Амерыканскі Lyft дагэтуль у Беларусі, але плануе паступова згортвацца ў 2024
Амерыканскі таксі-сэрвіс Lyft на працягу гэтага года скароціць каманду ў Беларусі. Пра гэта топ-менеджмент паведаміў супрацоўнікам, даведаўся dev.by. Кампанія таксама пацвердзіла.
Таксі-сэрвіс Lyft вырашыў скарэктаваць свае планы «праз геапалітычную сітуацыю ў Беларусі» і звязаныя з гэтым рызыкі. Пра гэта мінская каманда даведалася на пачатку лютага.
Адная з крыніц паведаміла dev.by, што «Lyft у Мінску збіраецца сысці з Беларусі, супрацоўнікам паведамілі пра тое, што кампанія найбліжэйшым часам закрыецца».
Аднак пакуль у нас няма пацверджанай інфармацыі пра планаванае закрыццё мінскага офіса Lyft.
Кампанія на запыт dev.by адказала, што прынятая пастанова «скараціць прысутнасць у Беларусі».
— Гэта будзе адбывацца ў некалькі этапаў на працягу 2024 года, многія сябры каманды змогуць далей працягваць аказваць паслугі Lyft. Мы цэнім уклад каманды з Беларусі, і нашая прыярытэтная задача — падтрымаць іх у працэсе выбару далейшага шляху, — расказалі ў Lyft.
Паводле інфармацыі dev.by, частка супрацоўнікаў мінскага офіса зможа працаваць у Польшчы. Lyft паведаміла супрацоўнікам, што пакуль не плануе адкрываць юрыдычную асобу ў Польшчы, а будзе працаваць праз Poland PEO.
PEO (Professional Employer Organization) — гэта асобная платформа, якая прадастаўляе паслугі аўтсорсінгу HR кліентам B2B. Рашэнне дазваляе кампаніям наймаць супрацоўнікаў у любым пункце свету з захаваннем усіх патрабаванняў і без неабходнасці стварэння замежнай юрыдычнай асобы.
Міжнародныя PEO-кампаніі выконваюць усе абавязкі па працаўладкаванні ад імя заказчыка паслуг — ад прыёму на працу да разліку заработнай платы, падаткаў, ільгот і рэлакацыі. Lyft працуе з Velocity Global.
Таксама кампанія паведаміла супрацоўнікам, што ролі, якія не падпадаюць пад патрабаванні Poland PEO, будуць паэтапна скасаваныя ў адпаведнасці з лакальным заканадаўствам.
Lyft зарэгістраваў кампанію ў Мінску ў траўні 2015 года. Восенню 2019 года стала вядома, што Lyft набыў каманду, якая раней працавала над сэрвісам Juno ў Мінску. На той момант — 99 чалавек.
Таксі-стартап Juno запусцілі стваральнікі Viber Ігар Магазінік і Тальман Марка ў 2015 годзе. На той момант ён пазіцыянаваўся як сакрэтны праект, які «зменіць свет», — фішкай таксі-стартапа былі апцыёны для кіроўцаў. У красавіку 2017 года сэрвіс купіла Gett, сума ўгоды склала $200 млн. А ў 2018 годзе кампанія вырашыла прадаць Juno і пакінуць амерыканскі рынак.
У студзені 2023 года ўрад Беларусі ўключыў юрыдычную асобу «Ліфт БіЭлЭр» у спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін. Ім (акцыянерам) забаранілі адчужаць належныя долі (акцыі) у статутных фондах юрыдычных асоб у РБ без спецыяльнага дазволу Мінфіна.
Увесну мінулага года Lyft абвясціў пра скарачэнне глабальнай каманды амаль на чвэрць (1000+ чалавек). Звальненні закранулі і мінскі офіс. Пазней кіраўнік мінскай каманды Lyft (экс-Juno) Аляксей Мінкевіч выклаў у лінкедзіне файл са спасылкамі на профілі «добрых людзей», якія «вызваліліся» ў выніку скарачэнняў у таксі-сэрвісе. У ім было 11 супрацоўнікаў. Большасць працавала ў Польшчы.
