6 кніг, якія паўплывалі на кіраўніка Apple Ціма Кука

Генеральны дырэктар Apple Цім Кук падзяліўся спісам кніг, якія аказалі на яго значны ўплыў. У падборцы — класічныя раманы, мемуары і біяграфіі, што закранаюць тэмы справядлівасці, лідэрства, чалавечай трываласці і сілы ідэй.

2 каментарыя

Сваімі літаратурнымі перавагамі Кук падзяліўся ў падкасце BBC «Dua Lipa: At Your Service», адказваючы на пытанне пра кнігі, якія сфармавалі яго як чалавека і як кіраўніка.

«Забіць перасмешніка» (To Kill a Mockingbird), Харпэр Лі

Гэтая амерыканская класіка, якая распавядае пра барацьбу за справядлівасць на фоне расавай дыскрымінацыі ў паўднёвых штатах ЗША, уваходзіць у школьную праграму, але, як падкрэслівае Кук, «гэта кніга не толькі для падлеткаў, але і для ўсіх нас». Галоўны герой — адвакат Атыкус Фінч — стаў для многіх увасабленнем маральнай смеласці, сумленнасці і чалавечнасці. «Яна вучыць бачыць чалавека па той бок забабонаў і заставацца верным прынцыпам, нават калі гэта цяжка», — адзначыў Кук.

«Прадавец абутку. Гісторыя Nike, расказаная яе заснавальнікам», Філ Найт

Мемуары сузаснавальніка Nike — гэта больш, чым аповед пра стварэнне спартыўнай імперыі. Гэта шчырае і эмацыйнае сведчанне пра сумненні, правалы, рызыкі і ўнутраную матывацыю прадпрымальніка.
Кук называе яе «кнігай пра жыццё, а не толькі пра бізнес»: «Яна вучыць, што шлях да поспеху — гэта заўсёды пераадоленне, пошук сэнсу і вернасць сваёй ідэі».

«Калі дыханне раствараецца ў паветры» (When Breath Becomes Air), Пол Каланіці

Развітальны тэкст нейрахірурга і навукоўца Пола Каланіці, які даведаўся пра смяротную стадыю раку лёгкіх ва ўзросце 36 гадоў. Ён піша пра жыццё і смерць, абавязак доктара, сэнс існавання і выбар паміж кар’ерай і асэнсаваным жыццём. Кук назваў гэту кнігу «фенаменальнай»: «Гэта магутнае разважанне пра далікатнасць жыцця і важнасць часу, які ў нас ёсць».

«Я — Малала» (I Am Malala), Малала Юсуфзай

Аўтабіяграфія лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру Малалы Юсуфзай, якая перажыла замах талібаў з-за барацьбы за права дзяўчынак на адукацыю. Кук захапляецца яе смеласцю і працай яе фонду. «Малала — прыклад таго, як адзін голас можа змяніць сістэму. Мы супрацоўнічаем з яе фондам, таму што верым у яе місію», — падкрэсліў ён. Apple і Malala Fund з 2018 года працуюць над праектамі, якія забяспечваюць доступ да адукацыі для дзяўчынак у бедных рэгіёнах.

Біяграфіі Марціна Лютэра Кінга і Роберта Кенэдзі

Хаця Кук не ўказаў канкрэтную кнігу, ён згадаў, што чытае жыццяпісы Марціна Лютэра Кінга — лідара руху за грамадзянскія правы ў ЗША. Сярод найбольш вядомых працаў — The Autobiography of Martin Luther King Jr. у рэдакцыі гісторыка Клэйборна Карсона. «Гэта прыклад маральнага лідарства, негвалтоўнага пратэсту і сілы перакананняў», — сказаў Кук.

Брат Джона Кенэдзі і былы генеральны пракурор ЗША Роберт Кенэдзі таксама натхніў Кука сваёй барацьбой за сацыяльную справядлівасць і правамі чалавека. «Ён быў голасам надзеі, асабліва ў цяжкія часы. Яго словы і ўчынкі застаюцца актуальнымі дасюль», — адзначыў кіраўнік кампаніі.

5 натхняльных біяграфій ад Біла Гейтса для летняга чытання
Па тэме
5 натхняльных біяграфій ад Біла Гейтса для летняга чытання
Meta спрабуе забараніць кнігу былой супрацоўніцы пра працу ў кампаніі. Продажы толькі растуць
Па тэме
Meta спрабуе забараніць кнігу былой супрацоўніцы пра працу ў кампаніі. Продажы толькі растуць

Читать на dev.by