Баг у Windows 10 прымушае карыстальнікаў купляць Microsoft 365
Microsoft зноў паказвае ў Windows 10 поўнаэкранную рэкламу ў спробе прадаць офісныя праграмы, піша Windows Latest. Само сабою акно не новае, але ёсць загваздка — праз баг у версіі 22H2 карыстальнікі літаральна не могуць адмовіцца ад прапановы.
На поўнаэкранных банерах кампанія прасоўвае розныя фірмовыя сэрвісы, напрыклад, OneDrive і Microsoft 365 — каб павысіць дасведчанасць карыстальнікаў пра іх і «зрабіць Windows яшчэ лепшай». Таксама кампанія спрабуе навязаць сінхранізацыю Android-смартфонаў з Windows 10 і патрабуе ад юзараў аўтарызавацца ва ўліковым запісе Microsoft. Пачаліся такія прапановы на ўвесь экран у 2018 годзе.
Але ў згаданы апдэйт Windows 10 закраўся баг, які прымушае карыстальнікаў уводзіць даныя банкаўскіх картак для куплі Microsoft 365.
На старонцы ўсталёўкі або першай загрузкі карыстальніку прапаноўваюць бясплатны пробны перыяд і дзве опцыі — пагадзіцца і адмовіцца. Пры выбары апошняй карыстальнік разлічвае працягнуць працу з прыладай, але насамрэч атрымлівае акно для рэгістрацыі ў Microsoft 365 і ўводу плацежных даных.
Крыніцы выдання ў Microsoft пацвярджаюць, што гэта баг, а не «фіча», хоць кампанія пакуль афіцыйна не пацвердзіла яго наяўнасці. Распрацоўшчыкі проста пераблыталі кнопкі «Паспрабаваць бясплатна» і «Не, дзякуй», адзначае суразмоўца Windows Latest. А каб пазбавіцца праблемы, трэба вярнуцца на папярэдні экран і націснуць «не тую» кнопку, каб прапусціць прапанову, або ж адключыцца ад інтэрнэту пры наладжванні Windows 10. Партал адзначае, што баг маюць выправіць у наступным накапляльным абнаўленні.
Windows 10 будзе падтрымлівацца да кастрычніка 2025 года.
Читать на dev.by