«У асяроддзі беларусаў усе за Трампа». Пагутарылі з айцішнікамі ў ЗША пра настроі пасля выбараў
Дональд Трамп стане 47-м прэзідэнтам ЗША. Мы спыталі беларускіх айцішнікаў, якія жывуць у Амерыцы, што яны і іх асяроддзе думаюць пра абранне палітыка на другі тэрмін — і якое ўвогуле становішча пасля выбараў.
Нам адказалі чытачы са штатаў, якія належаць процілеглым палітычным лагерам, — Тэхаса і Каліфорніі.
«Некаторыя за Трампа праз Маска»
Міхаіл, тэхлід у ІТ-кампаніі ў Тэхасе. Галасаваў за Камалу Харыс, але яе пройгрышам не засмучаны.
— Я ўдзельнічаў у галасаванні. Гэта можна было зрабіць анлайн або поштай, але я спецыяльна пайшоў у наш Белы дом, аналаг выканкама. Народу там хапала. Я паказаў пасведчанне, яго адсканавалі, далі налепку для рэгістрацыі бюлетэня і сказалі засунуць яе ў машыну, падобную да банкамата. Машына выдала мне форму з кандыдатамі аж на чатыры старонкі. Я прагаласаваў за прэзідэнта [свядома] і за кандыдатаў у Сенат і астатніх ужо рандамна. Гэты бюлетэнь я ўсунуў у іншую машыну, яна сказала «дзякуй» і раздрукавала налепку.
Я галасаваў за Камалу Харыс, але ведаў, што пераможа Трамп. Народ тут кажа: «Ну, сядзела яна з Байдэнам, і што памянялася?»
Я ў Тэхасе, а Тэхас амаль увесь за Трампа, дакладней за Рэспубліканскую партыю. А за каго яшчэ? Камала з Байдэнам ужо напрацавалася, вынік — інфляцыя. Прадукты падаражэлі, а заробкі стаяць на месцы ад 2020 года.
У асяроддзі беларусаў таксама ўсе за Трампа. Індыйцы 100% за Трампа (яны да ўсяго яшчэ супраць ЛГБТ). Мой нігерыйскі калега таксама за Трампа. Усе кажуць (прыезджыя таксама), што дэмакраты пусцілі шмат імігрантаў, у выніку працу фіг знойдзеш. Асабліва складана тэсціроўшчыкам: у QA спад, сябар ужо год не можа знайсці працу. Кампаніі імкнуцца пераходзіць на АІ, каманды скарачаць, а для большай эканоміі браць інтэрнаў. Таксама нікому не падабаецца разбазарванне бюджэту, а некаторыя амерыканцы кажуць, што дэмакраты вельмі карумпаваныя.
Некаторыя за Трампа праз Маска. Мне ён [Трамп] не падабаецца, нейкі ён не ў сабе. Але ў прынцыпе я за рэспубліканцаў. Дэмакраты запусцілі ў Тэхас і ў Каліфорнію мільёны мексіканцаў, наркату практычна легалізавалі амаль ва ўсіх штатах (дастаць наогул не праблема), плюс хочуць дазволіць аперацыі па змене полу для дзяцей. Зброю хочуць забараніць! Я супраць!
Так што, хоць я і галасаваў за Камалу, не моцна засмучаны вынікамі выбараў. Тым больш ёсць Кангрэс, Трамп мала што вырашае. Так ёсць хоць нейкая надзея, што новая ўлада зможа спыніць вайну ва Украіне, прыбраць нелегалаў, палепшыць эканоміку.
«Чакаю хаатычную чатырохлетку»
Аляксандра (імя змененае), ІТ-рэкруцёрка, жыве ў Каліфорніі. Расчараваная вынікамі выбараў.
— Я жыву ў Silicon Valley. Сітуацыя ў нас такая ж, як і да выбараў: нічога не памянялася.
Амерыканцы, якіх я ведаю, усе дэмакраты, якія адчуваюць расчараванне. Those around me are expecting doom and gloom.
