«Інтэрнэт у канкрэтнага абанента можа стаць яшчэ больш павольным». Каму дапамогуць штрафы за дрэнную сувязь?
Пагутарылі пра гэта з інжынерам, які працаваў у адной з кампаній-пастаўшчыкоў абсталявання для сетак беларускіх мабільных аператараў.
Пагутарылі пра гэта з інжынерам, які працаваў у адной з кампаній-пастаўшчыкоў абсталявання для сетак беларускіх мабільных аператараў.
Пагутарылі пра гэта з інжынерам, які працаваў у адной з кампаній-пастаўшчыкоў абсталявання для сетак беларускіх мабільных аператараў.
Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач у пачатку лістапада расказаў, што з 1 студзеня 2026 года ў Беларусі будуць штрафаваць аператараў мабільнай сувязі за павольны інтэрнэт. Як будуць выяўляцца парушэнні і якога памеру будуць гэтыя штрафы — пакуль незразумела. У нарматыўных актах, на якія спасылаўся намеснік міністра ў сваім інтэрв’ю для СТБ (указе Лукашэнкі № 335 2024 года і дырэктыве Лукашэнкі № 2 «Аб Дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата…») пра гэта няма ні слова.
Адказнасць «за парушэнне патрабаванняў да ахопу тэрыторый паслугамі сотавай сувязі і электрасувязі і якасці такіх паслуг» прадугледжана папраўкамі ў КаАП, прынятымі ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў 3 кастрычніка 2025 года.
Дарэчы, з гэтым жа буйным пакетам папраўак у беларускім КаАП з’явіцца адказнасць «за прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці». І знікне адказнасць «за парушэнне заканадаўства аб дзяржаўных закупках» для парушальнікаў, якія паспелі «ліквідаваць парушэнні ва ўсталяваны тэрмін».
На жаль, поўнага тэксту гэтага законапраекта ў вольным доступе нам знайсці не ўдалося. Якімі менавіта будуць беларускія штрафы за павольны інтэрнэт — пакуль не ясна.

Паглядзець на тое, як выглядае падобная практыка, можна ў Казахстане. Магчыма, ідэю штрафаваць за дрэнны інтэрнэт беларускія ўлады падгледзелі менавіта там.
Казахстанскіх аператараў за дрэнны інтэрнэт штрафуюць ужо некалькі гадоў. Ініцыяваць праверку ў дачыненні да аператара можа любы казахстанец, якому для гэтага трэба звярнуцца са скаргай на дрэнную сувязь у Камітэт тэлекамунікацый ці ў абласную інспекцыю сувязі. Зрабіць гэта можна як у папяровым выглядзе, так і з дапамогай партала электроннага ўрада.
Судзячы па ўсім, грамадзяне Казахстана ахвотна карыстаюцца такой опцыяй. У 2019 годзе Міністэрства лічбавага развіцця правяло 93 праверкі, у 2020 — 51 праверку, а ў 2021 — ужо 562 праверкі па фактах няякаснай сувязі.
Памеры штрафаў за парушэнні аператарамі сувязі Казахстана правілаў аказання сваіх паслуг вызначае казахстанскі КаАП. У 2022 годзе штрафы для аператараў мабільнай сувязі за «прадастаўленне карыстальнікам паслуг сувязі, якія не адпавядаюць стандартам, тэхнічным нормам і паказчыкам якасці» павялічыліся са 100 месячных разліковых паказчыкаў (МРП) да 1000 МРП. За паўторнае парушэнне на працягу года сума штрафу павялічылася з 200 да 1500 МРП. МРП — гэта казахстанскі аналаг беларускай базавай велічыні. У 2025 годзе ён роўны 3932 тэнге (прыкладна $7,5).
Такім чынам, зараз за недастаткова якасны інтэрнэт казахстанскія аператары ў першы раз плацяць штраф каля $7500. Сума штрафу за паўторнае парушэнне на працягу года складае $11 250.
За парушэнне якіх менавіта паказчыкаў беларускіх аператараў мабільнай сувязі будуць караць штрафамі? Гэтая інфармацыя таксама павінна быць у прынятых у першым чытанні папраўках да КаАП. Прынамсі, на партале Pravo.by пазначана, што там «у адпаведнасці з актам Кіраўніка дзяржавы ўрадам вызначаны канкрэтныя патрабаванні да ахопу тэрыторыі і якасці, за невыкананне якіх прадугледжваецца адказнасць». Але з-за адсутнасці праекта закона ў вольным доступе пазнаёміцца з гэтымі канкрэтнымі патрабаваннямі ў нас не атрымалася.
Зрэшты, можна дапусціць, што гэты раздзел заснаваны на «Патрабаваннях да ахопу тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паслугамі сотавай рухомай электрасувязі і іх якасці», якія Савмін зацвердзіў 30 верасня 2025 года.

