Айцішнік працуе ў польскім офісе Citibank. Расказвае, як уладкаваўся і што ўнутры
Распрацоўшчык з Беларусі пасля некалькіх месяцаў пошукаў працы ў Польшчы атрымаў офер — ад банка Citi Handlowy (быў створаны ў выніку зліцця польскага банка Bank Handlowy і амерыканскага Citibank). dev.by ён расказаў, як яму гэта ўдалося і ў чым палягае яго праца.
Працаўладкаванне
— У мяне каля трох гадоў досведу ў камерцыйнай распрацоўцы. Да гэтага я два гады самастойна вывучаў праграмаванне. Стэк тэхналогій у мяне вялікі: LotusScript, Java, HTML, CSS, Angular, SQL, XML, пару разоў даводзілася ўжываць Basic або праз кансоль адкрываць запароленыя архівы.
Але ў Citi Handlowy мяне ўзялі перш за ўсё дзякуючы LotusScript. Гэта мая асноўная тэхналогія, у якую я трапіў па чыстай выпадковасці: на мінулай працы былі праекты ў HCL Notes. Распрацоўшчыкаў на LotusScript вельмі мала, мяне знайшлі праз пошук па «LotusScript» на Linkedin.
Са мной звязаўся рэкруцёр з агенцтва (банк аддае рэкрутынг на аўтсорс) і запрасіў мяне на папярэднюю размову. У часе размовы ён расказаў пра ўмовы (B2B кантракт) і зарплатны дыяпазон. Мяне ўсё задаволіла, і я пагадзіўся на тэхнічнае інтэрв’ю і знаёмства з камандай.
Тэхсумоўе прайшло вельмі добра — ніколі такіх не было. Усім суразмоўцам было за 40, усе жартавалі і прышпільваліся. Мне далі прыклады кода, папрасілі прачытаць і сказаць, што гэты код робіць і як яго можна палепшыць. Пасля майго адказу адразу далі зваротную сувязь: маўляў, гэта правільна, а вось гэта можна зрабіць вось так. У выніку праз пяць хвілін пасля сумоўя мне ператэлефанаваў рэкруцёр і сказаў, што мяне гатовыя ўзяць. Вось так я і трапіў у банк. Гэта было чатыры месяцы таму.
Дарэчы, у часе сумоўя ўся камунікацыя былі на польскай. У мяне добры ўзровень, В2-С1 (я скончыў універсітэт ім. Адама Міцкевіча ў Познані), так што з гэтым праблем не было. З пашпартам РБ — таксама. Пра грамадзянства мяне ніхто не пытаў.
Я жыву ў Познані, а банк — у Варшаве, таму дамовіліся на аддаленую працу. Толькі ў першы дзень працы я прыехаў у варшаўскі офіс, каб атрымаць тэхніку, наладзіць усё і пазнаёміцца з некаторымі сябрамі каманды асабіста. Паспеў заўважыць, што там ёсць усё, што мае быць у офісе: вялікае фае, сталовая, більярд і іншыя гульні. Самі працоўныя месцы звычайныя — проста сталы з маніторамі.
Нягледзячы на аддаленую працу, у мяне ёсць пропуск у офіс, і пры жаданні я магу там працаваць. Можна нават забраніраваць сабе месца ў іншым горадзе Еўропы, дзе ёсць офіс, напрыклад, у Берліне, і прыехаць туды.
Спецыфіка працы
Кожны дзень у нас дэйлі-кол з камандай (восем чалавек), на якім агаворваем, чым будзем займацца. Працуем па табліцы канбан. Ёсць два віды работ — праектныя і на інцыдэнтах, або bug fix. Зразумела, што чалавека, які толькі прыйшоў у банк, не дапусцяць да выпраўлення інцыдэнтаў з міжнароднымі транзакцыямі. Таму я пакуль распрацоўваю сэрвісы для ўнутранага карыстання.
Я працую на адным праекце з Міхалам, які ўнівер скончыў яшчэ ў 1997 годзе. Па ўсіх пытаннях звяртаюся да яго як да старэйшага. Тут няма ніякага падзелу па ўзроўнях: сеньёры/мідлы. Проста калі ты вельмі добры спец, то будзеш займацца больш важнымі (крытычнымі) сэрвісамі, чым іншыя. Грэйд у цэлым не залежыць ад узроўню веды тэхналогій — важнейшае разуменне прадукту і бізнэс-працэсаў у банку, чым розніцы паміж let і var.
