«І разумееш, што ў Мінску жыць можна». Айцішнік вярнуўся з Барселоны праз камісію і даў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню

Крэатыўны прадзюсар Дзяніс Маркін працаваў у беларускіх ІТ-кампаніях. У 2022 годзе ён пераехаў з сям’ёй у Іспанію, а не так даўно вярнуўся ў Мінск праз «камісію па вяртанні». Далей было інтэрв’ю «Першаму інфармацыйнаму», у якім яго пытаюцца пра прычыны ад’езду і вяртання.

153 каментарыя

Чаму айцішніку давялося звяртацца ў «камісію», з інтэрв’ю незразумела. Паводле агучанай версіі, у кастрычніку 2022 года працадаўца прапанаваў яму пераезд у Барселону з павышэннем зарплаты і добрым рэлакацыйным пакетам. Спачатку айцішніку ўсё падабалася: «Барселона, мора, усё выглядала выдатна, вялікая дапамога кампаніі ў плане пераезду». Потым давялося перажыць цяжкасці міграцыі.

Як ён тлумачыць у інтэрв’ю, у Барселоне не ўдавалася цалкам расслабіцца:

— Тут [у Мінску], нават калі працы не будзе, ёсць адчуванне, што з табой нічога не здарыцца. Нават калі працу страціць, то можна пераседзець дзе-небудзь на лецішчы, і знойдзецца, хто пакорміць. Таму ёсць адчуванне абароненасці. А там усё жорстка: калі ў цябе праблема з працай, то закрываюцца адразу ДНЖ.

З мінусаў Барселоны айцішнік пералічыў таксама бамжоў, бруд і крадзеж на вуліцах.

Не парадавалі айцішніка і падаткі. Паводле яго слоў, пасля выплаты іспанскіх падаткаў і пагашэння рахункаў «разумееш, што тут [у Беларусі], нават калі атрымліваць на 30% меншую зарплату, то ўсё роўна ты багацейшы».

— Па сутнасці, ты туды прыязджаеш і потым не разумееш, што ты там робіш, бо мора ўжо не так радуе. І ты разумееш, што, у прынцыпе, у Мінску можна жыць, — рэзюмуе ён.

Выхад інтэрв’ю супаў з заявай генпракурора Андрэя Шведа аб тым, што праца «камісіі па вяртанні» будзе працягнутая. Паводле яго слоў, камісія разгледзела 241 заяву, а вярнуліся ў Беларусь 19 чалавек. Пры гэтым некаторыя чамусьці прыязджалі і вярталіся па некалькі разоў. 

«Камісія па вяртанні» была створаная два гады таму ўказам Лукашэнкі. Яна прапаноўвае нібыта бяспечнае вяртанне ў абмен на раскаянне і публічныя прабачэнні тым, хто пасля 1 студзеня 2020 здзейсніў «адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай накіраванасці». Тым не менш вядома як мінімум аб адным выпадку завядзення крымінальнай справы супраць беларускі, якая вярнулася такім чынам у краіну і дала інтэрв’ю дзяржСМІ.


Читать на dev.by