — адзначае кіраўнік Ladders Марк Сенядэла.
Незвычайнае хобі можа працаваць і як масток да размовы пра прафесійныя навыкі. Напрыклад, маркетолаг Пэйдж Мэлі дадала ў рэзюмэ візуальную шкалу сваіх пяці самых шалёных прыгод — і атрымала больш запрашэнняў на інтэрв’ю, чым калісь раней. Гэты блок яна выкарыстоўвала як доказ сваёй рашучасці і гатоўнасці да рызыкі. А Макдорманд на суразмове перавяла размову з песень Сўіфт на маркетынгавую стратэгію спявачкі і тое, як яна сама прымяняе падобныя прыёмы ў працы.
Аднак эксперты папярэджваюць, што такая тактыка — заўсёды рызыка. Былы топ-рэкрутар і аўтар кніг у карпаратыўнай культуры Эрыка Кесвін падкрэслівае, што экстравагантныя прызнанні могуць спрацаваць у крэатыўных індустрыях, але адпудзіць, напрыклад, кансерватыўныя юрыдычныя або кансалтынгавыя фірмы. Яна раіць не капіраваць чужыя прыёмы ўсляпую: «Калі гэта не пра вас і хтось спытае пра гэта на інтэрв’ю, эфект будзе адваротным». Макдорманд таксама з гэтым згодна: «Гэта спосаб прасунуць нагу ў дзверы. Але калі дзверы адамкнуцца, вам павінна хапіць ведаў і вопыту, каб падтрымаць размову».
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.