Apple стварыла канкурэнта ChatGPT, які лепш разумее чалавека
Apple працуе над вялікай моўнай мадэллю пад назвай ReALM (Reference Resolution As Language Modeling), якая палепшыць галасавы асістэнт Siri і дапаможа яму лепш разумець кантэкст пры камунікацыі з карыстальнікам. Паводле сцвярджэння Apple, самая «лёгкая» яе версія прадукцыйнасцю параўнальная з ChatGPT ад OpenAI, прытым што ў яе значна менш параметраў. Пра гэта піша Digital Trends са спасылкай на даследчую працу кампаніі.
ReALM зможа апрацоўваць кантэнт, які адлюстроўваецца на экране карыстальніцкай прылады, і не толькі. Гэта дасць ёй вялікую перавагу над ChatGPT, якая ўмее апрацоўваць, напрыклад, малюнкі і PDF-файлы, але не мае доступу да ўсяго, што адбываецца на экране і не здольная даваць адказы, зыходзячы з яго змесціва.
Мадэль ідзе ў чатырох версіях: ReALM-80M, ReALM-250M, ReALM-1B і ReALM-3b. Літары «M» і «B» у назвах адпавядаюць «мільёнам» і «мільярдам». Яе параўноўвалі на бэнчмарках з GPT-3.5 і GPT-4. Нават самая маленькая мадэль выявілася не горшай за GPT-4, а астатнія з запасам пераўзышлі яе. Аўтары даследавання кажуць, што ReALM значна лепшая за іншыя сістэмы з аналагічным функцыяналам, а ReALM-80m да 5% лепшая ў апрацоўцы інфармацыі на экране.
Калі ReALM выйдзе на рынак, невядома. Верагодна, Apple раскажа падрабязнасці на канферэнцыі WWDC у чэрвені.
Читать на dev.by