Беларусам пачалі прыходзіць паведамленні ад банкаў пра блакіроўку картак праз магчымую ўцечку плацёжных дадзеных. Як паведамляе Onliner, праблема закранула кліентаў адразу некалькіх банкаў, а некаторыя страцілі доступ да некалькіх картак за адзін вечар.
Беларусам пачалі прыходзіць паведамленні ад банкаў пра блакіроўку картак праз магчымую ўцечку плацёжных дадзеных. Як паведамляе Onliner, праблема закранула кліентаў адразу некалькіх банкаў, а некаторыя страцілі доступ да некалькіх картак за адзін вечар.
Паведамленні пра блакіроўку прыходзяць кліентам «Прыорбанка», «БСБ Банка», «Альфа Банка», «Беларусбанка», «Тэхнабанка» і «МТБанка». Паводле аднаго чытача выдання, такія апавяшчэнні атрымалі мінімум чатыры ягоныя знаёмыя, а адзін з іх выпусціў картку ўсяго месяц таму і прывязваў яе толькі да маркетплейсаў. Іншай чытачцы апавяшчэнні пра блакіроўку прыйшлі адразу з двух банкаў — з «Прыорбанка» праз інтэрнэт-банкінг і з «Беларусбанка» смс-кай.
Аналагічныя гісторыі з’яўляюцца ў Threads. У аднаго беларуса таксама перасталі працаваць некалькі картак розных банкаў: «У мяне за вечар мінус карткі «Прыора» Visa і «БСБ» Mastercard. Імгненныя блакіроўкі без папярэджання! У абодвух выпадках банкі спасылаюцца на апавяшчэнне пра «кампраметацыю карткі» ад плацёжных сістэм».
Іншыя звярнулі ўвагу на тое, што заблакіраванымі карткамі раней аплачвалі паслугі Orange — замежнага мабільнага аператара, у якога можна дыстанцыйна аформіць eSIM: «Такая ж сітуацыя і ў мяне. Учора «Альфа», сёння «Прыор». З абедзвюх картак аплачваў Orange. У мяне былі падазрэнні яшчэ да «Яндэкса», бо гэтыя карткі, па сутнасці, толькі там і выкарыстоўваліся», — кажа адзін з пацярпелых. Падобную гісторыю расказала кліентка «МТБанка», які сам звязаўся з ёй і прапанаваў бясплатна перавыпусціць адну з чатырох картак: «Менавіта з яе я аплачвала Orange», — дзівіцца жанчына.
Адной з кліентак «Прыорбанка» ў падтрымцы растлумачылі, што Visa і Mastercard даслалі спісы нумароў картак, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі і з якіх могуць спісаць грошы. «Недзе ўзламалі дадзеныя, а картка — гэта ключ да рахунку. Таму карткі заблакіравалі. Калі самастойна разблакіраваць картку, рызыкі магчымых спісванняў ужо бярэш на сябе», — пераказвае жанчына размову з супрацоўніцай банка. У падтрымцы таксама сказалі, што картку можна бясплатна перавыпусціць на працягу 3-5 працоўных дзён.
Гэта значыць, варыянтаў атрымаць грошы цяпер два: перавыпусціць картку — або схадзіць у аддзяленне банка з пашпартам і зняць кэш.
Магчымыя прычыны
Што датычыць Orange, з’явілася версія, што праблема можа быць звязана з нядаўняй кібератакай у Польшчы.
11 лістапада плацёжны сервіс Autopay, праз які ў тым ліку можна аплачваць мабільную сувязь, паведаміў пра ўзлом з уцечкай інфармацыі пра транзакцыі. Пад пагрозай апынуліся і рэквізіты банкаўскіх картак. Хаця доказаў таго, што дадзеныя былі скапіраваныя або выкарыстаныя, пакуль няма.
У Польшчы Bank Spółdzielczy w Legionowie прэвентыўна заблакіраваў частку картак Visa і Mastercard, якімі раней разлічваліся праз Autopay, і прапанаваў уладальнікам аформіць новыя. Onliner мяркуе, што беларускія банкі дзейнічаюць па аналагічнай схеме, але афіцыйнага пацверджання сувязі з польскім інцыдэнтам пакуль няма.
Прычым паведамленні пра кібератакі паступаюць не толькі з Польшчы. Як піша Wall Street Journal, зламыснікі атрымалі доступ да інфармацыі кліентаў Visa, Mastercard і амерыканскага банка JPMorgan Chase, узламаўшы кампаніі, з якімі тыя супрацоўнічалі.
У выпадку Visa атака закранула падрадчыка з Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, аднак плацёжныя дадзеныя кліентаў, паводле наяўнай інфармацыі, не пацярпелі. У Mastercard гаворка ідзе пра звесткі уладальнікаў картак з ільготнымі ўмовамі, у JPMorgan Chase — пра маркетынгавую інфармацыю, якая магла ўключаць імёны і электронныя адрасы.
Адказнасць за атакі, паводле дадзеных выдання, узяла на сябе групоўка n0n. Пры гэтым асноўныя сістэмы фінансавых кампаній, як яны сцвярджаюць, не былі ўзламаныя. Маштаб уцечак высвятляецца.
Хакеры атакавалі Visa і Mastercard. Пад пагрозай дадзеныя кліентаў
Што кажуць банкі
У «БСБ Банку» ў каментары Onliner сказалі, што ўцечка плацёжных дадзеных адбылася ў замежнага прадаўца тавараў або паслуг, папулярнага сярод падарожнікаў.
Скампраметаваныя карткі былі тэрмінова заблакіраваныя плацёжнымі сістэмамі дзеля захаванасці грошай кліентаў. Усім уладальнікам скампраметаваных картак банк накіраваў апавяшчэнні. «Віртуальныя карткі ўжо ўсе тэрмінова перавыпушчаныя і актыўныя ў мабільнай аплікацыі кліента. Пластыкавыя карткі ўжо бясплатна дастаўляюцца і ў самы бліжэйшы час будуць дастаўленыя ўсім кліентам «БСБ Банка», чые карткі былі заблакіраваныя плацёжнай сістэмай. Як перавыпуск, так і дастаўка для кліентаў «БСБ Банка» абсалютна бясплатныя», — адзначылі там.
У «Прыорбанку» таксама саслаліся на звесткі пра магчымую кампраметацыю ад Visa і Mastercard. «Каб забяспечыць бяспеку і мінімізаваць рызыку, карткі, інфармацыя якіх раскрылася, былі заблакіраваныя банкам», — сказалі там і заклікалі тых, хто атрымаў апавяшчэнні, бясплатна перавыпусціць картку.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.