Айцішніка не выпускаюць з Арменіі: выявілася, ён у вышуку ў Беларусі
Беларускі айцішнік Сяргей (імя змененае) каля года жыве ў Грузіі. Не так даўно ён паехаў у Арменію, каб зрабіць візаран. Але на армянскай мяжы айцішніка затрымалі і цяпер не выпускаюць з краіны. Выявілася, ён абвешчаны ў вышук у Беларусі.
Сваю гісторыю айцішнік расказаў dev.by.
Сяргей — распрацоўшчык у прадуктовай кампаніі. У 2020 годзе пасля выбараў ён правёў двое сутак на Акрэсціна. Пры канцы 2021 года ў яго кватэры прайшоў ператрус. Сяргея вазілі на допыт у ГУБАЗ, але затым адпусцілі. Улетку мінулага года супрацоўнікі ГУБАЗ ужо самі звязаліся з айцішнікам і запрасілі «на гутарку». Але ён не пайшоў і праз некаторы час паляцеў у Тбілісі.
Цяпер, каб перазапусціць тэрмін легальнага знаходжання ў Грузіі, вырашыў паехаць у Арменію. Альтэрнатыўны варыянт — Турцыя — «дарагі і нязручны», а з Тбілісі да Ерэвана ходзяць маршруткі. Увечары таго ж дня айцішнік збіраўся вярнуцца назад.
— Грузінскую мяжу прайшоў нармальна. На армянскай мяжы пачаліся праблемы. Спачатку доўга вывучалі мой пашпарт, фатаграфавалі, штосьці абмяркоўвалі. Потым адвялі ў нейкі пакой, дзе я прасядзеў каля гадзіны. Пазней прыехаў супрацоўнік паліцыі і мяне павезлі ў пастарунак у Наемберан (невялікі горад побач з мяжой).
Па дарозе супрацоўнік паліцыі расказаў, што я знаходжуся ў вышуку ў Беларусі. Я так зразумеў, у краін ЕАЭС ёсць агульная база (асоб, якіх шукаюць), і калі кагосьці ў Беларусі абвяшчаюць у вышук, гэтая інфармацыя даступная і паліцыі Арменіі. Таму мяне былі абавязаныя затрымаць. Я не ведаю, калі на мяне была заведзеная крымінальная справа ў Беларусі. Падазраваў, што магу быць у вышуку, але не ведаў, што гэта можа неяк паўплываць на мой візіт у Арменію.
Ужо ў паліцэйскім пастарунку мне далі падпісаць паперу, што я паінфармаваны пра знаходжанне ў вышуку ў Беларусі і пры першай магчымасці з’яўлюся ў Мінскі РАУС. Гэтую паперу сфатаграфавалі і адправілі ў Беларусь.
Пры мне супрацоўнік армянскай паліцыі размаўляў, як я зразумеў, з супрацоўнікам МУС у Беларусі. Я не чуў, пра што канкрэтна яны гутарылі, але ў нейкі момант супрацоўнік армянскай паліцыі сказаў: «Не, не маем на гэта паўнамоцтваў». Выкажу здагадку, што з беларускага боку хацелі, каб мяне ці то затрымалі, ці то экстрадавалі.
У паліцэйскім пастарунку Сяргей правёў каля чатырох гадзін. Паводле яго, ціску з боку паліцэйскіх не было.
— У выніку мяне адпусцілі, але папярэдзілі, што я не змагу пакінуць тэрыторыю Арменіі, пакуль знаходжуся ў вышуку ў Беларусі. Прапанавалі вырашыць пытанне выключэння з базы асоб, якіх шукаюць, у беларускай амбасадзе.
Цяпер я ў Ерэване. Знаёмыя дапамаглі на час вырашыць пытанне з жытлом. Я на сувязі з праваабаронцамі. Сябар знайшоў беларускага адваката, які жыве ў Грузіі і будзе дапамагаць дыстанцыйна. Пэўна, будзем звяртацца ў МУС Арменіі, каб знайсці спосабы пакінуць тэрыторыю краіны.
Грошай пакуль хапае. Кампанію ўжо папярэдзіў, што трапіў у такую сітуацыю, але змагу працаваць аддалена.
Гэта ўжо не першы выпадак затрымання беларусаў у Арменіі.
На пачатку студзеня гэтага года прэс-служба паліцыі Арменіі паведаміла пра затрыманне ў аэрапорце Ерэвана грамадзяніна Беларусі на запыт паліцыі Люксембурга. У красавіку таксама ў аэрапорце армянская паліцыя затрымала яшчэ аднаго беларуса Яўгена Гуцалава, які прыляцеў у Ерэван з Турцыі і на той момант знаходзіўся ў вышуку ў Беларусі. Яўген змог з’ехаць з Арменіі толькі праз паўтара месяца.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by