Гэты дакумент прадугледжвае такія мінімальныя хуткасныя характарыстыкі для перадачы дадзеных у напрамку да абанента:

Пры гэтым у 2026 годзе адзіная сетка сотавай сувязі павінна ахопліваць 95% тэрыторыі Беларусі, а ў 2030 — 99%.
Пра ідэю штрафаваць аператараў мабільнай сувязі за павольны інтэрнэт пагутарылі з інжынерам Ільёй*, які некалькі гадоў працаваў у адной з кампаній-пастаўшчыкоў абсталявання для сетак беларускіх мабільных аператараў.
— Ці можна ва ўмовах сучаснай Беларусі з дапамогай штрафаў за павольны інтэрнэт палепшыць якасць паслуг сувязі?
— Магчыма, цяпер каб не «трапіць» на штрафы аператары будуць рэзаць хуткасць на кожнага абанента да мінімальна магчымай. Ну, прынамсі, я б так зрабіў. Хоць абаненты, вядома, пачнуць ныць [бо з такім падыходам хуткасць злучэння для канкрэтнага абанента можа паменшыцца, а не вырасці].

Адрэгуляваць якасць сувязі толькі гэтымі мерамі немагчыма. Яны могуць толькі стымуляваць аператараў сувязі ўкладвацца ў развіццё інфраструктуры. Але развіццё інфраструктуры тармозіцца не нежаданнем аператараў яе развіваць, а санкцыямі і палітыкамі рэгулятара (напрыклад, наяўнасцю інфраструктурнага аператара).

