Беларуска не можа вучыцца ў польскай ВНУ, бо няма вынікаў ЦТ і даведкі з мінадукацыі
На жаль, і іншыя студэнты з Беларусі — нават тыя, што паспяхова здалі экзамены і паступілі ў польскія ўніверсітэты — могуць застацца сёлета без адукацыі, піша канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic.
«Многія абітурыенты трапілі ў бюракратычную пастку»
Нашыя калегі разабраліся: рэч у абноўленай працэдуры настрыфікацыі — пацверджанні атэстата.
Нагадаем: у 2022-м Беларусь выйшла з пагаднення з Польшчай аб прызнанні вышэйшай адукацыі і вучоных ступеняў. Пасля гэтага польскія навучальныя ўстановы, у тым ліку і некаторыя паліцэяльныя школы, сталі патрабаваць настрыфікацыю атэстатаў і дыпломаў грамадзян Беларусі.
Аднак для uznania wykształcenia патрабуецца цэлы спіс дакументаў, і не ўсе з іх можна атрымаць. Напрыклад, даведку, якая пацвярджае легальнасць атэстата, проста перасталі выдаваць у беларускім Мінадукацыі.
Гэтым летам Анжэй Дуда падпісаў папраўку аб пацверджанні атэстатаў у Польшчы без удзелу беларускага Мінадукацыі — то-бок у рамках адміністрацыйнай працэдуры. Раней такое было даступна ў Польшчы толькі асобам са статусам уцекача, людзям, якія падпадаюць пад дадатковую абарону, і іх сямейнікам, а таксама ахвярам узброеных канфліктаў, стыхійных бедстваў і іншых гуманітарных крызісаў.
Здавалася б, праблема вырашаная. Але не. Нядаўна незалежныя медыя паведамілі, што польскія кураторыумы сталі патрабаваць «ЦТ не старэйшых за два гады» для прызнання дакументаў аб адукацыі. Нібыта гэта мае паслужыць доказам атрымання сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Праз гэта многія абітурыенты трапілі ў бюракратычную пастку.
У прыватнасці, праблема ўзнікла ў Ягелонскім універсітэце. Тамтэйшыя беларускія студэнты нават запусцілі петыцыю.
Калі коратка, то ў беларускіх абітурыентаў просяць для настрыфікацыі атэстат, апастыль атэстата, вынікі ЦТ/цэнтралізаванага экзамену і дзейную візу (з выдачай якой у многіх узніклі праблемы, але ў любым выпадку на яе можна разлічваць не раней за верасень).
Прычым Ягелонскі ўніверсітэт паставіў дэдлайн падачы дакументаў — да 26 верасня. Хто не паспеў, той на вучобу не трапляе.
Медыя пішуць са спасылкай на арганізатараў петыцыі, што са складанасцямі пры паступленні ў Ягелонскі ўніверсітэт сутыкнуліся не менш за 20 чалавек.
Беларускія студэнты нават сустракаліся ў ліпені з маршалам Сената і звярталіся ў Аб’яднаны пераходны кабінет. Аднак канкрэтнага развязання праблемы дагэтуль няма. Працягваецца дзейнасць рабочых груп па вырашэнні гэтай праблемы.
Раней моладзевая актывістка Ліза Пракопчык пракаментавала Dzik-у, што «ў Лодзі спакойна праходзяць настрыфікацыю без ЦТ-сертыфікатаў, проста па атэстаце». Але вось у Варшаве з гэтым праблемы.
«Універсітэт спрабаваў падаць мае дакументы, але іх нават не ўзялі ў рукі»
А вось што Dzik-у расказала беларуска, якая спрабавала паступіць у Варшаўскі ўніверсітэт.
— У чэрвені 2024-га падала ў адзін з прыватных універсітэтаў Варшавы дакументы на платную завочку. Атрымала амаль што адразу мэйл ад рэкрутацыйнага аддзелу, што праз закон ад 2023 года я не магу навучацца на іхняй пляцоўцы.
Пасля, у ліпені (пасля ўваходу ў сілу карэктуры закона, якая была падпісаная праз Анджэя Дуду) мне патэлефанавалі з універсітэта і разам з выбачэннямі за мінулую адмову прапанавалі пад’ехаць да іх, скласці дакументы і падпісаць дазвол на паданне дакументаў у Kuratorium Oświaty ад маёй асобы для іхняга працаўніка.
Прайшло 2,5 месяцы, і ў верасні мне патэлефанавалі, што ўніверсітэт спрабаваў два разы падаць мае дакументы, але «іх нават не ўзялі ў рукі».
Адмова грунтавалася на тым, што я не маю ЦТ, ЦЭ і пасведчання са школы, якое пацвярджае мой атэстат.
У выніку мне прапанавалі забраць дакументы і ў асабістым парадку пад’ехаць да адміністрацыйнай адзінкі, якая займаецца прызнаннем дакументаў. Маўляў, дакументы могуць ад асобнага чалавека быць разгледжаныя пад асобную справу.
Пад’ехаўшы на месца, я адразу запытала, ці ёсць мажлівасць запісу на прыём без інтэрнэту, бо ўсе даты на два месяцы наперад ужо недаступныя. А мне чакаць некалькі месяцаў, каб праляцець — такое сабе задавальненне.
Спадарыня на рэцэпцыі сказала, што запіс мажлівы толькі праз іхнюю афіцыйную старонку ў інтэрнэце, але са свайго боку зацікавілася сітуацыяй, паспачувала таму, што адбываецца ў Беларусі, і сказала, што зараз патэлефануе сваёй каляжанцы і запытае яе непасрэдна, ці ёсць сэнс увогуле займаць дату і чакаць некалькі месяцаў.
Каляжанка адказала, што, мажліва, калі б я мела міжнародную абарону, альбо статус уцякачкі, дык яны б разглядалі гэтую справу, але без трох гэтых дакументаў яны не прызнаюць майго атэстата.
Што буду рабіць далей? Здаваць польскую матуру і намагацца з ёй паступіць.
Мне лягчэй, я маю ПМЖ, і мае веды польскай дазваляюць мне сесці і падрыхтавацца да матуры. Магу нават на грамадзянства ўжо падавацца. Але пытанне, што рабіць людзям, якія хочуць працягваць жыццё, развівацца, а былі вымушаныя выязджаць толькі з мінімумам дакументаў.
Читать на dev.by