Адміністрацыя Трампа пагражае пазбавіць Гарвард магчымасці залічваць замежных студэнтаў
У Міністэрстве ўнутранай бяспекі (DHS) ЗША патрабуюць ад Гарвардскага ўніверсітэта перадаць Беламу дому інфармацыю пра некаторых уладальнікаў візаў — інакш ён не зможа прымаць на навучанне студэнтаў з-за мяжы. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на кіраўніцу ведамства Крысці Ноэм. Акрамя гэтага, DHS адклікала два гранты, выдадзеныя ўніверсітэту, агульнай сумай больш за $2,7 млн.
Ведамства накіравала кіраўніцтву ўніверсітэта ліст, у якім загадала да 30 красавіка надаць інфармацыю пра «незаконныя і гвалтоўныя дзеянні» з боку студэнтаў, што прыехалі ў краіну па візе. Калі Гарвард не падпарадкуецца, то «можа страціць прывілей прымаць замежных студэнтаў», — заявіла Ноэм.
У Гарвардзе выданню пацвердзілі, што атрымалі ліст Ноэм адносна грантаў і віз. Там дадалі, што ўніверсітэт «будзе адстойваць сваю незалежнасць і канстытуцыйныя правы», але разам з тым — падпарадкоўвацца закону.
Раней адміністрацыя Дональда Трампа прыгразіла скараціць фінансаванне амерыканскіх універсітэтаў за прапалестынскія пратэсты ў кампусах. Іх удзельнікі асуджаюць дзеянні ЗША і Ізраіля ў Газе, што адбыліся пасля атакі ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку 2023 года. Трамп называе актывістаў знешнепалітычнай пагрозай — антысемітамі, што падтрымліваюць тэрарыстаў. Адміністрацыя мае намер дэпартаваць частку пратэстоўцаў-замежнікаў і ўжо анулявала сотні візаў.
«У Гарварда ёсць $53,2 млрд ахвяраванняў, дык няхай сам фінансуе свой гармідар — DHS гэтага рабіць не будзе», — адзначыла Ноэм. ВНУ раней паведамляў, што змагаецца з антысемітызмам у кампусе, але разам з тым імкнецца захаваць свабоды студэнтаў і права на пратэст.
Апошнім часам адміністрацыя Трампа замарозіла або цалкам адклікала частку фінансавання Прынстана, Калумбійскага, Браўнаўскага, Корнелскага і Паўночна-Заходняга ўніверсітэтаў. У іх, акрамя нібыта патурання антысемітызму, узніклі праблемы з-за палітыкі па забеспячэнні разнастайнасці, якую ненавідзіць Трамп, і палітык у дачыненні да трансгендараў.
Читать на dev.by