Нават калі чалавек Senior па сваім досведзе, то ў банку адразу ён такім не будзе праз няведанне праектаў і ўнутраных сістэм. Пішуць код усе прыкладна на адным узроўні, проста людзі з досведам глыбока інтэграваныя ва ўнутраныя працэсы і ведаюць, як можна мяняць код у праграме, а як не. Праекты вельмі складаныя і часцей за ўсё старыя, працэс інтэграцыі ў адзін з іх у мяне заняў два месяцы.
Ці цікавая праца? У банку вельмі вялікая кодавая база з сотнямі розных праграм. Бывае, што на працягу некалькіх дзён трэба калупацца, каб потым напісаць радок кода. Але гэта праца, а не забаўляльнае мерапрыемства, мне за яе грошы плацяць. Так што калі трэба праверыць праз comparator ўсе нашыя базы (праграмы) на тэставым серверы і на продзе, то буду сядзець і правяраць.
Зарплата
Прыбыткам задаволены. На рукі выходзіць каля $3500. Праўда, у мяне ёсць яшчэ другая праца, там праект на ўтрыманні, плацяць $1400 на месяц за сэрвіснае абслугоўванне. У банку можна разлічваць на павышэнне, але рост тут вельмі доўгі — зноў-такі праз тое, што зп залежыць ад адказнасці, а не ад ведання тэхналогій. То-бок умоўны Piotrek, які трымае на сабе некалькі крытычны праектаў, знае іх уздоўж і папярок, атрымлівае ў разы больш, чым я, хоць узровень ведаў у нас можа быць аднолькавы.
Так як я на B2B, то адпачынку і бальнічных мне не аплачваюць. Пры жаданні я магу перайсці на працоўны кантракт, але там шмат умоў, напрыклад, мінімум два дні на тыдзень трэба працаваць з офіса.
Мова
Працоўная мова ў банку — польская. Нават каментары да кода пішуцца на польскай. Не раз сустракаў нешта накшталт такога: const uzytkownik Glowny = … А вось дакументацыя з Global — толькі на англійскай, так як банк амерыканскі.
Ведаю, што польская не патрабуецца ў такіх кампаніях, як Netguru (там каманды з розных краін) або Uber (знаёмы ў варшаўскім офісе працуе, там уся фірма гаворыць на англійскай). У іншых жа кампаніях усе сумоўі ў мяне былі на польскай (гэтак жа, як і праца для Geberit, Castorama, Obi, Henkel).
У банк вас без польскай наўрад ці возьмуць, бо ўся каманда не будзе праз аднаго чалавека пераходзіць на англійскую. Да таго ж не ва ўсіх палякаў выдатная англійская — часта толькі базавы ўзровень. Са мной працуе хлопец з Украіны, ён таксама свабодна гаворыць па-польску.
Хачу дадаць, што ніякага ўціску праз маё грамадзянства, акцэнт або штосьці такое няма. Калегі ведаюць, што польская не мая родная мова, і ставяцца з разуменнем.
Калектыў і культура
Калектыў добры, усе людзі вельмі спагадныя. Зносіны з калегамі ў асноўным анлайн, бо многія, як і я, жывуць не ў Варшаве і працуюць з дому. Але я ўжо прывык да гэтага, так як ад 2020 года сяджу на аддаленай працы: спачатку ва ўніверсітэце, а цяпер і тут.
Хоць па-польску да незнаёмых або старэйшым прынята звяртацца Pan/Pani, тут мяне ад гэтага адвучылі. Мой менеджар, які школіў мяне ў першы дзень, адразу сказаў, што ў нас тут «Амерыкан стайл» і мы на роўных.
Адзінае, да дырэктара банка трэба на звяртацца «вы». Да ўсіх астатніх — на «ты». Я дагэтуль не прывык: мне не вельмі камфортна называць жанчын за 40 «дзяўчаты» (хоць усе так іх называюць) або звяртацца да іх накшталт «Прывітанне, ці можаш мне выслаць тое і тое?».
Працоўныя працэсы ў кампаніі запазычаныя са Штатаў. Хтосьці на самым версе вырашае, што вось гэты працэс мае выглядаць так, і ўсе арыентуюцца на гэта. Польскія супрацоўнікі не моцна ўплываюць на гэта, хіба што жарты на дэйлі-сазвонах мясцовыя.
Читать на dev.by