20% кампаніі на карысць грамадства: Anthropic стварыла дабрачынны фонд напярэдадні гіганцкага IPO
Anthropic абвясціла пра стварэнне дабрачыннага фонду Public Benefit Fund, у які адразу перадасць 5% сваіх акцый. У будучыні гэты пакет можа вырасці: за кожныя 50% росту капіталізацыі кампаніі фонд будзе атрымліваць яшчэ па 2% папер.
Anthropic абвясціла пра стварэнне дабрачыннага фонду Public Benefit Fund, у які адразу перадасць 5% сваіх акцый. У будучыні гэты пакет можа вырасці: за кожныя 50% росту капіталізацыі кампаніі фонд будзе атрымліваць яшчэ па 2% папер.
Гэта частка падрыхтоўкі Anthropic да гістарычнага выхаду на біржу. Кампанія выйдзе на IPO ў асаблівым статусе «карпарацыі грамадскай карысці» (Public Benefit Corporation). У адрозненне ад звычайных ІТ-гігантаў, гэтая юрыдычная форма на заканадаўчым узроўні абавязвае кіраўніцтва думаць не толькі пра прыбытак інвестараў, але і пра рызыкі для грамадства. А рызыкаў у Anthropic не хаваюць: з 261 старонкі праспекту для інвестараў амаль 80 старонак прысвечана апісанню таго, як ШІ можа стварыць «катастрафічныя і экзістэнцыяльныя пагрозы для чалавецтва».
Куды пойдуць грошы?
Фонд зоймецца сацыяльнымі праектамі, прамымі выплатамі людзям і ахвяраваннямі некамерцыйным арганізацыям. Але галоўны фокус — падтрымка рынку працы, які трашчыць па швах праз аўтаматызацыю.
Тэхгіганты звальняюць тысячы супрацоўнікаў, замяняючы іх нейрасеткамі, а ў МВФ заяўляюць, што ШІ так ці інакш закране да 60% рабочых месцаў у развітых краінах. На даследаванне і змякчэнне гэтых працэсаў Anthropic раней ужо заклала $200 млн, а цяпер прыцягвае і ўласныя акцыі.
Без палітыкі і лабіравання
У кампаніі асобна падкрэслілі, што грошы фонду забаронена выкарыстоўваць для лабіравання законаў або палітычных ахвяраванняў — як у ЗША, так і за мяжой. Паводле паведамлення Politico, Anthropic ужо прапануе амерыканскім заканадаўцам уласны праект закона аб рэгуляванні ШІ-галіны.
У суме з новым фондам, абяцаннем сузаснавальнікаў аддаваць 80% асабістых даходаў на дабрачыннасць і карпаратыўнымі праграмамі, пад сацыяльныя мэты будзе зарэзерваванa каля 20% усіх акцый Anthropic.
Падрабязную структуру фонду і парогі капіталізацыі абяцалі раскрыць у бліжэйшыя месяцы. Ілан Маск, чыя xAI канкуруе з Anthropic, ужо паспеў укалоць яе ў сацсетках, прапанаваўшы «не пладзіць фонды, а папросту раздаць акцыі напрамую людзям».
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.