Беларусы робяць АІ-доктара і хочуць дапамагаць мільярдам. Расказваем аб праекце

У Юрыя Мельнічка ў інвестпартфелі новы стартап, медыцынскі асістэнт Doctorina AI. Збіраецца ахапіць мільярды людзей.

16 каментарыяў

На Product Hunt выходзіць новы стартап беларусаў, бэта-версія медыцынскай платформы Doctorina AI, які працуе на аснове Open AI. Інвестар і натхняльнік праекта — Юрый Мельнічак, сярод кафаўндараў і сяброў каманды — іншыя беларусы. Сузаснавальніца Дар’я Царык расказала, нашто і як каманда робіць Doctorin’у.

Пра фаўндараў

Аўтар ідэі і фаўндар — Юрый Мельнічак, ён сабраў каманду кафаўндараў і праз Melnichek Investments прафінансаваў праект. Іншыя фаўндары:

Дар’я Царык, CEO праекта. Была дырэктаркай пацыенцкай супольнасці, больш за 10 гадоў займалася медыцынскай адвакацыяй, зборам дабрачынных сродкаў на дарагое абсталяванне і прэпараты. 

Ганна Платніцкая, Chief Medical Director. Доктарка-педыятарка, мае вялікі досвед у дабрачыннай медыцыне, кіравала дабрачыннымі клінікамі ў Гватэмале і Нікарагуа. 

Аляксандр Сялецкі, Chief Operating Officer. Эксперт у сферы фінансаў, камплаенсу і карпаратыўных структур, займаўся кансалтынгам у высокарызыкоўных індустрыях. 

Разам з чатырма фаўндарамі ў камандзе дзевяць чалавек. Яны жывуць у розных краінах — Італіі, Германіі, Польшчы, Гватэмале, Беларусі, на Кіпры.

У чым ідэя

Зрабіць медыцынскія кансультацыі даступнымі кожнаму, стварыць паўнавартасную анлайн-клініку без дактароў-«чалавекаў». 

Дар’я Царык:

— Больш за 4 млрд чалавек у свеце не мае доступу да базавых медыцынскіх паслуг, уключаючы першасныя кансультацыі, і ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі афлайн-доступу яны не атрымаюць. Ганна бачыла гэта на свае вочы ў Гватэмале і Нікарагуа, а я бачу цяпер у Германіі. То-бок гэта праблема не толькі бедных краін. Пераехаўшы ў Берлін, я сутыкнулася з бясконцымі чэргамі да дактароў. Незалежна ад наяўнасці страхоўкі чаканне можа доўжыцца тыдні і месяцы, а да вузкіх спецыялістаў — нават паўгода. Рэч не толькі ў бюракратыі, але і ў вострым недахопе дактароў, праз што мільёны людзей застаюцца без своечасовай дапамогі.

Чым адрозніваецца ад ChatGPT

Гэтае пытанне камандзе пастаянна задаюць інвестары і партнёры. Яны адказваюць так: ChatGPT не створаны для медыцынскіх кансультацый, ён не вядзе дыялогу так, каб на аснове некалькіх сімптомаў давесці чалавека да лагічнага заключэння, не задае ўдакладняльных пытанняў, не правярае гіпотэз, не карэктуе кірунку кансультацыі.

Дар’я Царык:

— Калі мы пачалі распрацоўваць Doctorina.com на базе OpenAI, мы, вядома ж, сутыкнуліся з тым, што ChatGPT быў недастаткова надзейным. Але замест таго, каб зрабіць выснову, што LLM не працуюць у медыцыне, мы распрацавалі сістэму ацэнкі якасці ды ітэратыўна паляпшалі нашую мадэль да таго часу, пакуль яна не пачала стабільна пераўзыходзіць дактароў (паводле нашага ўнутранага эвалу, які мы ўжо разглядаем як асобны прадукт). 

Нашыя дактары (яны спецыялісты ў галіне гінекалогіі, анкалогіі, педыятрыі) разам з інжынерамі на аснове тысяч пракрутак кейсаў дамагаюцца таго, каб сістэма апрацоўвала кожны выпадак ідэальна — то-бок ставіла тэставы дыягназ і давала пратакольную рэкамендацыю. Асноўная задача — кантраляваць якасць збору даных, іх аналіз і наступную выдачу рэкамендацый. Мы дасягнулі таго, што мультыагентная эвал-сістэма імітуе медыцынскі дыялог. Сістэма ацэньвае зададзеныя пытанні, пастаўленыя дыягназы, прызначэнні. А дактары ацэньваюць і кантралююць правільнасць ацэнкі.

