Амерыканскі таксі-сэрвіс Lyft сыходзіць з Беларусі

Амерыканскі таксі-сэрвіс Lyft ліквідуе беларускую юрыдычную асобу «Ліфт БіЭлЭр». Такая інфармацыя з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістра.

20 каментарый

Працэс ліквідацыі кампаніі афіцыйна быў запушчаны 14 кастрычніка на рашэнне ўласніка. 

Пра тое, што Lyft збіраецца згарнуць бізнэс у Беларусі, стала вядома яшчэ ў лютым гэтага года. Таксі-сэрвіс вырашыў скарэктаваць свае планы «праз геапалітычную сітуацыю ў Беларусі» і звязаныя з гэтым рызыкі, расказалі dev.by супрацоўнікі на ўмовах ананімнасці. 

Кампанія на запыт dev.by пазней адказала, што прынятая пастанова «скараціць прысутнасць у Беларусі». Але пра закрыццё нічога не паведамлялася. 

— Гэта будзе адбывацца ў некалькі этапаў на працягу 2024 года, многія сябры каманды змогуць далей працягваць аказваць паслугі Lyft. Мы цэнім унёсак каманды з Беларусі, і нашая прыярытэтная задача — падтрымаць іх у працэсе выбару далейшага шляху, — расказвалі ў Lyft.

Паводле інфармацыі dev.by, частка супрацоўнікаў мінскага офіса зможа працаваць у Польшчы. Lyft раней паведаміла супрацоўнікам, што не плануе адкрываць юрыдычную асобу ў Польшчы, а будзе працаваць праз Poland PEO.

PEO (Professional Employer Organization) — гэта іншая платформа, якая аказвае паслугі аўтсорсінгу HR кліентам B2B. Рашэнне дазваляе кампаніям наймаць супрацоўнікаў у любым пункце свету з захаваннем усіх патрабаванняў і без неабходнасці стварэння замежнай юрыдычнай асобы.

Міжнародныя PEO-кампаніі выконваюць усе абавязкі па працаўладкаванні ад імя заказчыка паслуг — ад прыёму на працу да разліку заработнай платы, падаткаў, ільгот і рэлакацыі. Lyft працуе з Velocity Global.

Lyft зарэгістраваў кампанію ў Мінску ў маі 2015 года. Восенню 2019 года стала вядома, што Lyft набыў каманду, якая раней працавала над сэрвісам Juno ў Мінску. На той момант — 99 чалавек.

Таксі-стартап Juno запусцілі стваральнікі Viber Ігар Магазінік і Тальман Марка ў 2015 годзе. На той момант ён пазіцыянаваўся як сакрэтны праект, які «зменіць свет», — фішкай таксі-стартапа былі апцыёны для кіроўцаў. У красавіку 2017 года сэрвіс купіла Gett, сума ўгоды склала $200 млн. А ў 2018 годзе кампанія наважылася прадаць Juno і пакінуць амерыканскі рынак.

У студзені 2023 года ўрад Беларусі ўключыў юрыдычную асобу «Ліфт БіЭлЭр» у спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін. Ім (акцыянерам) забаранілі адчужаць належныя долі (акцыі) у статутных фондах юрыдычных асоб у РБ без спецыяльнага дазволу Мінфіна.

Увесну мінулага года Lyft абвясціў аб скарачэнні глабальнай каманды амаль на чвэрць (1000+ чалавек). Звальненні закранулі і мінскі офіс. Пазней кіраўнік мінскай каманды Lyft (экс-Juno) Аляксей Мінкевіч выклаў у лінкедзіне файл са спасылкамі на профілі «добрых людзей», якія «вызваліліся» ў выніку скарачэнняў у таксі-сэрвісе. У ім было 11 супрацоўнікаў. Большасць працавала ў Польшчы.

Летась глабальны штат Lyft налічваў каля 4 тысяч супрацоўнікаў. У Беларусі працуе больш за 100 чалавек. На сайце кампаніі размешчана каля 200 вакансій, але сярод лакацый няма Мінска. Кампанія на дадзены момант працягвае лічыцца ў спісе рэзідэнтаў ПВТ.


Читать на dev.by