Apple дазволіла эмулятары рэтра-гульняў у App Store
Цяпер распрацоўшчыкі праграм-эмулятараў, якія ўжо існуюць на Android, змогуць размяшчаць іх у экасістэме Apple. Тым не менш кампанія будзе блакаваць праграмы, якія прапануюць пірацкія гульні.
Забарона на эмулятары гульняў у краме праграм змушала карыстальнікаў iPhone выкарыстоўваць альтэрнатыўныя метады, у тым ліку джэлбрэйк і іншыя спосабы абыходу абмежаванняў. Акрамя эмулятараў, Apple унесла змены ў правілы, якія тычацца суперпраграм, такіх як WeChat. Цяпер міні-гульні і міні-праграмы ў гэтых сэрвісах мусяць выкарыстоўваць HTML 5.
Паслабленні палітыкі сталі адказам кампаніі на нядаўні антыманапольны пазоў, пададзены Мінюстам ЗША. Ведамства абвінаваціла кампанію ў спробе выцесніць воблачныя праграмы для патокавай перадачы гульняў і суперпраграмы. Apple толькі нядаўна дазволіла размяшчаць у App Store воблачныя стрымінгавыя сэрвісы, такія як Xbox Cloud Gaming і GeForce Now.
Таксама кампанія адчувае ціск з боку Еўракамісіі пасля прыняцця закона «Аб лічбавых рынках» ЕС (DMA), які патрабуе дазволіць чужыя крамы праграм і альтэрнатыўныя метады аплаты ў экасістэме Apple. Кампанія ўжо заявіла, што дазволіць музычным стрымінгавым сэрвісам у ЕС уключаць у свае праграмы спасылкі на аплату і згадваць інфармацыю пра цэны.
Читать на dev.by