Калі б у кожнага аператара была свая ліцэнзія 4G ці 5G, у іх быў бы стымул канкураваць якасцю сувязі, прапускной ёмістасцю, пакрыццём. А так у ўсіх усё адно і тое ж і ідзе праз beCloud [ТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі», якое атрымала манапольнае права на стварэнне, эксплуатацыю, пашырэнне адзінай сеткі сотавай сувязі і ў нарматыўных дакументах наўпрост называецца «адзіным інфраструктурным аператарам» краіны]. І як у такой сітуацыі могуць быць наогул вінаватыя іншыя аператары?
Фактычна магчымасці аператараў зараз зводзяцца да таго, каб яны купілі (ці не купілі) рэсурс у beCloud у патрэбным аб’ёме. Becloud прадае так званыя рэсурсныя блокі, і калі аператар не купіць неабходнай колькасці, то ў яго не будзе дастатковай прапускной здольнасці.
— Атрымліваецца, што з дапамогай штрафаў фактычна цяпер можна будзе прымушаць аператараў купляць нейкі аб’ём паслуг у манапаліста?
— Так.
Але бяда ў тым, што колькасць рэсурсных блокаў абмежавана. І калі becloud на нейкай базавай станцыі прадасць усім аператарам пароўну, па 33% (ці па 25%, што магчыма з улікам амбіцый «Белтэлекама»), і гэтага не хопіць, каб выканаць нарматыў — хто тады будзе вінаваты?
Аператары скажуць «мы зрабілі ўсё, што змаглі, у вашага інфраструктурнага аператара дадатковых магчымасцяў няма, а нам купіць іх больш няма ў каго».
— Як вы наогул ставіцеся да ініцыятывы штрафаваць аператараў за нізкую хуткасць інтэрнэту?
— Цікава, з якіх грошай па факце будуць плаціцца гэтыя штрафы. З выручкі? Значыць, з тых грошай, якія якраз маглі б пайсці на развіццё сеткі. З іншага боку, прыбытковасць у аператараў высокая з-за таго, што няма магчымасці ўкладваць грошы ў развіццё інфраструктуры. Можна ім і тлушч пусціць.
— У дамовах аператараў з абанентамі звычайна паказваецца фармулёўка «да Х Мбіт/с». Гэта значыць дамовы не гарантуюць нейкую канкрэтную хуткасць, а дэкларуюць яе магчымае максімальнае значэнне. Але як з такой фармулёўкай прыцягваць аператараў за парушэнні? Можа быць, аператараў прымусяць прапісваць у новых дамовах гарантаваныя мінімальныя хуткасці?
— Можна, вядома, і ў дамове прапісаць. Але калі гэтая норма зацверджана прававым актам, то і паказваць яе ў дамове не абавязкова. Гэта ўжо будзе патрабаванне не дамовы, а заканадаўства.
— Ці трэба беларускім аператарам мадэрнізаваць сваё абсталяванне, каб пазбегнуць падобных штрафаў?
— Абсталяванне мяняць не трэба. Трафік можна шэйпіць [абмяжоўваць хуткасць для аднаго карыстальніка, калі ён перашкаджае іншым карыстальнікам] на ядры сеткі, можна на радыёсетцы наладкамі. Па-рознаму можна.
— А хто і як будзе правяраць хуткасць інтэрнэту ў такіх сітуацыях? Калі незадаволены абанент замерае хуткасць на сваёй прыладзе з дапамогай нейкага інтэрнетаметра, гэта можа лічыцца аб’ектыўным вымярэннем параметраў сеткі? Бо яго вынікі, напэўна, могуць моцна адрознівацца ў залежнасці ад спосабу вымярэння, часу сутак, загружанасці сеткі ў цэлым і канкрэтнай соты. Ад якасці абсталявання ў самога абанента, нарэшце.
— Вымяраць хуткасць можна драйв-тэстамі з дапамогай спецыяльнага абсталявання, якое ёсць і ў аператараў, і ў БелДІЭ [Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю]. Яны і так гэта рэгулярна робяць, прычым па ўласнай ініцыятыве.

— У «Патрабаваннях да ахопу тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паслугамі сотавай рухомай электрасувязі і іх якасці» пазначаны такі параметр, як «сярэдняя хуткасць перадачы дадзеных». Што тут азначае слова «сярэдняя»? Маецца на ўвазе сярэдняя хуткасць для абанента за нейкі перыяд часу? Ці сярэдняя хуткасць па Мінску, Гомелі, гарадскім пасёлку Відзы ці па Бараўлянскім сельсавеце? За апошнюю гадзіну/ апошнія суткі/ апошні тыдзень?
— Не ведаю. Калі за парушэнне гэтых характарыстык збіраюцца штрафаваць, недзе павінна быць прапісана метадалогія вымярэння, у якой будуць пазначаны ўсе азначэнні велічынь. Без такога дакумента гадаць, што гэта такое, бессэнсоўна.
— А ці могуць аператары мабільнай сувязі чыста тэхнічна гарантаваць стабільную хуткасць злучэння для 100% часу?
— Гарантаваць нешта немагчыма. Будзе нейкае масавае мерапрыемства — і баста, карапузікі.
* — імя суразмоўцы зменена па яго просьбе
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.