Айцішніку на старце адмовілі праз грамадзянства Беларусі. Ці нават праз месца нараджэння?
Рэкрутынгавае агенцтва выканала распараджэнне невядомай кампаніі з Еўропы.
Айцішнік, які ўжо тры гады пражывае па-за межамі Беларусі, адгукнуўся на вакансію Product Data Analyst, якая падалася яму выдатнай. У апісанні было патрабаванне да лакацыі: не Расія, не Беларусь. Наш герой як раз адпавядаў. Але ў размове з супрацоўніцай рэкрутынгавага агенцтва хутка высветлілася, што ён усё ж такі не падыходзіць. Рэч не ў скілах, а ў пашпарце РБ.
Цікавая дэталь: рэкруцёрка піша з расійскага нумара, само агенцтва, падобна, таксама расійскае. Так што суразмоўцы ў адной лодцы.
Што значыць «кандыдаты родам з РФ, РБ», не зусім зразумела. Айцішнік прачытаў літаральна і вырашыў, што гаворка ідзе пра месца нараджэння.
«У выніку напісалі, што не разглядаюць кандыдатаў, хто нарадзіўся (!) у Беларусі. Менавіта нарадзіўся! Цікава, што ў рэкруцёркі тэлефон расійскі =)) Падаецца, што гэта дыскрымінацыя мяне як беларуса. Як вы лічыце?» — напісаў ён у фэйсбуку.
Каментатары выказалі здагадку, што гаворка ўсё ж такі пра грамадзянства. Аднак рэкруцёрка трактоўку пра месца нараджэння не абвергла.
Што за ІТ-кампанія з Еўропы так перадузята ставіцца да суіскальнікаў, айцішнік не даведаўся — у вакансіі назвы няма. Каментатары ў фэйсбуку выказалі здагадку, што гэта можа быць украінская (або проста невялікая) кампанія, і тады «можна зразумець, яны проста не хочуць разбірацца ў тонкасцях».
Яшчэ адная гіпотэза — гэта капрыз заказчыка: «Калі кампанія аўтсорсінгавая і кандыдатаў шукаюць пад кліенцкі праект, то бздура пра нараджэнне можа быць і ад кліента».
Пры гэтым на дыскрымінацыю, па пашпарце або па нараджэнні, нельга заплюшчваць вочы, перакананыя каментатары.
«Але, што важна, такога нельга глытаць. І варта ветліва спытаць [у рэкруцёра], ці яна выказвае сваю пазіцыю, ці пазіцыю кампаніі. Ці гатовая кампанія афіцыйна пацвердзіць, што практыкуе дыскрымінацыю паводле месца нараджэння? Бо гэтая важная інфармацыя мае быць адлюстраваная ў рэйтынгу Clutch, напрыклад».
Wanted. Калі вы сутыкнуліся з дыскрымінацыяй пры найманні ў сувязі са сваім паходжаннем, пішыце ў bot. Гэта ананімна.
Читать на dev.by