«Адкладаем толькі 2-3К з 10К». Айцішнік з высокай зп пра жыццё ў Польшчы
Дзiк працягвае чапляцца да ІТ-спецыялістаў з зп у разы вышэйшай за сярэднюю — пагутарыў з 28-гадовым сеньёрам у галіне BE, які атрымлівае каля €10К на месяц.
«Звычайна ўсё дачыста не трацім, але пару разоў здаралася»
— Апошні год я жыву ў Варшаве разам з жонкай і двума маленькімі сабачкамі. Я сеньёр з 10-гадовым досведам: у асноўным гэта BE, але часам і фронтам займаюся, і дэвопсам (СІ/CD у асноўным, ну і куб па дробязі).
Мы вырашылі з’ехаць з Беларусі ў 2020 годзе: спачатку думалі на пару месяцаў з’ехаць у Польшчу, але праз каранцін сабак незразумела як было выводзіць гуляць, таму паехалі ва Украіну. Там затрымаліся крыху больш, ніж на год, але затым атрымалі паўторную PBH і ўсё ж паехалі ў Польшчу.
З часам зразумелі, што нават нягледзячы на вышэйшыя падаткі атрымліваўся прырост у зп.
Цяпер працую як ІП у Польшчы з адным заказчыкам — нямецкай кампаніяй, якая займаецца продажам прадуктаў са сферы healthcare праз інтэрнэт-крамы для ўласных брэндаў.
Даход — каля €10К (крыху больш за $11К) брута, пасля выліку падаткаў застаецца каля €8,5К ($9,5К) на дваіх. Па кантракце ў мяне пагадзінная аплата без адпачынкаў і бальнічных, але тут як дамовішся: мне звычайна проста рэйт большым робяць і аплачваюць дэй’офы. Жонка пакуль не працуе.
Нашы месячныя траты выглядаюць прыкладна так:
- Растэрміноўка на кватэру ў Беларусі: $2100
- Арэнда кватэры ў Варшаве: $1200
- Ежа, алкаголь, бытавая хімія: каля $1100
- Рэстараны, кавярні, дастаўка ежы: ад $600
- Хатнія жывёлы: $100 (часам больш, калі патрэбны ветэрынар або купля чагосьці)
- Падарожжы: ад $3,5 да $5,5К на год
- Непрадбачаныя пакупкі: палічыць складана, але каля $550 сыходзіць, часам больш
- Навучанне ў ВНУ: каля $6К на год
- Разам: $6600 на месяц
Усё гэта — вельмі прыкладныя сумы, бо мы не лічым трат, а цэны можам параўнаць, толькі калі вырашылі дарагую тэхніку купляць.
Звычайна ўсё дачыста не трацім, але пару разоў здаралася: напрыклад, адразу пасля пераезду. Пераязджалі мы сваімі сіламі: на той момант я звальняўся з адной фірмы і ўладкоўваўся ў другую, і ніхто з іх не меў офіса ў Польшчы.
«З адчувальных пастаянных трат — растэрміноўка на жытло ў Беларусі»
З адчувальных пастаянных трат — растэрміноўка на жытло ў Беларусі, якую мы ўзялі за тыдзень да выбараў. Цяпер засталося пару месяцаў выплачваць. Мы ні дня там не пажылі і будзем яе прадаваць. Потым хочам узяць у лізінг новую машыну, а старую прадаць.
Акрамя таго, я вучуся аддалена ў англійскім універсітэце, бо вышкі ў мяне дагэтуль няма — шмат разоў адлічваўся з ВНУ ў Беларусі з розных прычын. Трохгадовае навучанне каштуе 13 тысяч фунтаў. Цяпер я заканчваю другі курс і абсалютна задаволены: праграма значна лепшая, ніж у БДУІР.
З іншых трат — падарожжы, звычайна на 2-3 дні. Спыняемся ў airbnb або недарагіх гатэлях і ямо ў кавярнях/рэстаранах, дзе лепшы рэйтынг. Сумы выходзяць зусім розныя: часам за год толькі адная паездка, а сёлета выдаткі перавалілі далёка за $5 тысяч.
Нават на танныя квіткі туды-назад на дваіх аддаеш у сярэднім 100 еўра, плюс сярэдненькае жытло на дзве ночы ад 200 да 300 еўра выйдзе, ежа, пакупкі і забавы — 200-300 еўра. Вось адная паездка і выходзіць у 500-700 еўра.
Дома мы часцей харчуемся ў кавярнях і часта заказваем дастаўку, а некалькі разоў на месяц ходзім у рэстараны (на ўсё каля $600).
На аўто сыходзіць мала: запраўляем яго звычайна раз на месяц-другі, бо грамадскі транспарт, шэрынгі самакатаў і ровар часта зручнейшыя. Платнай медстрахоўкі ў нас няма, таму ўсяго некалькі разоў карысталіся адзінкавымі платнымі паслугамі.
