Amazon патрабуе ад супрацоўнікаў хадзіць у офіс 3 дні на тыдзень. Другая кампанія Безаса запатрабавала ўсе 5
Касмічная кампанія Blue Origin Джэфа Безаса прымушае многіх супрацоўнікаў працаваць з офіса 5 дзён на тыдзень. Дагэтуль дзейнічала трохі больш гнуткая палітыка, адзначае Insider.
Нядаўна кіраўніцтва кампаніі разаслала электроннае паведамленне, у якім гаварылася, што супрацоўнікі, замацаваныя за адным з пяці офісаў у Дэнверы (Каларада), Фініксе (Арызона), Рэстане (Вірджынія), Эль Сегунда і Вудленд-Хілз (Каліфорнія), мусяць хадзіць туды для «павышэння наведвальнасці». Офісы ў Сіэтле, Хантсвіле (Алабама), Фларыдзе і Тэхасе загружаныя нармальна або нават перапоўненыя.
«Як вам вядома, Blue прытрымліваецца прынцыпу „працаваць на працы“. Нашая каманда мацнейшая, калі мы ўзаемадзейнічаем з калегамі твар у твар і паблізу ад нашых праектаў і абсталявання», — дадала кампанія.
Тэхнагіганты накшталт Amazon і Google звычайна выбіраюць больш гнуткі падыход і просяць супрацоўнікаў знаходзіцца ў офісе мінімум 3 дні на тыдзень. Але нават яны сутыкаюцца з супрацівам і незадаволенасцю супрацоўнікаў, якія сумняваюцца ў эфектыўнасці прымусу.
Супрацоўнікі Blue Origin адзначаюць, што былі здзіўленыя патрабаваннем поўнага вяртання ў офіс. У леташнім унутраным распараджэнні менеджарам было сказана, што кампанія не плануе навязваць агульныя парадкі для ўсіх і што яны могуць карэктаваць рэжым працы з улікам патрэбаў супрацоўнікаў. Чаму цяпер Blue Origin вырашыла ўсё памяняць, невядома, але ў свежым лісце згадана, што сумесная праца важная для карпаратыўнай культуры, згуртаванасці і выніковасці.
«Праектаванне і будаўніцтва ракет, рухавікоў і касмічных сістэм патрабуе беспасярэдняга ўдзелу інжынераў, працаздольных каманд падтрымкі і шмат чаго іншага. Паколькі ўсё больш супрацоўнікаў вяртаецца ў офіс, энтузіязм і энергія вакол нашай місіі і дасягнення мэтаў працягваюць расці», — напісала кампанія.
Читать на dev.by