Айцішнік навучыўся зарабляць 14К+ на месяц. Даведаліся як

43-гадовы айцішнік пераехаў у Гданьск разам з сям’ёй (жонка і двое дзяцей) у 2021 годзе. У IT больш за 20 гадоў. За 2022 год ён зарабіў 750 тысяч злотых нета, або каля $170 тысяч (пацверджанне мае Dzik). Пра тое, як атрымліваць запаветныя 10К і чым даводзіцца дзеля гэтага ахвяраваць — чытайце ў нашым матэрыяле. Гісторыю расказвае канал DzikPic.

87 каментарыяў

«Не менш за 70% заробку мы адкладаем на падушку бяспекі»

— Пераехалі з ініцыятывы жонкі, яна палічыла, што існуе пагроза сям'і праз актыўны ўдзел і фінансаванне пратэстаў. Яна таксама працуе ў ІТ і таксама перагружаная працай. Цяпер яе заробку хапае, каб утрымліваць сям’ю, пакуль я спрабую запусціць стартап.

Кантролю выдаткаў я нават не вяду — на сябе ў рэжыме бесперапыннай працы асабліва не патраціш. Дый асабліва не трэба: не менш за 70% заробку мы адкладаем на падушку бяспекі, захоўваем усё ў банку (у доларах і еўра). Прыкладны бюджэт на сям’ю такі:

  • Арэнда дома — $1500
  • Ежа, алкаголь, Бытавая хімія — $700
  • Рэстараны, кавярні, дастаўка ежы — $150
  • Школа + дзіцячыя гурткі — $1500
  • Падарожжы — $1000
  • Аўто (паліва, страхоўка, ТА) — $150
  • Медыцына --$70 на месяц
  • Разам: каля $5000.

Ніякіх лакальных інвестыцый не рабілі, бо няма гарантый, што ЕС не прыме законаў супраць уцекачоў з Беларусі. Будзь-якіх дарагіх звычак або хобі ў нас няма, да выкарыстання рэсурсу ўсе сямейнікі рацыянальна ставяцца.

Гаспадаркай у нас займаецца жонка. Я знаю цану на піва і бензін, а ў астатнім давяраю яе выбару. Але, калі шчыра, мой рацыён абсалютна просты: а 10 раніцы два яйкі + дзве сасіскі + кубак кавы, бліжэй да вечара сыравяленая каўбаса + часнык + хлеб. Часам расслабляюся ўвечары парай бляшанак піва.

«Мне прасцей у турбарэжыме зарабіць за пару дзён $1-2 тысячы, ніж расцягваць гэта на тыдзень»

Мой досвед у ІТ большы за 20 гадоў, я «шматстаночнік» — базы даных, UI, бізнэс аналіз і тэхнічны аналіз, стэк java, архітэктура і гэтак далей.

Ярка выяўленай пазіцыі няма, уліваюся ў каманду і раблю тое, што трэба для дасягнення мэты — ад звычайнага багфіксінгу да аналізу і архітэктурных задач. Спрабаваў прымерыць на сябе «пагоны» менеджара, але не люблю ад кагосьці залежаць, дый на тэхнічным кірунку зразумела як зарабляць, а з менеджарствам — куды вецер дзьмухне, туды цябе і панясе. Ну і палітык з мяне так сабе: мне прасцей прама камандзе пазначаць праблемы і выслухоўваць прапановы калег, без будзь-якіх закулісных гульняў.

Увесь мінулы год я працаваў B2B (падатак ryczałt — 12%). Адзін кліент — амерыканская кампанія з каранямі з Беларусі (яна дапамагла пераехаць у Польшчу), другі — таксама з ЗША (падкінулі калегі). За год было тры праекты: на двух зарабляў, трэці пачаў сам і таму толькі траціў. Цяпер цалкам сышоў працаваць над сваім праектам, а там як пойдзе: стрэліць — буду спрабаваць бізнэс развіваць, не стрэліць — заўсёды можна вярнуцца.

Пакуль рэжым працы прыкладна такі: а 10 прачнуцца і каля 2-й гадзіны ночы — адбой. Падазраю, па выніках 2023 года я буду самым жабрацкім праграмістам, бо пакуль усе заробленыя грошы і сілы сыходзяць у свой стартап.

Мой сярэдні гадзінны рэйт плавае ў дыяпазоне 40-50$, а там як з кліентам дамовішся. Калі дастатковы ўзровень технавыкаў — прасцей вырашыць задачу хутка і з першага разу, чым расцягваць гэта на працяглы час. Асноўны кліент заўсёды купляе 8 гадзін часу пад праект, каб я ўдзельнічаў у жыццядзейнасці каманды. Калі працоўны механізм наладжаны, члены каманды сінхранізаваныя і разумеюць, што яны робяць, усё вырашаецца хутка. На праектах, якія стартуюць з нуля, часта ўдаецца зрабіць хутка тое, што разлічана на двухтыднёвы спрынт.

