Кампанія звольніла супрацоўніка, бо сумны. Ён выйграў справу ў судзе

Вярхоўны суд Францыі стаў на бок грамадзяніна ў пазове супраць былога працадаўцы Cubik Partners. Парыжская кансалтынгавая фірма звольніла мужчыну за тое, што ён не хацеў аддавацца «весялосці», як гэтага патрабавала карпаратыўная культура, піша Washington Post.

1 каментарый

Пазоўнік сцвярджае, што быў звольнены таму, што не хацеў удзельнічаць у семінарах і карпаратывах, якія суправаджаліся «празмерным ужываннем алкаголю» і «бязладнымі палавымі сувязямі».

Часткай «вясёлай» культуры кампаніі былі іншыя «зневажальныя дзеянні», напрыклад, трэба было імітаваць палавыя акты, даваць абразлівыя мянушкі і спаць з калегамі.

У мінулым месяцы суд прызнаў, што рашэнне супярэчыць закону, а супрацоўнік мае права на свабоду самавыяўлення. Падкрэсліваецца, што адмова ад удзелу ў карпаратыўных мерапрыемствах — адная з асноўных свабод, гарантаваных працоўным заканадаўствам, і не можа быць падставай для звальнення.

Пазоўнік уладкаваўся ў Cubik Partners на пасаду старэйшага кансультанта ў 2011 годзе і на момант звальнення ў 2015-м займаў пасаду дырэктара. Кампанія аргументавала звальненне яго «прафесійнай некампетэнтнасцю», невыкананнем каштоўнасцей, а таксама тым, што ён часам меў зносіны з падначаленымі ў грубым тоне і не ўмеў прыслухоўвацца да фідбэку і пункту гледжання іншых людзей.


Читать на dev.by