«Без майго ведама гэтага не рабіце». Лукашэнка выказаўся пра блакаванне інтэрнэту ў часе выбараў

6 каментарыяў

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў інфармацыю пра блакаванне інтэрнэту ў часе выбараў, паведамляе агенцтва Белта.

— Многія, я чытаю, папісваюць, асабліва нашыя гэтыя ачумелыя за мяжой: «Вось, ён тут перад выбарамі, у выбары хоча закрыць інтэрнэт».

Я пачынаю абзвоньваць адказных асоб, сяброў урада: «Хлопцы, вы, можа, дзесьці чагосьці там языком ляпнулі?» — «Не. Мы не маем права». Я кажу: «Глядзіце, без майго ведама гэтага не рабіце», — сказаў Лукашэнка.

Ён сцвярджае, што ўлады «ніколі не думалі пра гэта».

— Хочаце ў інтэрнэце — сядзіце там. Тым больш 50% інтэрнэту, а можа, і больш, — гэта ж карысць, — дадаў Лукашэнка. 

У лістападзе мінулага года на сустрэчы са студэнтамі ў МДЛУ Лукашэнка прыгразіў поўным адключэннем інтэрнэту ў Беларусі ў часе выбараў у выпадку паўтарэння падзей 2020 года.

У ноч на 10 студзеня ў Беларусі, паводле інфармацыі медыя, тэсціравалі блакаванне інтэрнэту. Карыстальнікі розных правайдараў скардзіліся на праблемы з доступам да YouTube. Таксама былі праблемы з доступам у TikTok і Telegram. Перад гэтым «Белтэлекам» анансаваў планавыя работы на сетцы перадачы даных ад поўначы да 7:30.


Читать на dev.by