Як айцішнікі працуюць па 10+ гадзін, без адпачынкаў і выходных
Праца без выходных і адпачынкаў: для кагосьці пакаранне, а для кагосьці — штодзённасць. Даведаліся, як яно ІТ-спецыялістам, якія вось ужо некалькі гадоў працуюць амаль (або нават цалкам) без выходных і адпачынкаў.
Змест
Interim Manager: 200 працоўных гадзін на месяц, плюс 70-100 — у машыне, адпачынак раз на некалькі гадоў
- лакацыя: Германія
- век: 40 гадоў
- спецыяльнасць: interim manager, ІП
- колькі працуе: 200 гадзін на месяц + 70-100 у дарозе
- у адпачынку ад 2016 года быў 3 разы па 2 тыдні
Трохі пра сябе і свой графік
Я — ІП, на нямецкай мове гэта называецца selbständig: selbst перакладаецца як сам, самастойна, а ständig — пастаянна; і гэта вечная падстава для жартаў, што ўсе ІП працуюць у адзіночку і бесперапынна.
На месяц у мяне выходзіць 200 працоўных (то-бок аплачаных) гадзін, плюс 70-100 у машыне — і гэта ўжо бясплатна. Адпачынак — раз на некалькі гадоў. Ад 2016 года я быў у адпачынку ўсяго тры разы па 2 тыдні, сёлета яшчэ на тыдзень вырвуся. Проста, калі ты не працуеш, ты не зарабляеш — толькі траціш. А аплата ў мяне пагадзінная, хоць і добрая.
Я interim manager — часовы кіраўнік у сферы лагістыкі і ІТ. Калі кампаніі няма кім закрыць вакансію PM, начальніка аддзела сапорту на складзе або кіраўніка лагістычнага аддзела, — клічуць мяне.
З праекта на праект я пераходжу практычна «бясшвова»: адзін завяршаецца — і тут жа наступны. Аднак летась у мяне быў невялікі прастой — у тры тыдні. Я выдаткаваў гэты час на тое, каб атрымаць ліцэнзію трэнера па фітнэсе: хацеў худнець не проста так, а з разуменнем справы. І хто ведае, можа ў будучыні адкрыю свой спартклуб.
Звычайна я з’язджаю ад сваіх сямейнікаў у нядзелю, вяртаюся ў чацвер, у пятніцу працую з дому ад 05:00 да 15:00, а потым — свабода. Сын-падлетак пераймаецца, што мы рэдка бачымся. Але я стараюся раз на пару месяцаў працаваць хаця б тыдзень дома, каб мы размаўлялі вечарамі.
Ці не стамляецеся ад такога графіка?
Не: мне сорак гадоў, у мяне поўна энергіі. Дый калі ж яшчэ працаваць, як не цяпер?
Ці выгаралі?
Так, калі натыкаўся на непераадольнае глупства — напрыклад, калі заказчык рабіў памылку і настойваў на сваёй праваце, прымушаючы мяне рабіць загадзя пазбаўленыя сэнсу крокі. Такая бессэнсоўная праца на знос і з’яўляецца крыніцай стрэсу і выгарання. Але я вельмі хутка навучыўся казаць заказчыкам, што адзінае выйсце для мяне ў гэтым выпадку — звольніцца цягам некалькіх дзён. І ўсе яны (за адным адзіным выключэннем) тут жа згаджаліся зрабіць па-мойму.
У астатнім жа мая праца — па сутнасці маё хобі, я атрымліваю задавальненне ад яе. А праз хобі не выгараюць.
Software Engineer: 10+ гадзін на дзень, 3-4 — у выходныя, без адпачынку паўтара года
- лакацыя: Беларусь (Мінск) / Польшча (Варшава)
- век: 29
- спецыяльнасць: software engineer
- колькі працуе: 10 + гадзін на дзень, 3-4 — у выходныя, + у нядзелю займаецца сваім праектам
- у адпачынку не быў 1,5 года, назапасіў 31 дзень + офы за авертаймы і sick leaves
Працую без выходных, зрэдку выдаюцца дні адпачынку — часцей пазапланава, ніж чакана. За паўтара года назапасіў 31 дзень адпачынку, ёсць і офы за авертаймы, і sick leaves — але скарыстацца імі не магу.
