2 верасня пачнецца суд над супрацоўнікамі стартап-хаба Imaguru. Дваіх з іх збіраюцца судзіць завочна
У Мінскім гарадскім судзе прызначылі дату пасяджэння па крымінальнай справе супраць кіраўнікоў і супрацоўнікаў стартап-хаба Imaguru: Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай і Яўгена Пугача. Марыніч і Хамянкову будуць судзіць завочна, а Пугач знаходзіцца пад арыштам ад ліпеня 2023 года. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Іх абвінавачваюць агулам па дзесяці артыкулах КК.
Вось гэтыя артыкулы:
- «змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК);
- «заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК);
- «ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў» (ч. 2 арт. 243 КК);
- «злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» (ч. 2 арт. 424 КК);
- «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК);
- «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК);
- «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК);
- «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу» (ч. 2 арт. 361-3 КК);
- «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-2 КК);«стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (ч.2 і 3 арт. 361-1 КК).
Паводле следства, Марыніч і Хамянкова, сярод іншага, датычныя да «здзяйснення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фармаваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-м годзе».
Стартап-хаб Imaguru працаваў у Мінску ад 2013 года. Вясной 2021 года быў закрыты — холдынг «Гарызонт», у якога хаб арандаваў памяшканне, скасаваў дамову ў аднабаковым парадку. У 2023 годзе КДБ прызнаў Imaguru «экстрэмісцкім фармаваннем». Цяпер стартап-хаб працуе ў Варшаве.
Читать на dev.by