AMD запартнёрылася з OpenAI, узляцела на траціну
Каціроўкі AMD выраслі больш чым на 30% у панядзелак пасля абвяшчэння пра ўгоду з OpenAI, паводле якой апошняя можа атрымаць да 10% акцый чыпмэйкера, піша CNBC. Паводле ўмоў пагаднення OpenAI разгорне ў суме 6 ГВт вылічальных магутнасцяў на базе графічных працэсараў AMD Instinct у бліжэйшыя гады. Першы этап у 1 ГВт запланаваны на другую палову 2026 года.
У межах угоды AMD выдала OpenAI варрант, які дае права на набыццё да 160 млн звычайных акцый кампаніі. Першы транш варранта стане даступны пасля поўнага разгортвання першага гігавата, а наступныя траншы будуць адкрывацца па меры таго, як будуць дасягнуты ўсе 6 ГВт і выкананы ключавыя тэхнічныя і камерцыйныя ўмовы ўгоды. Калі OpenAI рэалізуе варрант цалкам, яе доля ў AMD можа скласці прыкладна 10% ад бягучай колькасці выпушчаных акцый. OpenAI заявіла, што ўгода ацэньваецца ў мільярды даляраў, але дакладную суму не раскрыла.
Кіраўніцтва OpenAI адзначыла, што лідарства AMD у сферы высокапрадуктыўных чыпаў дапаможа паскорыць развіццё і зрабіць перадавыя ШІ-тэхналогіі больш даступнымі. Пагадненне робіць AMD ключавым стратэгічным партнёрам OpenAI і з’яўляецца адной з найбуйнейшых па аб’ёме ўгод па пастаўцы GPU у індустрыі ШІ. Зусім нядаўна OpenAI заключыла ўгоду на $100 млрд з Nvidia, якая на навінах пра AMD упала на 1%.
Ацэначны кошт будаўніцтва 1 ГВт магутнасцяў складае прыкладна $50 млрд. Толькі за апошнія два тыдні OpenAI дала абавязацельстваў прыкладна на $1 трлн інфраструктурных выдаткаў. Апроч гэтага, OpenAI вядзе перамовы з Broadcom аб стварэнні кастомных чыпаў для наступнага пакалення сваіх мадэляў.
Гендырэктар AMD Ліза Су назвала ўгоду «ўзаемавыгоднай», адзначыўшы, што яна дапаможа рэалізаваць амбіцыйныя планы па будаўніцтве ШІ-інфраструктуры і прасуне ўсю экасістэму.
OpenAI актыўна пашырае сваю інфраструктуру ў рамках праекта Stargate: першы аб’ект у тэхаскім Абіліне ўжо працуе на чыпах Nvidia, а ў планах ёсць новыя пляцоўкі ў Нью-Мексіка, Агая і ў рэгіёнах Сярэдняга Захаду, дзе будуць задзейнічаны рашэнні розных вытворцаў, уключаючы AMD.
Читать на dev.by