«Хуліган з сіндромам нарцыса». Яшчэ адная гісторыя булінгу айцішніка ў Нідэрландах
Скончылася звальненнем. «Нацыянальнага падтэксту не было. Хутчэй гэта была дзядуха».
На нашую публікацыю пра булінг на працы адгукнуўся беларус з Нідэрландаў. Ён, як і гераіня першай гісторыі, PM, стаў аб’ектам булінгу ў нідэрландскай кампаніі. Два важныя адрозненні ад першага кейсу: завадатаркай цкавання была жанчына, супрацоўніку ў выніку прыйшлося звольніцца.
Стыль героя захаваны. Будзьце гатовыя да вялікай колькасці англіцызмаў!
— Адразу абмоўлюся, што, на маю думку, гераіня публікацыі дзейнічала правільна (яна паскардзілася эйчару, прыклаўшы скрын перапісак і спіс сведак. — dev.by). Таксама згодны з ацэнкай экспертаў: булінг не значыць, што з вамі штосьці не ў парадку, гэта — праблема кампаніі. Гэта нават не хвароба, а хутчэй сімптом: рэакцыя кампаніі мае вам падказаць, ці варта працягваць там працаваць. У маім выпадку прыйшлося мяняць працу ў разгар крызісу. Лічу, што яно было таго вартае.
Я пачаў працаваць у невялікі production кампаніі на пазіцыі Senior Software Engineer летам 2022. На сумоўі я размаўляў з начальствам, якое мне спадабалася і падалося адэкватным: беспасярэдні начальнік быў малады і разумны PhD, а з босам R&D мы на сумоўі раілі адзін аднаму кніжкі. Не начальства выявілася праблемай, а супрацоўнікі, якія працуюць у кампаніі па 10-15 гадоў і ўеліся ў яе як іржа.
Ад самага пачатку я зразумеў, што legacy people будуць праблемай. Таму адразу пазначыў рамкі: я не прэтэндую на ваш job security, не раблю рэфактарынгу вашага кода, а займаюся innovation, не гуляючы ў гульні з нулявой сумай. Як жа мала я ведаў пра ірацыянальныя страхі!
Атакавалі мяне не адразу, а прыкладна праз паўгода пасля stakeholder meeting, дзе я паказаў прататып алгарытму, над якім каманда білася да гэтага два гады.
Я не разумеў, што наступаю на чыесьці мазалі, датуль, пакуль у адзін цудоўны дзень каманда не заціснула мяне ў куце і не пачала трэціраваць. Мяне абвінавацілі ў тым, што я не выконваю таго, што сказана, не ем ланчу з іншымі і не пытаюся, як калегі прабавілі выходныя (апошняе, дарэчы, няпраўда). Я спытаўся ў калег, ці ёсць у іх прэтэнзіі да вынікаў маёй працы, гэта раззлавала проджакт-ліда, і той прапанаваў мне пакінуць праект. Па-добраму трэба было сыходзіць з кампаніі ўжо тады, але зарплата была добрай і хацелася дачакацца хоць бы канца года, калі выплачваюць бонусы.
Булінг пачаўся пасля гэтага. Кампанія — міжнародная, але 75% супрацоўнікаў — мясцовыя. Булеры былі ўсе нідэрландцы. Пацешна: яны думалі, я не разумею, што яны абмяркоўваюць у суседнім пакоі. У цэнтры была «павучыха» — спецыялістка з высокім статусам і поўным кантролем над проджакт-лідом, у якой не задалася акадэмічная кар’ера. Яе калісьці паперлі з універсітэта, падазраю, што за парушэнне навуковай этыкі. У кампаніі ж у яе кар’ера склалася: яна пісала алгарытмы, якія дэвелаперы потым ператваралі ў прадукт.
Я таксама маю акадэмічны бэкграўнд: магу рабіць і прататып, і прадукт. Таму мяне ўвогуле і ўзялі. Але калі я прыступіў да сваіх абавязкаў, супрацоўнікі сталі супраціўляцца. У начальства ж да мяне прэтэнзій не было. Адзін з босаў пакінуў мне пажаданне «take it easy». Здаецца, босы да канца думалі, што я драматызую.