Пазначу: я не лічу, што гэта нармальна — адпачынак з’яўляецца неабходнай умовай прадукцыйнасці, калі яго не будзе, рана ці позна ўзнікнуць праблемы. Але…
У сваю цяперашнюю кампанію я ўладкаваўся на пачатку 2022 года — прыняць офер мяне падштурхнула вайна, якая разгортвалася ва Украіне, і выкліканы ёю крызіс на рынку. І так, варта прызнаць, грошы таксама адыгралі сваю ролю — мне прапанавалі больш, ніж я запытваў.
Нейкі час мая рабочая нагрузка зусім не адпавядала заробку: калі б вы спыталі мяне тады, я б сказаў, што амаль ні за што атрымліваю вялікія (так мне здавалася) грошы. Але затым мяне перавялі на іншы праект — гэта быў легасі з няправільна выбудаваным планам развіцця, — і паставілі перада мной задачу: перакапаць агарод і пасадзіць у ім ружы, як хацеў заказчык.
Ці атрымалася?
Так, я даў рады: мой агарод ператварыўся ў квітнеючы сад. І тады мяне перавялі на іншы праект. Але, як выявілася, нагрузку на першым ніхто і не думаў з мяне здымаць — за тую ж суму ў разліковым лістку я стаў працаваць ужо на двух праектах. А па выходных асвойваў новы складаны дамен — без гэтага на другім праекце было ніяк.
Я сварыўся з начальствам, спрабуючы зменшыць нагрузку, і мне гэта ўдалося — бо на маім баку аўтарытэт, досвед і веданне працэсаў. Цяпер я па-ранейшаму вяду абодва праекты, але на першым толькі кансультую і выступаю як solution-дызайнер, а ў другі занураюся ўсё глыбей.
Скажу шчыра: цяпер я бачу, што зарабляю да смешнага мала, — мая праца каштуе больш. Але калі б ведаць загадзя, што цябе чакае. Дый сітуацыя цяпер ужо больш на маю карысць:
- я вывучыў шмат новага;
- наладзіў тэмп працы, атрымаў, нарэшце, дадатковы час на вывучэнне новага дамена — менеджары пайшлі мне насустрач;
- ёсць перспектыва стаць golden employee на другім праекце: акрамя мяне толькі адзін чалавек тут разумее разлікі;
- думка пра 13-ы заробак грэе душу.
Як пачуваецеся, працуючы ў такім рэжыме?
Даводзіцца прызнаць, што нервы даюць пра сябе ведаць — у мяне бываюць панічныя атакі. Нармальная практыка ноччу прачнуцца і гугліць рашэнне задачы, якой днём не мог зрабіць, або, а 4:00 ночы выкладаць сябру метад, да якога ты дайшоў.
Я магу сядзець у выходны і перамалёўваць дыяграму, якую ўжо склаў у пятніцу. А ў нядзелю, калі нарэшце з’яўляецца час на адпачынак, саджуся за свой праект…
Колькі гадзін на дзень надаяце працы?
У сярэднім я заняты каля 10+ гадзін на дзень, але бліжэй да вечара ўжо не вырашаю інтэлектуальных задач, а працую з дакументамі, раблю нататкі і займаюся падборам рашэнняў. У выходныя таксама працую, але менш (хоць і не заўсёды) — гадзіны 3-4, каб замацаваць або зрабіць тое, чаго не паспеў у працоўны час.
Складаней за ўсіх, пэўна, маёй жонцы: час ад часу яна выцягвае мяне на пікнік (напрыклад, на Viva Braslav) або ў спа, лаецца і прымушае класціся спаць, бо зранку трэба пагуляць з сабакамі.
