Амерыканскі аўтсорсер, які амаль сышоў з Мінска, скароціць 60 чалавек. Польскіх ІП таксама
СЕО Softeq Development Крыс Ховард напісаў ліст супрацоўнікам — паведаміў пра звальненне 60 чалавек. Дазналіся падрабязнасцей.
Softeq Development заснаваная ў 1997 годзе. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Х’юстане, штат Тэхас. У 2008 годзе ў Мінску быў адкрыты цэнтр распрацоўкі — «Софтэк Дэвелапмент». Ад ліпеня 2009 года кампанія з’яўляецца рэзідэнтам ПВТ.
Softeq Development распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і «жалеза» на заказ для такіх кліентаў, як Microsoft, Coca-Cola, Epson, Samsung. Таксама кампанія аказвае паслугі ў галіне распрацоўкі вэб-рашэнняў, мабільных праграм і гульняў, убудаваных сістэм і нізкаўзроўневых утыліт, а таксама мультыплатформавых праграм.
У сваім лісце Крыс Ховард адзначае (тэкст ёсць у распараджэнні рэдакцыі), што кампанія скарачае частку каманды — 60 пазіцый — «у рамках стратэгічнай рэарганізацыі». Гэта «цяжкае рашэнне».
Softeq Development чакае, што гэта дапаможа «засяродзіцца на прыярытэтных напрамках бізнэсу і падрыхтавацца да магчымых змен у эканоміцы».
«Хоць мы не можам сказаць, што гэта ніколі не паўторыцца, мы верым, што сённяшнія змены зробяць нашую кампанію мацнейшай і нацэленай на стварэнне лепшай будучыні», — заключае Крыс.
Мяркуючы з профіляў супрацоўнікаў Softeq Development ў лінкедзіне, усяго ў кампаніі працуе не менш за 400 чалавек. То-бок пад звальненне патрапіць прыкладна 15% каманды.
Офісы распрацоўкі Softeq Development на сёння — у Вільні і Мантэрэі (Мексіка).
Мы не ведаем, ці функцыянуе ў нейкім выглядзе мінскі офіс — пасля 24 лютага 2022 супрацоўнікі масава пераязджалі ў Літву, але «на паперы» кампанія пакуль дзейная.
Што супрацоўнікі расказваюць пра звальненні
Некалькі супрацоўнікаў кампаніі расказалі dev.by, што скароцяць у асноўным спецыялістаў на бэнчы (уключаючы частковы), некаторых спецыялістаў «з высокім заробкам», а таксама супрацоўнікаў-ІП, якія працавалі па праграме Work From Anywhere — у прыватнасці, у Польшчы. На сайце кампаніі паведамляецца, што ўсяго ў Польшчы 30 супрацоўнікаў, нанятых паводле мадэлі b2b. Сярод іх ёсць і рэлаканты з Беларусі.
— Гаворка ідзе пра супрацоўнікаў, якія не ўладкаваныя афіцыйна ў офіс кампаніі ў Вільні, а працуюць як ІП — у прыватнасці, у Польшчы. Гэта мой выпадак. Я рэлакаваўся ў Польшчу з Беларусі яшчэ летась. Кантракт з ІП не прадугледжвае сацыяльных гарантый, таму ў першую чаргу звальненні закранулі нас. Наколькі я ведаю, супрацоўнікаў у Вільні скарачэнні асабліва не закранулі.
Супрацоўнікам, якія трапілі пад скарачэнне, кампанія дала магчымасць дапрацаваць да канца красавіка. Так, нашаму суразмоўцу «паабяцалі выплаціць кампенсацыю за май», умовы звальнення іншых спецыялістаў яму невядомыя.
На думку яшчэ аднаго суразмоўцы dev.by, сітуацыю ў Softeq Development мог ускладніць масавы рэлакейт з Мінска ў Літву пасля 24 лютага 2022 года («падаткі ў Літве нашмат вышэйшыя, і ўсім пераглядалі заробак — на меншы заробак нета, ніж у Мінску, ніхто не паехаў»), а таксама рашэнне адкрыць офіс у Мексіцы на пачатку 2022 года:
— Мексіканцы сядзелі па паўгода на бэнчы і «ціснулі» тым самым на профіт кампаніі. Гэта паўплывала на рэйты кампаніі, якія выраслі, а большасць кліентаў скарачае выдаткі.
Што супрацоўнікі расказваюць пра мінскі офіс
Верагодна, мінскі цэнтр распрацоўкі Softeq Development дэ-факта ўжо ўсё (але пакуль не дэ-юрэ).
Паводле слоў суразмоўцаў dev.by, пасля 24 лютага 2022 — пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — топ-менеджмент Softeq Development «прыняў рашэнне сысці з Беларусі і закрыць офіс распрацоўкі. Кампанія настойвала на рэлакацыі супрацоўнікаў. Дапамагала з візамі і давала невялікую рэлакацыйную кампенсацыю — каля 1000 долараў».
Паводле даных rekvizitai.vz.lt, за мінулы год штат літоўскага офіса вырас амаль у 5 разоў — ад 30 да 140 супрацоўнікаў.
З тымі, хто адмовіўся ад рэлакацыі, развіталіся, сцвярджаюць спікеры.
У мінскім офісе Softeq Development працавала каля 280 спецыялістаў. Колькі з іх у выніку было звольнена, невядома. Паводле ацэнак аднаго з суразмоўцаў, «рэлакавалася каля 200 чалавек».
У лінкедзіне мы знайшлі профілі 80+ чалавек, якія пазначылі ў якасці актуальнага месца працы Softeq Development і Беларусь у якасці лакацыі. Невядома, ці то працуюць яны ў Беларусі, ці то «не абнавілі лакацыі», як мяркуюць нашыя суразмоўцы.
Мінскі офіс, паводле інфармацыі супрацоўнікаў (яны спасылаюцца на заявы кампаніі на агульных мітынгах), хацелі ліквідаваць да канца 2022, затым — вясной 2023. У нас няма пацверджанняў гэтай інфармацыі, чакаем адказу кампаніі на наш запыт.
Пакуль, паводле даных адзінага дзяржрэгістра, «Софтэк Дэвелапмент» — дзейная кампанія. Пры гэтым на сайце Мінска няма ў спісе лакацый.
Ліст ад СЕО з тлумачэннем прычын крызісу нядаўна таксама атрымалі супрацоўнікі iTechArt — некаторых з іх таксама «не будуць утрымліваць», маштабы скарачэнняў невядомыя.
Вы можаце падтрымаць dev.by рознымі спосабамі, напрыклад, хуткім данатам проста цяпер:
Читать на dev.by