Беларус купіў дзяўчыне кветкі за $3K — такія кошты за некалькі хвілін у роўмінгу
Абанент МТС ненадоўга зайшоў у інтэрнэт за мяжой, каб замовіць дзяўчыне кветкі з нагоды 8 сакавіка. Калі вярнуўся дадому, выявіў значны мінус на балансе. Гісторыю, якая нагадвае пра важнасць напісанага (і не напісанага) дробным шрыфтам, распавёў Onliner.
Мужчына распавядае, што шмат гадоў карыстаўся паслугай «Unlim за мяжой», якая прадугледжвае безлімітны інтэрнэт у сетках-партнёрах за мяжой без «непрадбачаных выдаткаў» акрамя кошту самой паслугі. Умовамі прадугледжана, што пры падключэнні да сеткі, якая не з’яўляецца партнёрскай, інтэрнэт аўтаматычна блакуецца. Аператар у спісе краін, дзе паслуга не дзейнічае, пазначыў Ганконг, Макао, Тайвань і Палестыну — тут дзейнічае базавая тарыфікацыя інтэрнэту.
Паводле слоў мужчыны, у яго быў транзітны рэйс у Дубаі. Яму трэба было зайсці ў сетку на некалькі хвілін, каб набыць кветкі. Пасля вяртання ён праверыў баланс і выявіў, што пайшоў у мінус на 10 тысяч рублёў.
У офісе МТС яму патлумачылі, што «Unlim за мяжой» у Дубаі не працуе, і таму прымяняюцца стандартныя (і вельмі высокія) тарыфы. Абанент падкрэслівае, што пры падлучэнні да непартнёрскай сеткі блакіроўкі доступу не адбылося, як і не было ніякай інфармацыі або папярэджання ў SMS-паведамленні, якое ён атрымаў па прыездзе ў Дубай. Пры гэтым у спісе краін, дзе паслуга ўсё ж такі прадстаўляецца, ААЭ сапраўды няма.
У выніку абанент напісаў заяву ў МТС з просьбай перагледзець суму і аплаціў пералічаны доўг у памеры 1500 рублёў.
Выданне таксама піша пра двух абанентаў А1 з даволі буйнымі «мінусамі» на рахунку. Адзін з іх у студзені накіроўваўся ў Індыю, падлучыўшы паслугу «Роўмінг Топ 1 ГБ» на тэрыторыі Расіі. Але па прылёце ў Індыю яму прыйшло паведамленне пра запазычанасць у 3451 рубель. Другі «зляцеў у Тайланд на зімоўку», дзе карыстаўся роўмінгам для навігатара і Telegram. Яму паступова налічвалі па 500–700 рублёў, пакуль не набралася 6600 рублёў. Аднак у падтрымцы пагадзіліся знізіць суму да 1300 рублёў.
Дарэчы, гэта яшчэ не так шмат у параўнанні з адным амерыканцам, які скарыстаўся паслугамі свайго аператара ў Еўропе на $143 тысячы. Яму, на шчасце, спісалі запазычанасць.
Аператары параілі перад паездкамі за мяжу знаёміцца з тарыфамі і правіламі аказання паслуг у роўмінгу, а таксама пераводзіць тэлефон у рэжым ручнога выбару сеткі і пасля перасячэння мяжы выбіраць партнёрскую сетку.
Читать на dev.by