Беларусь страціла пазіцыі ў глабальным рэйтынгу пашпартоў
Кансалтынгавая фірма Henley & Partners абнавіла фірмовы індэкс пашпартоў свету па колькасці напрамкаў, у якія іх уладальнікі могуць атрымаць бязвізавы доступ ці доступ з візай па прыбыцці. Ён ахоплівае 199 пашпартоў і 227 краін.
Беларусь заняла 66 месца, падзяліўшы яго з Тайландам, але ўсяго па колькасці даступных лакацый нашу краіну апярэджвае 113 краін. Беларускі пашпарт дазваляе сваім уладальнікам бесперашкодна падарожнічаць у 80 краін свету. Год таму ён займаў 64 месца і адкрываў бязвізавы доступ у 81 краіну, а ў студзені (топ абнаўляецца раз у квартал) — 62 месца.
Польскі пашпарт апусціўся на адну пазіцыю — з 6 на 7. Эстонія размясцілася на 8 пазіцыі, Латвія і Літва — на 10 і 11, Украіна — на 33, Грузія — на 46, расіяне на 50 месцы могуць свабодна ездзіць у 114 краін.
Летам беларускія ўлады падпісалі пагадненне аб бязвізе з Лаосам, яно павінна хутка ўступіць у сілу. Таксама вядуцца перамовы па гэтым пытанні з М’янмай, Тайландам і Філіпінамі.
Індэкс Henley & Partners існуе 20 гадоў і лічыцца адным з самых аўтарытэтных. Ён заснаваны на дадзеных Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), якая падтрымлівае самую вялікую і дакладную ў свеце базу дадзеных турыстычнай інфармацыі. Поўная версія рэйтынгу даступна па спасылцы.
Читать на dev.by