Праект я змяніў. На маё месца ў старым праекце прыйшоў малады і зухаваты хуліган з сіндромам нарцыса, які тут жа пачаў шукаць у маім прататыпе памылкі. Так як адбывалася ў маю адсутнасць, то памылкі знаходзіліся лёгка і нязмушана. Вельмі хутка гэты персанаж пачаў лезці ў іншыя мае праекты і затыкаць мне рот на мітынгах. Адбывалася ўсё гэта пры патуранні іншых калег.
Я прааналізаваў сітуацыю і зразумеў, што ўсё ідзе да шоўдаўну. Офісныя палітыкі, забіўшы мой прататып, прыйшлі да тэхнічнага рашэння, якое, па сутнасці, было наборам прыватных выпадкаў. Чым больш яны тэсціравалі, тым больш прыватных выпадкаў яны знаходзілі і ўсё гэта мелася працягвацца да таго моманту, пакуль цярпенне стэйкхолдараў не скончыцца і прыйдзецца рэлізіць што ёсць — прыкладна да кастрычніка мінулага года. Тады я зразумеў, што спадарам-палітыкам патрэбны будзе ахвярны казёл, і да гэтага трэба рыхтавацца.
У кастрычніку, пасля таго, як малады геній высыпаў мне кучу абвінавачванняў, я зрабіў скрыншоты чата і зарэпорціў булінг майму беспасярэдняму начальніку. І тут пачалося самае цікавае — рэакцыя кампаніі.
Мой начальнік горача мне паспачуваў і паабяцаў пагаварыць з маім крыўдзіцелем, пры гэтым падкрэсліў, што не хоча губляць ніводнага з двух прафесіяналаў.
Пасля размовы, якая скончылася нічым (што заканамерна, калі казаць булеру, што ён прафесіянал, якога нельга страціць), мне і булеру было прапанавана пайсці да эйчаркі і «высветліць непаразуменні як прафесіяналам».
Эйчарцы я адразу патлумачыў, што непаразуменняў няма, што я рэпорціў булінг і хачу абмеркаваць гэтае пытанне. Але выявілася, што яна не знаёмая з гэтым тэрмінам.
Эйчарка спыталася, ці не думаю я, што чымсьці справакаваў свайго крыўдзіцеля.
(Загугліце bullying resolution і прачытаеце, што гэта забаронены прыём, эквівалент фразы «сама кароткую спадніцу надзела»).
Апошнія паўгадзіны мітынгу з эйчаркай прайшлі ў абмеркаванні таго, як я разваліў праект, не ўдзельнічаючы ў ім фізічна больш за паўгода, пасылаючы прамяні зла з мінулага.
Наступнага дня я напісаў заяву пра сыход. Дамовіўся з начальствам, што прапрацую яшчэ пяць месяцаў, каб скончыць бягучы праект. Завяршыў яго як прафесіянал, не дазволіўшы сваім эмоцыям уплываць на вынік. Стэйкхолдары ў канцы вельмі здзівіліся, даведаўшыся, што я не буду ўдзельнічаць у падтрымцы праекта.
Нягледзячы на тое, што мяне, замежніка, булілі менавіта мясцовыя, я не лічу, што ў гэтым быў нейкі нацыянальны падтэкст або культурная рыса. Культурная дывёрсіці ў Нідэрландах, марской дзяржаве, мае векавую гісторыю.
Гэта была хутчэй дзядуха: новы чалавек сутыкаецца з існай сістэмай, якая спрабуе яго перамалоць. На гэта налажылася адсутнасць антыбулінгавых механізмаў у канкрэтнай кампаніі.
Падобная праблема была і ў майго боса-нідэрландца, які прыйшоў у кампанію на два гады раней за мяне. Так як ён быў начальнікам, яго ніхто, натуральна, не буліў. Сістэма супраціўлялася інакш: супрацоўнікі новага боса проста сабатавалі.
Я сышоў, атрымаўшы бонус, у абумоўлены тэрмін. Чамусьці мне нават павысілі зп у апошнія тры месяцы. Гісторыю, як яно шукаць працу ў крызіс і як правільна растлумачыць прычыну свайго сыходу на сумоўях, я пакіну для іншага разу.
Читать на dev.by