Фулстэк-распрацоўшчыца: 12 гадзін на дзень, некалькі разоў на месяц па 15-17, без адпачынку 9 гадоў
- лакацыя: Турцыя
- век: 32 гады
- спецыяльнасць: фулстэк-распрацоўшчыца + капірайтарка (цяпер больш рэдактарка і карэктарка) + асабістая памочніца прадпрымальніка
- колькі працуе: 12 гадзін на дзень, зрэдку — 15-17
- у адпачынку не была 9 гадоў
9 гадоў працую без выходных і адпачынкаў. Пачынала як капірайтар, потым яшчэ ўладкавалася асабістым памочнікам да прадпрымальніка.
Калі ў нас з мужам адзін за адным нарадзіліся двое дзяцей, мы вырашылі, што за імі будзе даглядаць ён, так як муж працаваў у пякарні і зарабляў мала — а я на дзвюх працах атрымлівала больш.
На адной з прац мяне павысілі да шэф-рэдактаркі і прапанавалі падпрацоўку менеджарам маркетплэйса. Плюс я скончыла курсы праграмавання — і стала распрацоўшчыцай на аддаленай працы.
Колькі гадзін штодня надаяце працы?
Звычайна я працую па 12 гадзін на дзень, але 2-3 разы на месяц даводзіцца заседжвацца і па 15-17 гадзін, а ўжо потым ісці спаць. Зрэдку бывае, што звальваюцца буйныя заданні на ўсіх трох працах адначасова або на дзвюх з іх. Тады кладуся спаць на 2-3 гадзіны, а потым зноў саджуся за ноўтбук — і так цыклічна, пакуль задача не будзе закрытая. Ратуе змена месца: 6 гадзін працую за камп’ютарным сталом, наступныя некалькі гадзін — у ложку з ноўтбукам або на падваконніку.
У суботы і нядзелі астатні свет адпачывае, таму працы, як правіла, менш.
У гэтыя дні я дарабляю ўсё, што не змясцілася ў графік, а яшчэ складаю план працы на будучы тыдзень і спрабую вярнуцца ў здаровы рэжым сну — устаю па будзільніку і іду ў ложак ва ўмоўныя 23:00 вечара. Але працую па-ранейшаму ўвесь дзень, проста ў паслабленым рэжыме.
Часам праходжу нейкія курсы або ўдзельнічаю ў вэбінарах — самаадукацыі ніхто не скасоўваў. Ніводны з трох працадаўцаў не патрабуе, каб я была анлайн «ад такой да такой гадзіны» — гэта вельмі зручна. Ідэальны працоўны дзень, калі тэрміны не гараць, пачынаецца, а 10:00 раніцы і заканчваецца, а 2:00 ночы. Я сава, і мне лепш працуецца начамі, але дазваляю сабе такую раскошу нячаста — каб сям’я не бачыла мяне днём выключна спячай.
Ці бываюць перапынкі ў вашай працы?
Свядома я іх не раблю, перапынкі заўсёды вымушаныя: дзіця просіць паглядзець, што ён намаляваў — адцягнуся хвілін на 10, муж падышоў абняць-пацалаваць — сыходжу ад камп’ютара на паўгадзіны, каб надаць яму ўвагу. Сыходзяць гуляць — дапамагу сабрацца. Калі стамляюцца вочы, вару каву і іду на балкон на 15 хвілін — і так 2-3 разы на дзень. Ем за камп’ютарам. Пару разоў на тыдзень ранкамі магу гадзіну надаць трэніроўцы (у залу не хаджу — займаюся па відэа на YouTube). У суме на працягу дня я адцягваюся прыкладна на 1,5 гадзіны.
Удакладню: калі я патрэбная сям'і на ўвесь дзень (напрыклад, дзень нараджэння ў мужа аюо ў дзіцяці, дзённы пералёт у іншую краіну), я працую ноччу — даводзіцца суткі не спаць.
Чым кампенсуецца такая праца?
