Беларусаў з дазволамі на пражыванне ў Польшчы амаль за 4 гады стала больш у 4,5 разы
Пра гэта паведамляе канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic са спасылкай на польскае Упраўленне ў справах замежнікаў.
На 31 мая гэтага года больш за 131 тысячу грамадзян Беларусі мелі дазволы на пражыванне ў Польшчы. Гэта ў 4,5 разы больш, чым у жніўні 2020 года (тады было 28 тысяч).
За гэты год беларусаў, якія маюць дазвол на пражыванне ў Польшчы, стала на 10% больш (на канец мінулага года такія дазволы мелі 119 тысяч грамадзян Беларусі).
Віды дазволаў:
- часовы дазвол на жыхарства — 79 149 чалавек;
- ПМЖ — 41 886 (многія з гэтай катэгорыі атрымалі давзол на жыхарства па польскіх каранях);
- дадатковая абарона — 7495;
- доўгатэрміновы рэзідэнт ЕС — 1331;
- статус бежанца — 670;
- часовая абарона — 629;
- іншыя віды дазволу — 158 чалавек.
У студзені–красавіку 2024 года беларусы атрымалі больш за 20 тысяч дазволаў на жыхарства.
- па працы — 58%;
- іншыя абставіны — 24%;
- уз’яднанне сям'і — 16%;
- па вучобе — 2%.
Таксама за студзень–красавік 2024 года беларусы атрымалі 17 417 станоўчых рашэнняў аб выдачы дазволу на жыхарства (часовы, пастаянны, рэзідэнт ЕС). І за гэты ж перыяд — 2531 адмова, а 640 спраў былі спыненыя.
56% тых, хто атрымаў дазвол на жыхарства ў Польшчы — мужчыны, прычым часцей 18-34 гадоў. Больш за ўсё беларусаў з картай побыту пражывае ў Мазавецкім (48 тысяч) і Падляскім ваяводствах (15 тысяч).
Што тычыцца віз, то ад 10 жніўня 2020 года да 31 мая 2024 года беларусы атрымалі:
- 53 674 гуманітарных віз (C і D);
- 149 731 — PBH.
У справаздачы Упраўлення ў справах замежнікаў гаворыцца, што беларусы — на другім месцы пасля ўкраінцаў сярод прэтэндэнтаў на атрыманне абароны. Польшча рэгіструе каля 62% беларускіх заяў аб абароне, пададзеных у Еўропе.
За 2021–2024 гады грамадзянам Беларусі выдалі 9304 рашэнні з нагоды абароны, у тым ліку 8970 станоўчых (648 па бежанстве і 8322 па дадатковай абароне). Працэнт ухвалення сёлета склаў 97% (раней даходзіў да 99%).
Читать на dev.by