Увогуле з усімі выдаткамі нам удаецца збіраць у Wise толькі $2-3К на месяц. А яшчэ я заўважыў, што з ростам даходу стаў купляць рэчы, якія не вельмі патрэбныя, але мне хацелася б іх мець. Напрыклад, клавіятуру механічную за $100 (раней і не паглядзеў бы на яе) або праекты на кікстартары. Некаторыя прадукты спрабуеш даражэйшыя і ўжо не хочацца вяртацца да танных (напрыклад, віскі і стэйкі). Але гэта не заўсёды працуе (з хамонам не спрацавала: даражэйшыя часта на смак як чыстая соль без намёку на мяса). А ў асноўным перастаеш звяртаць увагу на цану і больш глядзіш на якасць.
«Сакрэт поспеху просты: Я добры спецыяліст, які ўмее прадаць сябе на сумоўях»
Знаю людзей з вышэйшай кваліфікацыяй, якія атрымліваюць значна менш. Гутарыў са знаёмымі і зразумеў, што хоць пры падобных абавязках зп маюць быць прыкладна падобнымі, але яны часам адрозніваюцца ў разы.
- Так што мой асноўны сакрэт поспеху просты: я добры спецыяліст, які ўмее прадаць сябе на сумоўях.
- Другі момант: я ніколі не прывязваўся да аднаго месца і перыядычна манітору рынак на прадмет лепшых умоў і магчымасцяў для росту.
- Трэці момант: я ўвесь час падвышаю кваліфікацыю, чытаю і спрабую новыя тэхналогіі і мовы.
- Чацвёрты: калі працаваць наўпрост з заказчыкам, атрымліваеш значна больш (выключэнне: ключавыя супрацоўнікі на галерах, каму плацяць звыш рэйту заказчыка, але такіх вельмі мала).
- І яшчэ: калі чалавек сацыяфоб, атрымліваць добры заробак ён будзе ў вельмі рэдкіх выпадках, тбо софт-скілоў ніхто не скасоўваў.
Акрамя таго, мне дапамагае ў працы ўменне хутка вырашаць праблемы і не ствараць новых. Бывае, празмерны энтузіязм можа прывесці як да зацягвання задачы, так і атрымання нечаканага выніку, няякаснага кода, які раз за разам прыйдзецца перарабляць. Ну і досыць частая сітуацыя — гэта бясконцыя спрэчкі, адстойванне свайго пункту гледжання, што можа зацягнуць працэс да бясконцасці.
У мяне падыход іншы: я прыводжу адказнаму за вынік варыянты вырашэння пытання, якія бачу. Калі пасля гэтага прымаецца няправільнае (на мой погляд) рашэнне — я не спрачаюся, а раблю тое, што ад мяне хочуць.
Калі адказны я, то апісваю свае погляды, затым слухаю меркаванне каманды, а потым прымаю рашэнне. Ну і самае частае: заўсёды спачатку імкнуся сфармуляваць спіс пытанняў максімальна поўна, перш як тармасіць іншых. Бо часта ў працэсе частка самых відавочных пытанняў адпадае.
Як сённяшняму джуну перайсці планку даходу ў 10К+?
З улікам нашай інфляцыі, калі джун дарасце да рэальнага сеньёра, 10К ужо не будзе рэдкім заробкам :) Але параіць джунам, як атрымліваць больш, можна.
- Па-першае, вучыць і цікавіцца рознымі рэчамі: чым вышэй пазіцыя, тым важнейшы кругагляд у розных рэчах, бо вам патрэбны яшчэ і глабальнейшы погляд на праблему і рашэнне.
- Па-другое, трэба часта і шмат хадзіць на сумоўі. Гэта таксама навык, і хардскілы — не заўсёды самае важнае. Якім бы ты ні быў спецыялістам, але без софтскілоў і ўмення камунікаваць будзе цяжка працаваць не толькі табе, але і ўсёй камандзе. Адзін токсік можа моцна нашкодзіць перформансу ўсёй каманды, дый ніхто не любіць людзей, якія заўсёды ўсім незадаволеныя. Так, з імі можна працаваць, але прасцей і прыемней працаваць з тым, хто не канцэнтруецца на негатыве і не ные, што ўсё вакол дрэнна.
- Па-трэцяе, важна не патрапіць у камфортнае «балота» без усялякага развіцця. Калі ў вас не атрымліваецца развівацца як спецыяліст унутры кампаніі — шукайце іншую і спрабуйце самі развівацца.
- І па-чацвёртае, не заўсёды варта гнацца за сумай: цалкам рэальна, што з двух офераў лепшым будзе той, дзе менш прапаноўваюць, але праца цікавейшая / шанцаў на развіццё больш.
Калі ты айцішнік, то асноўныя патрэбы і так пакрываеш, так што згаджацца на нецікавую працу дзеля лішняй пары сотняў не варта. Я зразумеў гэта пасля працы ў гэмблінгу. Мы рабілі слоты, а я ў іх не гуляю і не разумею людзей, якім гэта цікава. Там жа адная кнопка — ты сам практычна не ўплываеш на працэс, а на вялікім прамежку часу дакладна будзеш у мінусе. І атрымліваецца, не асабліва цікава рабіць тое, чаго ты нават тэарэтычна не можаш уявіць і што дакладна не будзеш выкарыстоўваць.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by