Тым, што нам удалося пераехаць у Турцыю. У нас кватэра з відам на мора, дзяцей запісалі ў добрую анлайн-школу… Атрымалася нават назбіраць на маленькі бізнэс. У планах — кінуць першую і другую працу і прысвяціць сябе ІТ (і прадпрымальніцтву), у ідэале пачаць інвеставаць.
Сям’я заўсёды побач. Сыну цяпер 8 гадоў, дачцэ — 7, і яны ведаюць, што большасць людзей ранкамі едзе ў офісы, і радыя, што маме не даводзіцца сыходзіць на ўвесь дзень. Часам я дапамагаю дзецям з урокамі, мы размаўляем у тым ліку па-англійску. Пару разоў на месяц выдараюцца 2-3 вольныя гадзіны на сумеснае прыгатаванне пірага.
Як мяркуеце, ці хапае дзецям вашай увагі?
Недахопу ўвагі мае дзеці не адчуваюць: паўдня яны гуляюць з татам на гульнявых пляцоўках, размаўляюць з іншымі дзецьмі — сацыялізуюцца.
Дзякуючы таму, што ў школьнай праграме ёсць такі прадмет, як «фінансавая пісьменнасць», дзеці ўжо ведаюць, што такое праца, ашчаджанні, крэдыты. Так што яны разумеюць, чаму маму няможна часта адцягваць — мне нават не даводзіцца замыкацца ў пакоі.
Думаю, калі б раней я працавала афлайн, а потым перайшла на аддаленую працу, растлумачыць дзецям той факт, што праца дома — гэта таксама праца, было б складаней. Але так як яны ад самага нараджэння бачаць мяне за камп’ютарам, яны лічаць, што так і мае быць. Яны вольныя ад стэрэатыпаў, у іх няма перадузятасці, што працаваць у сям'і мае мужчына, і абодва разумеюць, што хатнія справы — таксама праца.
Працу сваю я люблю. Расстройвае толькі тое, што не хапае часу на чытанне — я кнігалюб.
Ці не стамляецеся ад такога жыцця?
Мне падабаецца, калі я магу ад і да распланаваць свой дзень. Таму, калі перада мной нечакана ставяць тэрміновую задачу, я штораз адчуваю пачуццё стомленасці і жаданне «сысці ў афлайн» на тыдзень. Ніколі так не рабіла, але часам хочацца.
Яшчэ задумваюся пра тое, што стамілася, калі спяшаюся закрыць усе задачы, рыхтуюся скончыць працу, а мяне просяць яшчэ нешта «хуценька зрабіць». Злуюся, маўляў, навошта спяшалася, калі ўсё роўна нават гадзіны вольнага часу выштукаваць не атрымалася.
Калі праца ідзе ціха-роўна, я пра стомленасць не задумваюся — замест гэтага імкнуся матываваць сябе, планаваць будучыню, радаваць сям’ю пакупкамі. Гэта зараджае мяне энергіяй.
Ці сутыкаліся калі-небудзь з выгараннем?
Толькі аднойчы. На першай працы мне даручылі наняць двух памочнікаў на вялікі праект і адправілі буйную суму грошай, каб я ім заплаціла. Я палічыла, што спраўлюся сама, а начальству сказала, што памочнікаў наняла. Нават завяла два лішнія акаўнты і працавала з трох акаўнтаў адначасова, быццам нас трое. Праект быў паспяхова выкананы, бюджэт я «выплаціла» самой сабе, але гэта каштавала мне бяссонных начэй і некалькіх нервовых зрываў.
Цяпер перапрацоўкі для мяне — звычайная рэч, але стараюся так сябе не заганяць. Пазбегнуць стомленасці дапамагае прыгожы від з балкона, любімы кубак для кавы, размовы перад сном з мужам і мары. Часам трэба перапыніцца, супакоіцца, выйсці з кавай на балкон і паглядзець на людзей, як яны мітусяцца, размаўляюць, сумуюць і радуюцца. Тады згадваеш, навошта наогул столькі працуеш, да чаго імкнешся, і чаму важна забяспечваць сям’ю.