Летась глабальны штат Lyft налічваў каля 4 тысяч супрацоўнікаў. У Беларусі працуе больш за 100 чалавек. На сайце кампаніі размешчана больш за 200 вакансій, але ў ліку лакацый няма Мінска. Кампанія — рэзідэнт ПВТ.
Хто ўжо сышоў
Успомнілі, якія вядомыя амерыканскія кампаніі ўжо сышлі з Беларусі ад 2022 года.
WorkFusion — займаецца распрацоўкай тэхналогій для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў. Сярод заказчыкаў — найбуйнейшыя сусветныя кампаніі з Fortune Global 500, страхавыя і фінансавыя карпарацыі, банкі. У 2021 годзе кампанію ацэньвалі ў $1+ млрд.
Arteza — e-commerce кампанія, была ўключаная ў рэйтынг самых хуткарослых прыватных амерыканскіх кампаній Inc. 5000, у топ-100 прадаўцоў Amazon. Гадавы абарот — 100 мільёнаў долараў.
EIS Group — адная з вядучых сусветных кампаній, якія ствараюць прадукты для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў страхавых кампаній. Платформа Eis Suite выкарыстоўваецца страхавымі кампаніямі ва ўсім свеце.
Softeq Development — распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і «жалеза» на заказ для такіх кліентаў, як Microsoft, Coca-Cola, Epson, Samsung. Таксама кампанія аказвае паслугі ў галіне распрацоўкі вэб-рашэнняў, мабільных праграм і гульняў.
Kyriba — міжнародны правайдар воблачных рашэнняў у галіне фінансавага кіравання. Сярод кліентаў Kyriba — вядомыя транснацыянальныя карпарацыі, у прыватнасці, Amazon, Uber, Tesla, Auchan.
Tealium — амерыканская кампанія-аднарог (ацэнка 1,2 мільярда долараў). Асноўны прадукт — big data-платформа, якая дапамагае сэрвісам і арганізацыям збіраць і аналізаваць даныя сваіх кліентаў з дапамогай вэб-, мабільных, аўтаномных прылад і прылад IoT. Сярод партнёраў кампаніі: Facebook, Sony, T-Mobile, Hulu, Uber, American Airlines.
Kaseya — распрацоўшчык прадуктаў для кіравання ІТ-інфраструктурай. Стартап прыйшоў у Мінск у красавіку 2019. Былі планы на працягу паўтара года перанесці ў Беларусь усе прадукты і зрабіць мінскі офіс ключавым цэнтрам распрацоўкі. На піку ў мінскім офісе працавала каля 170 супрацоўнікаў.
TangoMe — развівае праграму для анлайн-трансляцый Tango Live. Гэта адная з вядучых платформаў для анлайн-трансляцый ва ўсім свеце. Гадавы абарот ацэньваецца ў 400 мільёнаў долараў.
VIAcode — займаецца распрацоўкай бізнэс-праграм і софту. Асноўным заказчыкам з’яўляецца Microsoft.
Freshly — распрацоўшчык софту для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў у сферы электроннага гандлю з выкарыстаннем воблачных тэхналогій і штучнага інтэлекту.
Дзякуй, што чытаеце нас, дарагі юзер. Некалькі разоў на тыдзень (часам радзей, і дарма) вы заходзіце на dev.by. Часы бываюць розныя (наш cash flow упаў у разы, напрыклад).
Але нягледзячы на жах за акном, мы працягваем працаваць, слухаць і чуць вас, знаходзіць абнадзейлівыя гісторыі, зашкварныя выпадкі, фіксаваць усё, што адбываецца з беларускім ІТ. Дапамажыце dev.by заставацца з вамі. Мы вам яшчэ спатрэбімся.
Сапорціце dev.by праз Patreon, Donorbox (зручна ў Беларусі) або крыпту:
- Bitcoin (BTC): 0×276e0eC1bf16cfB5E0934382B6e09Ce1836b28Ba
- Etherium (ETH): bc1q2ghxe9fmtmwr4sgz27k58j9ql0vfs25ucxlx5t
Дзякуй. Калі плацеж штомесячны — дзякуй два разы!
Читать на dev.by