Калі ўсё рабіць правільна, значна прасцей зарабіць за дзень-два $1-2 тысячы, ніж расцягваць гэта на тыдзень. Плюс такой працы яшчэ і ў тым, што бок кліента часта не паспявае за камандай распрацоўкі, а гэта дае яшчэ больш вольнага часу (для хобі або іншых праектаў — у кожнага свой выбар). Атрымліваецца такая сумленная гульня «Мы вас абагналі, цяпер чакаем, што далей?». Пры гэтым нявыгадна скарачаць прыцёртую каманду, калі кліент вырашыць «нешта хутка працуюць, можна зэканоміць», бо ў ёй няма асноўнага ўладальніка ведаў.

Ёсць і мінусы «рэжыму берсерка» — нельга паўнавартасна адпачываць без адрыву ад вытворчасці. У рэжыме «працоўнага турызму» з ноўтбукам узровень свабоды абмежаваны мітынгамі, хоць гэта яшчэ туды-сюды нават на двух праектах. Сямейнікі ставяцца з разуменнем, а галоўнае — бачаць, якой цаной забяспечваецца гэты адпачынак.

«Праграмаванне — гэта не мэта жыцця, а працоўны інструмент накшталт малатка, якім забіваюць цвікі і за гэта атрымліваюць грошы»

Высокі заробак, як паказваюць назіранні, абумоўлены ўменнем вырашаць большасць задач улёт і з першага разу.

Мой кліент шануе мяне за тое, што я ў баку ад праблем не застаюся, калі ведаю, як іх вырашаць. У мяне сышло з дзясятак гадоў, каб разуменне шаблонаў праектавання і назапашаныя мікранапрацоўкі дазвалялі збіраць софт як «Lego». Не скажу, што гэта быў лёгкі досвед — я сам панабіваў гузоў на няўдалых запусках стартапаў з буйнымі фінстратамі.

І цяпер на некаторых праектах я «superstar», а на некаторых — «не вельмі». Гэта больш залежыць ад таго, наколькі кліент можа данесці, чаго канкрэтна ён хоча. Калі гаворка пра тое, што «вось вам мільён і зрабіце так, каб я пачаў яшчэ больш зарабляць, а што для гэтага трэба — вырашайце самі, пра сваю бізнэс мадэль я не раскажу» — тут адразу будзе куча рызык. Менеджары звычайна адразу хапаюцца менеджыць, хоць распрацоўшчыкі наладжаныя скептычна: «наперадзе — банальнае „распілоўванне бабла“ і выніковая незадаволенасць кліента». А па сутнасці, поспех праекта будзе залежаць толькі ад таго, ці працаваў хтосьці з каманды ў падобнай галіне.

Для мяне праграмаванне — гэта не мэта жыцця, а працоўны інструмент накшталт малатка, якім забіваюць цвікі і за гэта атрымліваюць грошы. Сама сабою ІТ-галіна вельмі падобная да будоўлі, толькі каб пачаць працаваць у ІТ, інтэлектуальны парог уваходу вышэйшы, а ўсё астатняе адзін у адзін як і ў будаўніцтве. Тут тыя ж самыя «шабашкі», і засмоктваюць яны рыхт-у-рыхт як і ў будаўніцтве, толькі ў будаўнікоў рызыкі для здароўя вышэйшыя.

Калі айцішнікі пытаюцца: «Дзе я збочыў не туды і чаму не атрымліваю 10К?», — гэта толькі спроба апраўдання ўласнай ляноты або боязі змен. Па-першае, часам трэба з самалёта спачатку парашут выкінуць, а потым ужо за ім скокнуць і лавіць у палёце. Пакуль не скокнеш — не зразумееш, на што здольны. 

Па-другое, некаторым варта было б сабе прызнацца: «Я люблю жыць, а не ў кнігах сядзець».

Усе могуць столькі зарабляць, але не маюць сілы волі, бо для гэтага перыядычна трэба станавіцца «ІТ-манахам» і адракацца ад вонкавага свету, апускаючыся ў дакументальна-праектнае або фізіка-матэматычнае, або разбірацца з тым, на што ва ўніверсітэце забіваў. У мяне гэта звычайна выглядае як выпаданне з жыцця на месяц-два, калі ідзе захоп якога-небудзь тэхналагічнага напрамку — асадка, нататнік, талмуды з дакументацыяй, або курсы на курсэры. 

Што я параю сённяшняму джуну, каб атрымліваць больш за 10К? Хлопцам — знайдзі класную жанчыну, каб жаданне сэксу і бытавуха не адцягвалі ад развіцця, і вучоба бесперапынку датуль, пакуль не зразумееш, што для цябе стала цалкам зразумелым, як усё ўладкавана. Дзяўчатам — тое ж самае. […]

Палова+ айцішнікаў з Беларусі незадаволеныя заробкамі. Усё горш, ніж паўгода таму
Па тэме
Палова+ айцішнікаў з Беларусі незадаволеныя заробкамі. Усё горш, ніж паўгода таму
«В ИT моя зарплата была бы ниже». Программисты сменили профессию и не жалеют
По теме
«В ИT моя зарплата была бы ниже». Программисты сменили профессию и не жалеют

Читать на dev.by