Айцішнік заплаціў $60 000 кампенсацыі, каб пазбегнуць «крыміналкі» праз данаты
Дзяржтэлеканал АНТ паказаў сюжэт з удзелам сілавікоў і тых, хто быў затрыманы за крыптавалютныя данаты ў розныя пратэсныя фонды. Сярод іх знайшліся і айцішнікі.
Адным з затрыманых за данаты, каго паказалі ў сюжэце, выявіўся праграміст з Мінска Аляксандр Зіязетдзінаў. Як сцвярджае дзяржтэлеканал, айцішнік спецыялізаваўся на крыптавалютах і перавёў у розныя фонды «вялікія сумы грошай».
У поле зроку ДФР праграміст трапіў у 2022 годзе. За фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці яго прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Ужо пасля вынясення прысуду сілавікі нібыта ўстанавілі дачыненне праграміста яшчэ да 5 крыптавалютных плацяжоў на адрас фондаў на 16 тысяч рублёў.
У сюжэце паведамляецца, што праграміст абмяняў 31 біткойн і пералічыў сродкі на рахункі медустаноў. На сёння адзін біткойн каштуе больш за 26 тысяч долараў. Атрымліваецца, што агульная сума кампенсацыі магла перавысіць 800 тысяч долараў. Таксама айцішнік падаў хадайніцтва аб памілаванні і чакае рашэння.
Дзяржтэлеканал згадаў яшчэ аднаго спецыяліста з ІТ Антона Федарэнкі, які нібыта таксама данаціў крыптавалюту. Але цяпер ён на волі, бо перавёў 60 тысяч долараў у дзіцячы анкацэнтр у якасці кампенсацыі.
Аўтары сюжэта заяўляюць, што за данаты можна пазбегнуць крымінальнага пераследу, «калі ахвяраванне было разавым і чалавек не разабраўся». Яшчэ адной умовай з’яўляецца «поўнае раскаянне».
Таксама ў сюжэце згадваюцца розныя сумы данатаў, якія рабілі не толькі айцішнікі. Напрыклад, паводле звестак КДК, нейкі «дастаткова забяспечаны грамадзянін Беларусі, які мае замежнае грамадзянства», пералічыў 122 тысячы долараў у крыптавалюце.
Усяго, паводле звестак сілавікоў, ДФР і Следчы камітэт за шэсць месяцаў гэтага года выявілі «70 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці і шэсць злачынстваў, звязаных з фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці». Пры гэтым для сілавікоў не мае значэння, калі арганізацыю прызналі «экстрэмісцкай» або «тэрарыстычнай».
Дадамо, што ІТ-кампаніі працягваюць атрымліваць спісы супрацоўнікаў, якія рабілі данаты ў пратэсныя фонды. Тых, хто данаціў, просяць прыйсці ў КДБ, пацвердзіць факт данату і выплаціць кампенсацыю.
Як сцвярджаюць айцішнікі, якія ўжо пабывалі на такіх гутарках, у Мінску мінімальная сума ахвяраванняў складае 1000 долараў, у рэгіёнах — 500 долараў. У шэрагу выпадкаў гаворка вялася пра суму ў 10 разоў большую за суму данату. Пры гэтым на гутарку ў КДБ і «выплату штрафаў» настойліва клічуць у тым ліку тых, хто ўжо не ў краіне і не працуе ў кампаніях з данат-спісаў.
Читать на dev.by