Чэк-ліст ад айцішніка, які выгараў і вырашыў працаваць ад 7:00 да 15:00
- лакацыя: Польшча
- век: 29 гадоў
- спецыяльнасць: цімлід
- колькі працаваў у рэжыме нон-стоп: 21 месяц па графіку «сон — праца — сон», цяпер — ад 7:00 і да 15:00
- у адпачынак хадзіў, але траціў яго на закрыццё працоўных задач са сціснутымі тэрмінамі
З чаго ўсё пачалося?
З performance review, на якім мяне папіналі за тое, што трэба было б больш працаваць — «развівацца, расці…» Так і сказалі: «У вольны час таксама трэба працаваць». І я стаў працаваць больш.
Потым прыйшла пандэмія — усіх перавялі на аддаленую працу. У маёй камандзе былі розныя людзі:
- хтосьці задаваў пытанні, ужо пачынаючы ад 7:00 раніцы;
- а хтосьці ставіў сазвоны на 24:00 ночы;
- некаторыя ўвесь час тузалі днём.
Я ўключаўся па любой чужой пстрычцы. 21 месяц маё жыццё ішло па замкнёным коле: сон — праца — сон, і больш нічога. Я браў адпачынкі, але яны сыходзілі на закрыццё працоўных задач са сціснутымі тэрмінамі.
Вырвацца з гэтага заганнага круга не атрымлівалася?
Усяго толькі раз — калі злёг на 3 тыдні з каронай. І гэта самы прыемны мой успамін пра той час!
Выгаралі?
Вядома! Кожную раніцу я ўставаў з ложка з думкай, што раблю гэта не таму, што хачу прыступіць да працы, а праз страх, што калі сёння застануся ляжаць, то заўтра лежачы памру. Калі я адцягваўся хоць на імгненне ад працы, у галаве гучаў голас: «А чаму проста цяпер ты не працуеш?» «Твая праца яшчэ не скончаная — не час адпачываць», «Праца чакае»…
Я вельмі-вельмі стаміўся. У нейкі момант узнікла думка: «Няможна страляцца ў доме — бо будзе складана адмыць столь і прадаць кватэру».
І тады я ўзяў за правіла: працую ад 7:00 да 15:00 — і канец. Не важна, што ў цябе нешта не кампілюецца, не збіраецца, ці то ты проста цяпер знайшоў геніяльнае рашэнне, ці то стаіш у дэбагу — твой працоўны дзень на сёння завершаны.
Ці атрымліваецца прытрымлівацца новага графіка?
Так, цяпер магу пачаць свой працоўны дзень, а 5:00 або, наадварот, прыступіць да працы, а 12:00, але роўна, а 15:00 я ўсё кідаю.
Аўралы, калі даводзіцца затрымацца на гадзіну-другую, здараюцца — можна часам паавертайміць. Але не часцей за адзін раз на 2 тыдні. Калі трэба «ўключацца» ў гэта ўвесь час, я — пас. Сам сябе пытаюся тады: «Хіба цяпер гэта ўжо твой бізнэс?» — адмоўна качаю галавой, закрываю ноўт і іду ў душ, заварваю сабе гарбаты, іду на шпацыр.
Я распрацаваў для сябе правілы:
- Задай сабе пытанне: а ці варта так старанна працаваць? Ці такая значная аплата за перапрацоўкі і твой досвед?
- Паспрабуй зразумець, ці магчыма, што тваё імкненне працаваць звыш меры абумоўленае нейкімі іншымі прычынамі, напрыклад, асабістымі праблемамі.
- Паразмаўляй з кім-небудзь з кіраўнікоў, хто працуе менш, чым яны лепшыя.
- Дыхай глыбей, бывае і горш.
- Сацсеткі і відэахостынгі адкрывай не даўжэй як на 3 хвіліны 1 раз на дзень, — інакш будзеш «збягаць» туды.
