Кампанія паказала першую бэта-версію iOS 18.2, а таксама iPadOS 18.2 і macOS Sequoia 15.2. У абнаўленні ўвайшлі новыя функцыі Apple Intelligence: інтэграцыя з ChatGPT, інструменты для генерацыі эмодзі і выяў, а таксама палепшаныя магчымасці Siri і камеры.
Кампанія паказала першую бэта-версію iOS 18.2, а таксама iPadOS 18.2 і macOS Sequoia 15.2. У абнаўленні ўвайшлі новыя функцыі Apple Intelligence: інтэграцыя з ChatGPT, інструменты для генерацыі эмодзі і выяў, а таксама палепшаныя магчымасці Siri і камеры.
Apple працягвае развіваць сваю АІ-платформу Apple Intelligence. Рэліз iOS 18.2 для распрацоўшчыкаў дае доступ да функцый Genmoji, Image Playground, Visual Intelligence ды іншых інструментаў, якія ўпершыню былі паказаныя на WWDC 2024.
Інтэграцыя ChatGPT
Карыстальнікі, якія ўсталявалі бэта-версію, змогуць паспрабаваць магчымасці ChatGPT у Siri і Writing Tools. Siri цяпер можа ўзаемадзейнічаць з ChatGPT, калі не знаходзіць адказаў самастойна, напрыклад, пры запытах рэцэптаў або планаванні падарожжаў. Галасавы памочнік спытае дазволу карыстальніка на доступ да платформы OpenAI, каб забяспечыць абарону канфідэнцыйнасці.
Compose with ChatGPT інтэграваная ў функцыю Writing Tools і падтрымлівае мноства праграм, уключаючы няродныя. Гэта дазваляе карыстальнікам генераваць тэксты на аснове запытаў, гэтак жа сама, як гэта адбываецца ў праграме ChatGPT. Праграмы з доступам да Writing Tools могуць выкарыстоўваць платформу для генерацыі выяў.
Image Playground
Іншая функцыя — Image Playground для генерацыі выяў. Карыстальнікі могуць уводзіць тэкставыя запыты і атрымліваць выявы ў двух асноўных стылях: анімацыя і ілюстрацыя. Гэтыя стылі наўмысна пазбягаюць фотарэалізму: верагодна, Apple такім чынам спрабуе пазбегнуць этычных і прававых праблем, звязаных з магчымым стварэннем фэйкаў.
Функцыя выкарыстоўвае кантэнт з ліцэнзаваных крыніц і даных, атрыманых з агульнадаступных сайтаў. Выдаўцы могуць адмовіцца ад выкарыстання сваіх даных у гэтай сістэме. Image Playground інтэграваны ў праграмы, такія як Messages, Pages, Keynote і Freeform, а таксама даступны як асобная праграма.
Генератар эмодзі Genmoji
Функцыя Genmoji, таксама паказаная ў iOS 18.2 beta 1, дазваляе ствараць кастамізаваныя эмодзі з дапамогай тэкставых запытаў. Гэта могуць быць апісанні людзей, распазнаных на фотаздымках карыстальніка, або цалкам кастамныя персанажы.
Створаныя эмодзі можна выкарыстоўваць у iMessage, а таксама ў сцікерах і Tapbacks. Згенераваныя эмодзі і выявы можна выкарыстоўваць і на iPhone без падтрымкі Apple Intelligence, аднак для гэтага спатрэбіцца карыстальнік з iOS 18.2, каб ён падзяліўся эмодзі або выявамі.
Visual Intelligence
Функцыя Visual Intelligence падобная да Google Lens. Яна даступная праз кнопку Camera Control на iPhone 16. Visual Intelligence можа сканаваць QR-коды, капіяваць і перакладаць тэкст, вызначаць тэлефонныя нумары і адрасы электроннай пошты, дадаючы іх у кантакты. Таксама функцыя дае кантэкстуальную інфармацыю, напрыклад, водгукі на рэстараны і гадзіны працы крам. У дадатак, АІ можа звяртацца да базы даных Google і ChatGPT для складанейшых запытаў.
Image Wand
Image Wand дазваляе ператвараць накіды ў паўнавартасныя выявы і чысціць рукапісны тэкст. Гэтая функцыя асабліва карысная для карыстальнікаў, якія працуюць з візуальным кантэнтам у праграме «Нататкі», і падтрымлівае наладжванне і рэдагаванне кантэнту на хаду.
Падтрымка Apple Intelligence
AI-функцыі Apple Intelligence даступныя толькі на iPhone 15 Pro / Pro Max, на ўсіх iPhone 16 і iPad і Mac з працэсарам Apple M1 і магутнейшым. Пачынаючы з iOS 18.2 beta 1, Apple Intelligence падтрымліваецца ў шэрагу англамоўных краін, уключаючы ЗША, Аўстралію, Канаду, Новую Зеландыю, ПАР і Вялікабрытанію. Абнаўленне ўжо даступнае для загрузкі і важыць каля 6 ГБ.
У Кітаі і краінах ЕС доступ да Apple Intelligence застаецца абмежаваным праз рэгулятарныя перашкоды. Apple абвясціла, што падтрымка іншых моў, уключаючы французскую, нямецкую, японскую, карэйскую і іспанскую, будзе дададзеная налета.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.