Apple дазволіць чужыя крамы ў ЕС і многае іншае. Галоўнае
Кампанія перажывае самую маштабную трансфармацыю сваёй мабільнай экасістэмы ў гісторыі: пад ціскам еўрапейскіх рэгулятараў Apple вымушаная адкрыць яе для іншых маркетплэйсаў і плацежных сістэм. Расказваем, што чакае карыстальнікаў з ЕС у сакавіку гэтага года.
Кампанія перажывае самую маштабную трансфармацыю сваёй мабільнай экасістэмы ў гісторыі: пад ціскам еўрапейскіх рэгулятараў Apple вымушаная адкрыць яе для іншых маркетплэйсаў і плацежных сістэм. Расказваем, што чакае карыстальнікаў з ЕС у сакавіку гэтага года.
Прыняцце ЕС закона «Аб лічбавых рынках» (DMA) абавязвае Apple змяніць падыход да распаўсюджвання софту для сваіх прылад: цяпер на тэрыторыі ЕС магчымая яго ўсталёўка з іншых крыніц, а таксама выкарыстанне іншых плацежных сістэм і браўзераў. Кампанія неаднаразова заяўляла, што не згодная са зменамі і прадказвала новыя рызыкі распаўсюджвання шкоднага софту і супрацьпраўнага кантэнту. Аднак Apple абавязаная падпарадкавацца новым правілам, як і іншыя тэхналагічныя кампаніі, якіх Еўракамісія ўключыла ў спіс так званых «брамнікаў» — уладальнікаў асабліва папулярных платформаў.
Чужыя маркетплэйсы
Карыстальнікі ў ЕС з абнаўленнем да iOS 17.4 змогуць загрузіць чужую краму праграм з афіцыйнага сайта гэтай крамы. Гэтыя сэрвісы «альтэрнатыўных маркетплэйсаў» маюць быць ухваленыя Apple. Такім чынам, карыстальнік зможа загружаць на прыладу любыя праграмы, у тым ліку тыя, што недаступныя ў App Store і парушаюць правілы апошняй. Змены адбудуцца з выхадам iOS 17.4 у сакавіку.
Чужыя распрацоўшчыкі маркетплэйсаў будуць абавязаныя штогод даваць Apple фінансавыя гарантыі на суму 1 мільён еўра. Паручнікамі маюць выступаць фінансавыя арганізацыі з крэдытным рэйтынгам узроўню A па сістэме агенцтваў S&P, Fitch або Moody’s. Гарантыі будуць у выглядзе акрэдытыва. Іх трэба даць Apple да таго, як распрацоўшчык атрымае права распаўсюджваць свой маркетплэйс у ЕС.
Чужыя плацежныя сістэмы
Распрацоўшчыкі змогуць выбраць, ці выкарыстоўваць ім плацежныя сэрвісы Apple для пакупак у праграмах, ці інтэграваць іншую сістэму для плацяжоў без дадатковай платы Apple. Пры выбары існай сістэмы аплаты будзе спаганяцца дадатковая камісія ў памеры 3%. Таксама будуць дазволеныя спасылкі на вонкавыя плацежныя сістэмы, напрыклад, завяршыць аплату можна будзе на сайце распрацоўшчыка. Карыстальнікам можна паведамляць пра акцыі, зніжкі і іншыя прапановы, даступныя па-за межамі праграм.
Apple патрабуе, каб распрацоўшчыкі на старонках праграм у App Store расказвалі пра наяўнасць альтэрнатыўных спосабах аплаты і інфармавалі карыстальнікаў, што тыя не здзяйсняюць угоды праз Apple, калі распрацоўшчык накіроўвае іх да альтэрнатыўнай плацежнай сістэмы. Распрацоўшчыкам дазволяць распаўсюджваць толькі адную версію праграмы ў розных маркетплэйсах, яна мае выконваць некаторыя асноўныя патрабаванні да платформы, напрыклад, праходзіць праверку на наяўнасць шкодных праграм.
Камісіі
Кампанія змяніла камісійныя зборы для распрацоўшчыкаў з ЕС. Яны змогуць не плаціць камісійных Apple у ЕС, калі будуць распаўсюджваць свае праграмы толькі праз альтэрнатыўныя маркетплэйсы і выкарыстоўваць чужыя плацежныя сістэмы. У App Store камісія будзе роўная 17% за лічбавыя тавары і паслугі, што значна менш за цяперашнія 30%. Камісія ў 10% прызначаная для малога бізнэсу. Apple значна знізіць камісію за плацяжы ўнутры праграм, якія распаўсюджваюцца праз App Store, каб утрымаць распрацоўшчыкаў на сваёй платформе.
Для папулярных праграм уводзіцца «асноўны тэхналагічны збор» (Core Technology Fee), з распрацоўшчыкаў будуць спаганяць 0,5 еўра за кожную першую ўсталёўку праграмы на працягу года. Гэты збор пачнуць спаганяць толькі пасля мільёна ўсталёвак на працягу года ў ЕС. Apple лічыць, што больш за 99% распрацоўшчыкаў «паменшыць або захавае памер узнагароджання, якое яны вінныя Apple», у адпаведнасці з новымі ўмовамі. Таксама менш за 1% распрацоўшчыкаў будзе плаціць асноўны тэхналагічны збор.
Бескантактная аплата
Apple адкрыла чужым праграмам доступ да NFC-чыпа ў iPhone для здзяйснення бескантактных плацяжоў. Цяпер транзакцыі можна будзе здзяйсняць з дапамогай чужых праграм без выкарыстання Apple Pay або праграмы Wallet. Розныя плацежныя сэрвісы і банкі змогуць прапаноўваць карыстальнікам уласныя рашэнні для аплаты адным дотыкам. Карыстальнікі змогуць выбіраць і ўсталёўваць па змаўчанні ўпадабаную праграму для бескантактных плацяжоў. Apple будзе патрабаваць ад чужых плацежных сэрвісаў адпаведнасці галіновым стандартам бяспекі.
Паўнавартасныя браўзеры
Кампанія ўпершыню дазволіць альтэрнатыўным браўзерным рухавікам працаваць на iOS. Раней Apple дазваляла выкарыстоўваць мноства браўзераў, але толькі ўласны рухавік WebKit, які ляжыць у аснове Safari. Распрацоўшчыкам даводзілася пераводзіць софт на гэты рухавік, хоць на іншых платформах яны выкарыстоўвалі ўласныя. Цяпер любы распрацоўшчык браўзера або ўбудаванага аглядальніка зможа выкарыстоўваць чужы рухавік, але для гэтага неабходна атрымаць дазвол ад Apple на змену рухавіка. Пасля распрацоўшчык атрымае доступ да такіх функцый, як Passkeys і шматпрацэсарная апрацоўка. Таксама Apple дадасць новае меню ў Safari, у якім карыстальнікі змогуць выбраць чужы браўзер па змаўчанні.
Каталогі воблачных гульняў
Яшчэ адное важнае змяненне, цяпер ужо для гульнявой індустрыі. Apple адкрыла App Store для праграм воблачных гульнявых сэрвісаў ва ўсім свеце. Xbox Cloud Gaming, GeForce Now і іншыя стрымінгавыя гульнявыя службы змогуць прапаноўваць для iOS паўнавартасныя праграмы, тады як раней яны былі даступныя толькі праз браўзер. Яны маюць адпавядаць рэкамендацыям App Store Review Guidelines і падтрымліваць узроставы рэйтынг. Гэта значыць, што распрацоўшчыкам прыйдзецца ўзгадняць з Apple усе гульні, даступныя на iOS праз іх воблачны гульнявы сэрвіс.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.