- Калі хочацца адпачыць — кладзіся і ляжы, нічога больш не рабі. Наогул нічога! Не слухай музыкі, не глядзі відэа — проста ляжы як мёртвы.
- Запішыся на прыём да тэрапеўта і прайдзі ўсе даследаванні, што ён прызначыць, наведай усіх спецыялістаў, да якіх накіруе. А яшчэ схадзі да стаматолага.
- У працоўных кодэксах раней былі прапісаныя «тэхнічныя перапынкі». Пачні іх рабіць — па 5 хвілін кожную гадзіну. Чым ты горшы за кіроўцаў?
- Як кажуць коўчы, «будзь у моманце» — проста ясі, пі, глядзі ў акно, без гаджатаў, без аўдыя- або відэа-суправаджэння…
- Выключы ўсе апавяшчэнні на працоўным кампе і тэлефоне. Нават у працоўны час. Ты і так часта правяраеш слак і аўтлук.
- Будзь сумленным з сабой: парады накшталт «Схадзі ў адпачынак!» нікому яшчэ не дапамаглі. Гэтая сумесь хардворкінгу з гіперадказнасцю — твой ахоўны механізм, які заўсёды ўключаецца на працы. І каб яго выключыць, прыйдзецца памяняць сваё жыццё, — а пасля адпачынку ён уключыцца ўжо праз тыдзень. Але ты можаш узяць адпачынак, каб абдумаць правілы, па якіх пачнеш жыць нанова.
Каментар эксперта: «Чым больш патрэбаў закрывае праца, тым больш ахвотна мы вылучаем на яе час»
Спыталіся ў кансультанта па псіхалогіі камандных працэсаў Дзяніса Іскорцава, да чаго прыводзіць праца без адпачынкаў і выходных — ці ёсць наступствы для псіхікі.
— Нельга вывесці агульнае правіла, якое абвяшчала б, што праца без адпачынкаў і выходных — гэта дрэнна.
Адпачынак і выходныя — толькі некаторыя са спосабаў рэгуляваць пераключэнне паміж расходаваннем унутраных рэсурсаў на працу і іх аднаўленнем. Можна арганізаваць сабе рэжым, адрозны ад «стандарту» 2 адпачынкі па 14 дзён на год і 2 выходныя на тыдзень. Свабодны графік, праектная праца з этапамі аўралу і паслаблення, сезонная загрузка, доўгія выходныя, сабатыкал, праца падчас падарожжаў — усё гэта стварае іншы рытм працы і адпачынку, які таксама можа дазваляць падтрымліваць баланс рэсурсаў.
Таксама праца — адзін з відаў дзейнасці, якімі мы напаўняем сваё жыццё, каб закрываць нашыя ўнутраныя патрэбы. І чым больш патрэбаў закрывае менавіта праца, тым з большай ахвотай мы вылучаем на яе час. Згадаем піраміду Маслаў: калі акрамя грошай, неабходных для закрыцця базавых патрэбаў у ежы, бяспецы, жытле, мы атрымліваем на працы магчымасці для рэалізацыі патрэбаў у прыналежнасці (быць прынятым, часткай калектыву), у павазе (прызнанні кампетэнтнасці, дасягненняў, поспехаў), у пазнанні (ведаць, умець, даследаваць), у эстэтыцы (гармоніі, парадку) і самаактуалізацыі (дасягненні сваіх мэтаў і развіцці асобы), то такой працай хочацца займацца значна даўжэй за ўмоўныя 1850 працоўных гадзін на год.
Такім чынам: калі рэсурсы фізічныя і псіхічныя падтрымліваюцца ў норме, патрэбы рэалізуюцца, то праца без стандартных адпачынкаў і выходных да праблем не прывядзе. Што і прадэманстравалі аўтары некаторых гісторый.
А вось калі праз працу адбываецца дысбаланс у выдаткоўванні сіл і патрэбы застаюцца незакрытымі, тады так, можна сутыкнуцца з непрыемнымі наступствамі, напрыклад, з выгараннем.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by