Ці чытае Doctorina аналізы?

Так. На гэты момант мы апрацоўваем любыя віды лабараторных тэстаў (нават рукапісныя) у pdf, .jpg, .jpeg, .png — пакуль толькі адную старонку за раз, але неўзабаве праапдэйцім. І не толькі тэсты — таксама можам апрацаваць рукапісныя рэцэпты/рэкамендацыі і абмеркаваць іх.

AI-мадэлі раз-пораз галюцынуюць. Што вы з гэтым робіце?

Doctorina яшчэ ні разу не галюцынавала.

Складанасці звязаныя не з памылкамі або галюцынацыямі, а зусім з іншымі рэчамі:

— Карэктнасцю і паўнатой пытанняў — важна, каб сістэма пыталася пра ўсе ключавыя аспекты.

— Паўнатой інфармацыі ад карыстальнікаў — людзі не заўсёды правільна апісваюць сімптомы і анамнез.

— Разуменнем кантэксту карыстальніка: часам важна ўдакладняць дэталі праактыўна.

Вялікія моўныя мадэлі неверагодна карысныя ў медыцыне, але гатовая мадэль «са скрынкі» не дасць адразу ідэальных адказаў. Важны пісьменны падыход: магутная сістэма ацэнкі, пастаянныя ітэрацыі запытаў, мадэляў і ўзаемадзеянняў агентаў. 

Цяпер нашая асноўная задача — глыбокая дэталізацыя рэкамендацый і дапрацоўка ключавых функцый, якія дазволяць ператварыць Doctorina.com у паўнавартасны AI-тэлемедыцынскі сэрвіс. Мы працуем над тым, каб платформа не проста аналізавала сімптомы, але і забяспечвала якасныя медыцынскія рэкамендацыі, інтэгравала неабходныя сэрвісы і станавілася зручным інструментам для карыстальнікаў.

Што з ліцэнзіямі

Medical device ліцэнзію каманда плануе атрымаць у 2026 годзе.  Пакуль яе няма, працуе дысклэймер пра тое, што Doctorina — гэта бэта-прадукт, які не можа замяніць прафесійную медыцынскую кансультацыю або дыягностыку.

Disclaimer

Doctorina is currently in beta testing. It does not replace professional medical advice, diagnosis, or treatment and does not operate under a medical license. Always consult with a licensed healthcare provider for any! medical concerns.

Дар’я Царык:

— Бягучы функцыянал абавязвае нас выконваць заканадаўства па абароне персанальных даных (напрыклад, GDPR і HIPAA). У будучыні мы плануем атрымліваць ліцэнзіі і сертыфікаты, каб стаць паўнавартаснай AI-клінікай. 

Цяпер мы кіруемся стандартнымі дысклэймерамі і ў кожным дыялогу выразна пазначаем, кім мы з’яўляемся і кім не з’яўляемся.

Аднак, назіраючы за тым, што адбываецца ў ЗША, мы разумеем, што ў набліжэйшыя гады — асабліва пры адміністрацыі Трампа і з улікам уплыву Ілана Маска — рэгуляванне ў гэтым дамене можа стаць больш (і нават вельмі) гнуткім. 

Абмежаванні не спрыяюць тэхналагічным рэвалюцыям, і мы бачым, як рынак рухаецца ў бок спрашчэння нарматыўных бар’ераў для АІ-рашэнняў у медыцыне.

І вось тут пытанне не ў тым, ці замяняе Doctorina ды іншыя АІ-прадукты традыцыйных дактароў, а ў тым, што для мільярдаў людзей альтэрнатывы проста няма. Калі ў цябе наогул няма дактароў, то штучны інтэлект, які можа даць хоць нейкі кірунак, ужо лепшы за поўную адсутнасць інфармацыі.


Doctorin’у на закрытым рэлізе пратэсціравалі ўжо 1300 чалавек. Далучыцца да тэсцераў можна тут і тут.

«Пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны». Фаўндарка CactusSoft запусціла ў Даніі стартап — ён вымярае ціск па сэлфі
Па тэме
«Пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны». Фаўндарка CactusSoft запусціла ў Даніі стартап — ён вымярае ціск па сэлфі

Читать на dev.by