Большасць маіх прыезджых сяброў і знаёмых, якія так ці інакш звязаныя з ІТ у Каліфорніі, таксама за дэмакратаў. Адныя не чакаюць вялікіх змен і спадзяюцца, што пранясе, іншыя расчараваныя і асцерагаюцца за сябе асабіста (бо імігранты) або за лёс Украіны.
Асабіста я адчуваю расчараванне і чакаю чарговую хаатычную чатырохлетку, я ад гэтага стамілася. Дэмакраты — сумныя і прадказальныя, прывыклі жыць па законах, і мяне гэта задавальняе. Трамп жа — нарцыс, які прагне ўлады, сэксіст, расіст і толькі робіць выгляд, што разумее патрэбы простага народу. Лол.
Мяне хвалюе, што большая частка Амерыкі спачатку намінавала, а потым прагаласавала за такога кандыдата. Я звязваю гэта не толькі з памылкамі дэмакратаў, але і з уплывам сацсетак і рэкламных кампаній: прапаганда за грошы карпарацый і мільярдэраў — таксама прапаганда, і амерыканцы ёй падуладныя, як і іншыя народы.
Не бачу іншага выйсця, акрамя як перастаць спажываць інфу з сацсетак з рэкамендацыйнымі алгарытмамі кантэнту.
«Цікава назіраць, як будзе развівацца заканадаўства ў галіне штучнага інтэлекту ў ЗША»
У якасці бонуса: меркаванне фаўндаркі стартапа. Беларуска, заснавальніца ў Recrucial.talent, Марына Хоміч жыве ў Нідэрландах, аднак эмацыйна ўспрыняла вынікі выбараў у ЗША. Яна прысвяціла ім такі пост у Фэйсбуку:
— Я не хацела, каб Трамп перамог на выбарах. Не тое, каб я падтрымлівала Камалу Харыс, і ў цэлым гляджу на апошнія выбары ў Штатах як на дылему з двума крэсламі. Але я засмуцілася, што перамог Трамп. І ведаю, што ў мяне ёсць сябры ў ЗША, якія таксама не радыя гэтаму.
Мне зусім не падабаецца пазіцыя новавыбранага прэзідэнта ЗША ў адносінах да вайны ва Украіне. На працягу ўсёй перадвыбарчай кампаніі мне здавалася, што Трамп не будзе працягваць аказваць такую ж падтрымку Украіне, як гэта рабіў кабінет Байдэна.
Акрамя таго, што Трамп паводзіць сябе як клоун, я не хачу крытыкаваць выбары ў ЗША і тое, як яны прайшлі. У рэшце рэшт, хто я такая, каб разважаць пра выбары? Я беларуска, і выбары — гэта для мяне балючая тэма, якая выклікае мноства непрыемных і сумных эмоцый.
Але ёсць адная рэч, што цікавіць мяне ў выніку гэтых выбараў, — гэта супрацоўніцтва Маска з кабінетам Трампа.
Я ўпэўненая, што Маск атрымае з гэтага велізарны прыбытак: магчыма, фінансавую падтрымку, а можа, і заканадаўчыя перавагі. У мяне няма ілюзій або нейкіх суперпазітыўных эмоцый адносна асобы Маска, але яго прадпрымальніцкая натура, яго дух першапраходца, эксперыментатара, вынаходніка мне цікавыя. Мне будзе цікава назіраць, як будзе развівацца заканадаўства ў галіне штучнага інтэлекту ў ЗША.
Ці атрымаюць развіццё этычныя пытанні, звязаныя з АІ? Ці адбудзецца штосьці новае ў супрацоўніцтве ў сферы касмічнай індустрыі?
Таму вось гэтыя два аспекты мне сапраўды будзе цікава ўбачыць, бо ўпэўненая, што пасля перамогі Трампа яны атрымаюць моцны імпульс для развіцця.
Читать на dev.by