Беларусь ужо колькі гадоў запар страчвае па дзесяць пазіцый у рэйтынгу Coursera
Coursera апублікавала свежы даклад Global Skills Index, у якім расказваецца пра попыт на размешчаныя курсы і паспяховасць іх праходжання студэнтамі. Даследчыкі разгледзелі 109 краін свету.
Сёлета Беларусь заняла 43-е месца. У мінулым годзе мы былі на 33-й пазіцыі, у пазамінулым — на 21-й, а перад тым — на 12-й. У еўрапейскім рэйтынгу Беларусь цяпер на 27-й пазіцыі — тры гады таму была 22-й, 16-й і 9-й.
Па ўзроўні кампетэнтнасці слухачоў у трох асноўных напрамках (Business, Technology і Data Science) Беларусь застаецца сярод «канкурэнтаздольных» краін — гэта другая з чатырох груп, на якія аўтары падзяляюць краіны. Два гады таму мы ўваходзілі ў топавую групу перадавых краін.
Сёлета ў дакладзе з’явіўся і новы індыкатар — AI Maturity Index. Ён паказвае, якія краіны лепш за ўсё падрыхтаваныя да ўкаранення ШІ-інавацый і прымянення ведаў у гэтай сферы на практыцы. Акрамя даных пра слухачоў Coursera, у ім улічваліся метрыкі МВФ і АЭСР, звязаныя з ШІ-даследаваннямі і інавацыямі. Беларусь у гэтым індэксе апынулася на 71-м радку.
Лідарства ў сусветным спісе Coursera захоўвае Швейцарыя. Беларусь апярэджваюць, напрыклад, Казахстан (37), Польшча (34), Літва (29) і Латвія (24). Поўны даклад можна прачытаць па спасылцы.
Читать на dev.by