Жыхары Еўропы заўважылі ў небе загадкавую спіраль, якая свяціліся. Аказалася, што замешаны Маск
Увечары 24 сакавіка жыхары шэрагу еўрапейскіх краін убачылі ў небе вялікую спіраль, якая свяцілася. У сацсетках пачалі пісаць пра пазазямное паходжанне з’явы, але ўсё аказалася значна прасцей.
Паводле дадзеных сайта Space.com, спіраль у небе была вынікам планаванага скіду паліва ракеты SpaceX Falcon 9, запушчанай у той жа дзень з мысу Канаверал у ЗША. Ракета паспяхова вывела на арбіту спадарожнік NROL-69 для Нацыянальнага разведвальнага ўпраўлення ЗША.
Як растлумачыў польскі астраном Кароль Вуйчыцкі, для стабілізацыі палёту ракета часта круціцца вакол сваёй восі. Перш чым другая ступень увойдзе ў атмасферу і згарыць, адбываецца планаваны скід невыкарыстанага паліва ў космасе, на вышыні некалькі сотняў кіламетраў над Зямлёй, дзе няма паветра.
У безпаветранай прасторы газы, якія выкідаюцца, не рассейваюцца хаатычна, а ўтвараюць сіметрычныя, часта спіралепадобныя структуры з-за кручэння ступені. Замярзаючы, гэта паліва адлюстроўвае сонечнае святло, ствараючы відовішча, якое ўражвае.
Падобныя з’явы ўжо сталі звыклымі для жыхароў ЗША, дзе запускі ракеты Falcon 9 адбываюцца ўсё часцей. Аднак для Еўропы назіранне такіх спіралей пакуль застаецца рэдкасцю. Жыхары Вялікабрытаніі, Польшчы, Харватыі і Венгрыі актыўна дзяліліся фотаздымкамі і відэа незвычайнай з’явы ў сацыяльных сетках, многія з якіх спярша выказвалі здагадку, што яны ўбачылі НЛА.
Читать на dev.by